Эксперты параўноўваюць сітуацыю з 1980-мі гадамі. Цэны на нафту падаюць восьмы тыдзень запар. Даўжэйшае падзенне фіксавалася толькі ў 1986 годзе. Тады цэны на нафту адкаціліся прыкладна з 30 даляраў да 10. І трымаліся на адносна нізкім узроўні 4 гады. Вынікам такога стану сыравіннага рынку тады сталі тэктанічныя геапалітычныя працэсы. Савецкі Саюз, фактычна, збанкрутаваў і разваліўся.

Цяперашняе падзенне адрозніваецца да тагачаснага тым, што ўзровень цэнаў усё ж нашмат вышэйшы.

Уранку ў пятніцу цана бараля нафты Брэнт апусцілася да $46,06. Цана амерыканскага сорту WTI знізілася да $40,21, паведамляюць сусветныя інфармацыйныя агенцтвы. Гэта найніжэйшы ад 2009 года ўзровень. Тады цэны на сыравіну ўпалі праз сусветны фінансавы і эканамічны крызіс, які знізіў попыт. Цяпер прычына іншая — развіццё новых тэхналогій павысіла здабычу вуглевадародаў, а энергаашчаджэнне прывяло да зніжэння вытрат.

Саудаўская Аравія магла б знізіць прапанову нафты на рынку, але чамусьці не хоча. Астатнія гульцы — Расія, Венесуэла, Іран — не могуць сабе дазволіць зніжэнне аб'ёмаў здабычы, бо абмежаваныя ў сродках. Не змяншаецца прапанова нафты й газу і ў ЗША. Кампаніі імкнуцца акупіць сродкі, інвеставаныя ў сланцавыя нафту і газ і не адмаўляюцца ад свідравін, нават калі прыбытак ад іх знізіўся.

У выніку выйграюць краіны, залежныя ад імпарту нафты і газу. Ажывіліся эканомікі Нямеччыны, Францыі, Іспаніі. Кітай і ЗША нарасцілі запасы нафты да рэкордных.

У той жа час расійская эканоміка працягвае падзенне, а расійскі рубель падбіраецца да 70 за даляр.

Падае і беларуская эканоміка, цалкам прывязаная да расійскай і залежная ад перапрацоўкі субсідыяваных расійскіх нафты і газу. Учора на таргах беларускі рубель падабраўся да 16500 за даляр — абсалютны лідар абясцэньвання ў Еўропе як за перыяд 2010—2015, так і за перыяд 2000—2015. А разам з рублём і заробкі апусціліся на ўзровень 2009 года — таго самага, на ўзровень якога апусціліся цэны на нафту. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?