Судом Кастрычніцкага раёна Магілёва пастаноўлены прыгавор у дачыненні да 30-гадовай мясцовай жыхаркі, якая мае на ўтрыманні трох малалетніх дзяцей. Да затрымання жанчына знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіця, раней не была судзімая. Яна абвінавачвалася ў замаху на наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства) (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 139 КК). 

Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Сяргей Мінаў, у студзені 2015 года абвінавачваная, знаходзячыся ў кватэры, дзе яна пражывала сумесна са сваім братам, пасля сумеснага распівання з ім спіртных напояў падчас сваркі наўмысна, з мэтай пазбаўлення жыцця, нанесла брату два ўдары нажом у спіну і шыю, прычыніўшы пацярпеламу цяжкія цялесныя пашкоджанні. 

Брат здолеў выхапіць у яе нож і выкінуў яго ў адкрытыя дзверы на вуліцу. Пасля гэтага яму была своечасова аказаная кваліфікаваная медыцынская дапамога. 

Падчас папярэдняга следства і ў судзе жанчына віну прызнала часткова, указаўшы, што забіваць брата не хацела, а нанесла яму два ўдары нажом з-за сваркі, бо лічыла, што ён скраў у яе грошы. 

За ўчыненае злачынства суд прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. 

З прыгаворам абвінавачваная не пагадзілася, абскардзіўшы яго ў Магілёўскі абласны суд. Пастановай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда прыгавор пакінуты без змянення, скарга абвінавачванай — без задавальнення. 

Прыгавор суда Кастрычніцкага раёна Магілёва набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?