Ты стаіш сярод жоўтага мора сланечнікаў, а перад табой шумяць хвалі Чорнага мора. Або ты стаіш на паланіне хрыбта, абапал цябе дзве даліны, стаіць густы дух поўнага кветак ніколі не кошанага лугу.

Пасля ты сядзіш за столікам у цёмным дворыку сераднявечнай камяніцы ў Львове, пахне кавай і штрудзелем.

Нічога такога ў нас у Беларусі няма, усё гэта можна перажыць ва Украіне.

Мы праехалі Украіну з поўначы на поўдзень. Пабылі на моры ў Затоцы, у Адэсе, Львове, Карпатах і Кіеве.

Тры тыдні падарожжа каштавалі нам на траіх столькі, колькі каштуюць два тыдні ў Турцыі ці Грэцыі на аднаго.

Пляж. Затока. Вечар.

Пляж. Затока. Вечар.

Мы змаглі сабе дазволіць незвычайныя кулінарныя ўражанні.

  Клубнічны махіта ў спёку. 

Клубнічны махіта ў спёку. 

Падзенне грыўні зрабіла цэны ва Украіне прыемна нізкімі для беларусаў. А адсутнасць турыстаў з Расіі вымушае ўкраінскую сферу сэрвісу змагацца за кліентаў.

Я ўжо не кажу, што надзвычай цікава для беларуса назіраць за палітычнымі працэсамі ва Украіне і людзьмі непасрэдна. Украінская нацыя ўступіла ў перыяд інтэнсіўнага фарміравання. Нацыянальная свядомасць на нашых вачах распаўсюджваецца на поўдзень і ўсход Украіны. Гісторыя творыцца на нашых вачах.

У мінусе — неабходнасць падарожнічаць цягніком ці самалётам. Украінскія дарогі настолькі кепскія, што шкада машыны.

А зараз падрабязней пра гэта і іншае.

Аўтар з сынам у стэпе каля раздарожжа. 

Аўтар з сынам у стэпе каля раздарожжа. 

Цягнікі

Білеты на цягнік ва Украіне нашмат таннейшыя, чым калі купляць з Беларусі.

Да прыкладу, калі купэ на беларускі фірмовы цягнік да Кіева каштуе 1,1 млн, а купэ Мінск—Адэса — 1,6 млн, то купэ ці сядзячы інтэрсіці ад Кіева да Адэсы будзе каштаваць усяго 170—220 тысяч рублёў,

прычым існуюць дзіцячыя білеты для дзяцей да 14 гадоў (дакументы правяраюць і ў касах, і праваднікі).

Таму многія беларусы бяруць білеты да найбліжэйшай украінскай станцыі, а стуль запасаюцца квіткамі на ўнутрыўкраінскія цягнікі. Дапусцім, мае сябры з Берасця купляюць квіткі на цягнік Ковель—Адэса, а да Ковеля дабіраюцца прыгараднымі цягнікамі праз Хаціслаў.

Майце на ўвазе, што білеты на папулярныя кірункі разбіраюць, і на сёння-заўтра застаюцца толькі верхнія ці бакавыя месцы ў цягніках з найменш зручным раскладам.

Мусіце ўлічваць, што ступень камфорту ва ўкраінскіх паяздах меншая, чым у беларускіх. Мыла, як правіла, няма нават у купэйных вагонах, а кандыцыянерам з’яўляецца акно, што на піку гарачыні стварае некамфорт.

Ва Украіне цягнікі спазняюцца часцей, чым у Беларусі. Беларусам трэба ўлічваць гэта пры планаванні падарожжаў з перасадкамі.

Але ў цэлым украінская чыгунка функцыянуе спраўна.

У Адэсе цягнікі праважаюць рамантычнай песняй Леаніда Уцёсава «Ля Чорнага мора»…

Аўтобусы

Усюдыісныя «Эталоны» і «Багданы» ездзяць як прыгараднымі маршрутамі, так і між гарадамі. Большасць людзей бярэ білеты непасрэдна ў кіроўцаў, так украінская дзяржава і застаецца з голым задам, гэта значыць, без падаткаў.

Майце на ўвазе, што, у адрозненне ад Беларусі, у маршруткі і аўтобусы бяруць усіх ахвотных, а не па колькасці сядзячых месцаў, таму паездкі гарантуюць цесны кантакт з мясцовым насельніцтвам.

На Паланіне.

На Паланіне.

Ідэальнае месца для «таннага турызму»…

500-грамовая бялюткая — там вы спазнаеце, што такое сапраўды белы хлеб! — хала ці калач каштуюць на нашы грошы 4200 рублёў.

Малако, масла, іншыя базавыя малочныя прадукты — на працэнтаў 50 таннейшыя, чым у Беларусі.

Адэса — стары дом. 

Адэса — стары дом. 

Кілбасы, мяса — на працэнтаў 50 таннейшыя таксама. Праезд у трамваях, метро таннейшы, чым у нас. Як і цягнікі, і хостэлы (ад 5 даляраў за ноч), гатэлі. Можна падарожнічаць і пры гэтым траціць менш грошай, чым за той жа час разышлося б у Беларусі.

…І для багатых

Тут мы на сваім досведзе не спраўджвалі, але гэткіх месцаў таксама не бракуе.

У Букавелі на самай гары стаіць пяцізоркавы «Рэдысан» з апартаментамі аж да 600 даляраў за ноч.

У Адэсе дзейнічае адзіны ў свеце пяцізоркавы гатэль з дэльфінарыем «Нэма». Яго пастаяльцы могуць плаваць у басейне з дэльфінамі або ў іншым басейне, на даху, з відам на мора.

Адзіны ў свеце гатэль, дзе можна паплаваць у басейне з дэльфінамі — пяцізоркавы «Нема» з дэльфінарыем у Адэсе каля пляжу Ланжэрон.

Адзіны ў свеце гатэль, дзе можна паплаваць у басейне з дэльфінамі — пяцізоркавы «Нема» з дэльфінарыем у Адэсе каля пляжу Ланжэрон.

У Львове старанна адноўленыя гатэлі аўстра-венгерскага часу, са сваёй атмасферай.

У Карпатах прыватнікі паўзводзілі гатэлі спа, з басейнамі, салянымі пакоямі і працэдурамі.

Кіеў

Графіці ў Кіеве — Еўрапейская плошча.

Графіці ў Кіеве — Еўрапейская плошча.

Сталіца Украіны — горад з вялікім мінулым. У горадзе вялікае метро (канечне пабачце станцыю «Залатыя вароты» з шыкоўнымі мазаікамі, стылізаванымі пад старакіеўскія), шмат славутых цэркваў і манастыроў.

І ўся культурная інфраструктура сталіцы — ад Оперы да заапарка.

І дарослыя, і дзеці з заміраннем сэрца дакранаюцца да памятак Майдану — жывой гісторыі.

На партрэце Жызнеўскага на імправізаваным мемарыяле на вуліцы Герояў Нябеснай Сотні — беларускія бел-чырвона-белыя стужачкі.

На партрэце Жызнеўскага на імправізаваным мемарыяле на вуліцы Герояў Нябеснай Сотні — беларускія бел-чырвона-белыя стужачкі.

Чырвона-зялёныя стужкі на вулічным помнічку героям Майдану.

Чырвона-зялёныя стужкі на вулічным помнічку героям Майдану.

Посіпакі

Папулярныя ў дзяцей міньёны ідуць ва ўкраінскім перакладзе як «посіпакі», што значыць прыхвасні. А яшчэ на ўкраінскім тэлебачанні было шмат рэкламы «Людыны-мурахі» — Чалавека-мураша. Ва Украіне дзясяткі ўкраінскамоўных тэлеканалаў, на ўкраінскую дублююцца і кінафільмы — радасць на роднай мове, недаступная для беларускіх дзяцей.

Дзецям вельмі падабаецца і запамінаецца паход ва ўкраінскамоўны кінатэатр.

Культура

Ва Украіне беларусам шмат што па кішэні. Дзіцячы білет у даволі багаты, у парку размешчаны кіеўскі заапарк каштуе на нашы грошы 16 тысяч.

Дарослы білет у дэльфінарый у Адэсе ў адкрытым басейне — 160 тысяч.

Сямейны білет у Нацыянальны гістарычны музей Кіева з яго захапляльнай калекцыяй трыпольскіх старажытнасцей і спазнаваўчай дыярамай Княжага Кіева — 40 тысяч. Дарэчы, у апошнім ёсць і залы, прысвечаныя перыяду савецкага таталітарызму.

У Львове ж да распаўсюджвання ведаў падыходзяць яшчэ сучасней: інфарматыўныя стэнды на розныя тэмы расстаўленыя проста на вуліцах горада.

У Львове ж да распаўсюджвання ведаў падыходзяць яшчэ сучасней: інфарматыўныя стэнды на розныя тэмы расстаўленыя проста на вуліцах горада.

Аналагічныя беларускія заапаркі і музеі нашмат слабейшыя, ва Украіне ў гэтым сэнсе захоўваецца культурная традыцыя.

Есці

Месцаў паесці нашмат больш, чым у Беларусі. Абсалютна неапраўдана браць яду з сабой. У нас у Беларусі гэта часам неабходнасць. Можна прыехаць на Браславы, і там не будзе ніводнай адкрытай кавярні ў радыусе 50 кіламетраў. Ва Украіне такога не бывае. Ёсць месцы на ўсякі густ і кашалёк.

Цэны ў кавярнях

Наесціся ў смачных кавярнях самаабслугоўвання тыпу нашага «Лідо» можна за 2—3 даляры. Назвы такіх украінскіх сетак — «Пузата хата», «Украінскія стравы» ды іншыя.

Украінскі боршч там — 9000 за порцыю, варэнікі — 13 тысяч, маладая бульба з вялікім стэйкам — 35 тысяч.

За тыя самыя 2—3 даляры можна паесці ў дробных кавярнях і сталоўках у курортных гарадах.

Марожанае ў прыбярэжнай кавярні ў Затоцы.

Марожанае ў прыбярэжнай кавярні ў Затоцы.

За 5—6 даляраў можна паабедаць ці павячэраць у добрых рэстарацыях са сваім стылем.

За 10—12 даляраў — у шыкоўных тэматычных месцах з асаблівай кухняй і атмасферай, якіх у Беларусі — адзінкі.

Пузата хата

З сетак хуткага харчавання нам найбольш спадабалася «Пузата хата». Там ніколі не сутыкаліся з нясвежымі стравамі, і шмат дыетычнага — ад паранай гародніны да печанага ласося.

Дарэчы, яе ўласнік хадзіў добраахвотнікам на фронт бараніць сваю краіну.

Асабістыя кулінарныя адкрыцці

Уразілі купленыя пад Адэсай надднястроўскія ўкраінскія віны Шабо — чырвонае кабэрнэ і белае шарданэ. Але з бутэлек, фірмовыя, а не на разліў.

На разліў проста на вуліцах прадаюць кісляціну, хатняй работы — на аматара, па 22—25 тысяч за літр.

Але ўжо Шабо, купленае ў бутэльцы ў Кіеве, было нядобрым, не вытрыманым і без водару — зусім не такім, якое мы пілі пад Адэсай.

Бограч

Густы, тлусты закарпацкі суп са скваркамі розных відаў шынкі й тлустага мяса. Летам ён зацяжкі, але ўвосень і ўзімку пойдзе выдатна.

Бограч — гэта венгерскі гуляш па-закарпацку.

Бограч — гэта венгерскі гуляш па-закарпацку.

Банаш

Банаш — кукурузная каша з брынзай і скваркамі.

Банаш — кукурузная каша з брынзай і скваркамі.

Гэта карпацкі від мамалыгі. З брынзай гэта проста асалода, але прасіце, каб вам не закрашвалі «бужанымі», г.зн. вэнджанымі скваркамі. Яны ні да чаго. Вымаўляецца па-ўкраінску «бАнош», з націскам на першы склад.

Брынза

У прыватнікаў у Карпатах брынза дасканалая, аматары сыроў ацэняць.

Наша малаказаводская брынза і блізка з ёй не стаяла.

Авечую брынзу знайсці практычна немагчыма, толькі каровіну.

Стронга

У беларускую мову фарэль увайшла яшчэ пад запазычанай з польскай мовы формай «стронга». Па-галіцку ж стронгу называюць у неспаланізаванай форме: «струг».

Знайсці мясцовую, карпацкую фарэль складана, але яна сустракаецца. Ёсць нават месцы, дзе можна парыбачыць і на месцы вылаўленую рыбу вам запякуць. Такія азёры ёсць, у тым ліку, у Букавелі.

Фантастычная садавіна

На поўдні, у тым ліку ў Адэсе, шыкоўная мясцовая садавіна — персікі, абрыкосы па 15 тысяч за кілаграм, фантастычна салодкія памідоры па 6—12 тысяч, нішто сабе дынькі па 12 тысяч.

Боршч

Боршч тут добры ўсюды, у сталоўках, праўда, пусты, а ў рэстарацыях — з найсвяжэйшымі часнычнымі пампушкамі і добрым мясам.

Елі амаль штодня, і ні разу не расчараваліся.

«У Ангелавых»

З салідарнасці пайшлі мы і ў адэскую кавярню на вуліцы Жукоўскага, якую нядаўна падарвалі прарасійскія тэрарысты. Тут арганізоўвалі дапамогу ўкраінскім вайскоўцам. Пасля гэтага аднойчы пад дзвярыма знайшлі тры кілаграмы тратылу. Другі раз уначы прагучаў выбух — разнесла тамбур.

Цяпер тут пільнуюць два сонныя хлопцы з Самаабароны. Ім сёй-той на месцы ахвяруе грошы — калі хоча, каб яны трапілі наўпрост да патрыятычных актывістаў, без пасярэднікаў.

Каля кавярні дзень і ноч вартуюць актывісты «Самаабароны».

Каля кавярні дзень і ноч вартуюць актывісты «Самаабароны».

Кавярня сямейная — яе заснавалі дзве сястры. Іх мужы займаюцца забеспячэннем, дочкі працуюць афіцыянткамі. Усё вельмі па-сямейнаму. Балгарская сям’я, якая ўсяляк падтрымала Еўрамайдан.

Цэны тут высокія: іх апраўдвае ўзровень кухні.

Дэсерты ад Ангелавых удзельнічалі ў еўрапейскіх чэмпіянатах.

Дэсерты ад Ангелавых удзельнічалі ў еўрапейскіх чэмпіянатах.

Качка (можна на выбар ножку або грудку) са свежымі ягадамі (можна на выбар з апельсінам) каштуе тут каля 105 тысяч у пераліку на беларускія грошы, але яна лепшая за падобную, скажам, у мінскім «Гранд кафэ». Акрамя шакаладнага і кававага тортаў, эклераў, сырных пірагоў тут пякуць і ўласныя безэ.

Цюцька Ангелавых просіць кавалак качкі.

Цюцька Ангелавых просіць кавалак качкі.

І, вядома, ёсць у меню і ідэальны боршч.

З наведнікамі гаворыць папугай, а сабака лашчыцца пад сталом, каб вы кінулі яму кавалачак.

Павел Шарамет пісаў, што ў Адэсе кавярні вылучаюцца добрай кухняй, тады як у Львове, дапусцім, для рэстаратараў важны яшчэ і інтэр’ер, атмасфера.

Фрэска каля рэстарана «Чача», што на Лермантаўскай побач з беларускім консульствам.

Фрэска каля рэстарана «Чача», што на Лермантаўскай побач з беларускім консульствам.

Дарогі ва Украіне

Гэта мама дарагая.

Ідэальныя яны толькі ў месцы жыхарства багатых чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Ехаць праз Украіну на машыне можна, але ўлічвайце, што хуткасць перасоўвання будзе нашмат ніжэйшай, чым у Беларусі, бо прыйдзецца пільнаваць ямы, аб’язджаць іх, нават на трасах міждзяржаўнага значэння.

Нават траса Кіеў — Адэса месцамі разбітая, і кіроўцы лавіруюць між выбоінамі.

Глыбіня ямак такая, што можна ўраз выбіць сабе падвеску.

Абмежаванні хуткасці ў гарадах ва Украіне масава парушаюць.

Бензін

Украінскія кіроўцы на бензін таксама наракаюць.

На рэспектабельных запраўках вісяць шыльдачкі, адкуль паліва: 98-ы з Мажэйкаў (Літва), 95-ы з Румыніі, дызель — з беларускага Мазыра.

Гэта моладасць вывозяць

Б’юць у вока бясконцыя эшалоны з лесам-кругляком. З Беларусі вывозіць кругляк забаронена, улады патрабуюць перапрацоўваць яго на месцы, што правільна. А страявы карпацкі лес гоняць на экспарт такі які.

Успамінаецца верш Танка: «Гляджу і гляджу з-пад рукі, Як моладасць нашу вывозяць».

Масава выязджае з Украіны і моладзь. Гэта сапраўдны праклён нашага часу: адток мазгоў з нашых краін — у свабодныя грамадствы Захаду.

Палі

Шмат незасеянага, асабліва вакол вёсак, дзе зямлю падзялілі між гаспадарамі. Балюча бачыць баршчавік на чарназёмах. Але шмат і дагледжаных палёў: пшаніца, залатыя сланечнікі да далягляду. Відаць, гэта залежыць ад наяўнасці мэнэджара-лідара і рэнтабельнасці вытворчасці ў тых ці іншых раёнах.

Відаць, гэта таксама добры рэгулятар, бо ў мінулым годзе Украіна, як і Беларусь, сабрала рэкордны ўраджай збожжа.

Мода на беларускае

Яна ёсць!

Апафеоз яе — паўсюднае марожанае пад беларускамоўным брэндам «Белая бяроза» і яго рэкламны слоган: «Марозіва з беларускага масла!».

Рэкламу «Белай бярозы» знойдзеш нават у самых глухіх закутках.

Рэкламу «Белай бярозы» знойдзеш нават у самых глухіх закутках.

Усе ўкраінцы ведаюць, што ў Беларусі добрыя дарогі і якасныя прадукты.

Украінцы таксама ўдзячныя за пазіцыю, якую Беларусь заняла адносна спробы Расіі захапіць Данбас. Пастаўкі беларускага паліва ў 2014 былі крытычна важнымі для ўкраінскай арміі.

 Піва «Мінскае Жыгулёўскае» ў вясковай краме. Але пытанне, ці яно сапраўды такое ўжо мінскае…

 Піва «Мінскае Жыгулёўскае» ў вясковай краме. Але пытанне, ці яно сапраўды такое ўжо мінскае…

Вельмі папулярныя ва Украіне Ляпісы, Міхалок, Brutto. Іх тут ведае кожны, як і БАТЭ.

Вось неафіцыйны кліп, зроблены ўкраінцамі на песню Brutto «Гары»:

Збор сродкаў на ўкраінскую армію ці для ахвяраў Данбаса

Сродкі збіраюць усюды — у крамах, кавярнях, музеях. На аптэчкі для байцоў, на лекаванне параненых. Гэта агульнанацыянальная справа. Цяжка сказаць, што з тых грошай даходзіць да людзей у патрэбе.

Ва Украіне і ўжывую скрозь сутыкаешся з вайскоўцамі, іх сем’ямі — многія з іх жывуць небагата, якім тут можна ахвяраваць грошы непасрэдна.

Мабілізаваныя ёсць у кожным населеным пункце.

Толькі што ўкраінцы не хочуць называць гэта вайной, упарта называюць «АТО» — антытэрарыстычная аперацыя. Ніхто не хоча вайны…

На захадзе Украіны патрыятызм усеагульны. На поўдні патрыятычныя сем’і і бізнэсы пазнаеш па нацыянальных сцягах і атрыбутыцы каля дамоў і гатэляў.

Януковіч і ягоныя прыспешнікі цяпер вісяць у кожным горадзе на шыльдах «Іх вышуквае міліцыя».

Януковіч і ягоныя прыспешнікі цяпер вісяць у кожным горадзе на шыльдах «Іх вышуквае міліцыя».

А ёсць небяспека тэрактаў?

Буйных тэрактаў яшчэ не было. Падкладаюць і падрываюць гранаты і міны збольшага невялікія і па начах. Паведамленні пра гэта прыходзяць, аднак

людзі ва Украіне не жывуць з пачуццем трывогі. Ніякага «чырвонага ўзроўню небяспекі» тут няма. У метро, у адрозненне ад мінскага, ніхто не правярае вялікіх торбаў. Ніякіх металадэтэктараў перад шматлюднымі зборышчамі не праходзяць. У гатэлях ніхто не правярае пашпартоў. Мабільныя сімкі таксама прадаюць без пашпарта, у адрозненне ад Беларусі.

У Беларусі правадніцам і кіроўцам строга забаронена прымаць перадачы — у мэтах бяспекі. А ва Украіне нават афіцыйная такса за гэта існуе.

У Беларусі правадніцам і кіроўцам строга забаронена прымаць перадачы — у мэтах бяспекі. А ва Украіне нават афіцыйная такса за гэта існуе.

Нібы Украіна не ваюе і нібы няма магутных суседзяў, зацікаўленых у яе дэстабілізацыі. Спачатку гэта напружвала, пасля і мы прасякнуліся тыпова ўкраінскай нязмушанасцю і бесклапотнасцю.

Украінцы не парацца. Таму тут і Майдан перамог. Але таму ж гэтая багатая зямля пакуль застаецца беднай.

Карупцыя ў вярхах ці карупцыя ў нізах?

Канечне, першапрычына ўкраінскай руіны — у тых нафтавых і газавых схемах, на якіх нажываўся дзясятак кланаў. Але ў мяне ўзнікла пытанне, што лягчэй выкараніць, карупцыю зверху, дзе досыць некалькіх валявых рашэнняў, ці сыход ад падаткаабкладання ў нізах, калі плацяжы масава — у гатэлях, таксі, крамках — не праводзяць праз касавыя апараты.

Між уладай і грамадствам ва Украіне заключаны сацыяльны кантракт: мы заплюшчваем вочы на тое, што крадзеце вы, а вы заплюшчваеце вочы на тое, што крадзем мы.

Бядуюць ад такога кантракта тыя, каму красці няма як, няма чаго або сумленне не дазваляе. Яны і былі рухальнай сілай украінскіх рэвалюцый.

Вынікамі другой большасць ізноў расчараваная. «Майдан ізноў здрадзілі, зз паўтара года нічога не памянялася», чулі мы і пад Адэсай, і ў Кіеве.

Чырвона-чорныя

А пасіянарная заходняя Украіна працягвае спеліць нацыянальную ідэю. Нацыяналістычныя сілы тут набіраюць сілу. Раней такога не было — цяпер народ масава вешае чырвона-чорныя сцягі колішняй Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Украінскай паўстанцкай арміі. Яны на машынах — часам на дабітых «Жыгулях» і УАЗах, на крамах. І нават на некаторых сельсаветах, дзе рэй вядуць нацыяналісты.

Мясцовая атракцыя — перакулены дом у вёсцы Паляніца ў Карпатах. І на ім таксама — чырвона-чорны сцяг.

Мясцовая атракцыя — перакулены дом у вёсцы Паляніца ў Карпатах. І на ім таксама — чырвона-чорны сцяг.

Так, ва Украіне рэальна выбіраюць, у тым ліку сельсаветы, і народ рэальна разбіраецца ў палітыцы.

Праўда, гэта ўсё яшчэ «грамадства тэлебачання», якое часта мяняе куміраў.

Народны Фронт, які набраў на апошніх выбарах у Вярхоўную Раду большасць галасоў, на сёння не прайшоў бы ў парламент.

Парашэнку па-ранейшаму пераважна давяраюць. Ізноў выраслі рэйтынгі «Бацькаўшчыны» Юліі Цімашэнкі.

Ёсць падтрымка і ў ваяўнічага «Правага сектара». Хлопцы рэальна ваявалі, патрыятычны электарат тое ацаніў.

Кіраванасць

Насуперак пашыранаму стэрэатыпу, украінскае грамадства застаецца кіраваным. Пэўны дзяржаўны курс праводзіцца, імпульсы ад Кіева да вёсак даходзяць. Хоць гэта і не беларуская строга вертыкальная, карпаратывісцкая структура з яе падпарадкаваннем і дысцыплінай. Гэта больш складанага характару адносіны, дзе ўзаемаўлічваюцца магчымасці і інтарэсы розных груп, цэнтральных і мясцовых.

Мы былі ўражаныя ўбачыць у бібліятэцы глухой вёскі ў Адэскай вобласці інсталяцыю, прысвечаную Героям Майдану. Такія сама стаяць на цэнтральных плошчах многіх гарадоў.

Інсталяцыя памяці Герояў Майдану ў глухой вясковай бібліятэцы Адэскай вобласці.

Інсталяцыя памяці Герояў Майдану ў глухой вясковай бібліятэцы Адэскай вобласці.

Дзейнасць украінскай улады стапарыцца там, дзе патрэбныя вялікія інвестыцыі. Напрыклад, у дарогі. Грошай няма.

Беларусь прадалася Расіі, і Масква ёй шчодра плаціць за гэта. За тыя субсідыі рамантуюцца трасы, дворнікі мятуць вуліцы, а варта правярае валізы на ўваходах у метро. Ва ўкраінскай дзяржавы грошай на гэта няма.

Хочацца спадзявацца, што структуры, якія выраслі знізу, а не зверху, акажуцца жыццяздольнымі і моцнымі ў каранях.

Затока

Найбольшы курорт пад Адэсай, што расцягнуўся на 30 кіламетраў уздоўж пясчанай касы паміж морам і ліманам Днястра. Трохі нагадвае ўмовы Куршскай касы (Літва) і Хэльскай касы (Польшча).

Але па касе ў Затоцы праходзіць скразная транзітная аўтадарога, а да таго ж яшчэ аўтэнтычны паўднёвы балаган робіць умовы адпачынку спецыфічнымі.

Пакоі з выгодамі каштуюць ад 10 даляраў за ноч (без вай-фая і тэлевізара).

Старыя турбазы часам перабываюць у стане поўнага развалу, таму лепей на свае вочы бачыць тое, што аплачваеш. На фота: афіцыйна гэта ўсё яшчэ называецца «Санаторый «Затока».

Старыя турбазы часам перабываюць у стане поўнага развалу, таму лепей на свае вочы бачыць тое, што аплачваеш. На фота: афіцыйна гэта ўсё яшчэ называецца «Санаторый «Затока».

Гатэль з трохзоркавым камфортам будзе каштаваць каля 25—30 даляраў з чалавека.

Бяззоркавая гасцініца «Сонечная». З унутранага двара выходзіш адразу на пляж. Практычна ўсе гатэлі месцяцца на «першай лініі» ад мора, бо Затока — гэта вузкая палоска сушы.

Бяззоркавая гасцініца «Сонечная». З унутранага двара выходзіш адразу на пляж. Практычна ўсе гатэлі месцяцца на «першай лініі» ад мора, бо Затока — гэта вузкая палоска сушы.

Купацца ў моры камфортна ад чэрвеня да верасня. У ліпені і жніўні вада стабільна цяплейшая за 22 градусы. У гэтым адрозненне ад Балтыкі, дзе толькі ў ліпені—жніўні вада праграецца да 17—20 градусаў.

Вада на пляжах Затокі цяплейшая, чым у Адэсе, за кошт таго, што тут няма халодных плыняў, якія мы выразна адчулі, напрыклад, на адэскім Ланжэроне.

Пляжы пясчаныя. У вадзе сустракаюцца мядузы.

Мора — заўжды мора. Але нам не дужа пашчасціла. У вадзе было шмат водарасцяў. У штыль яны асядалі, але пасля ветраных дзён у вадзе немагчыма было купацца. Яшчэ ў чэрвені такога, кажуць сябры, не было. Магчыма, на колькасць водарасцяў паўплывала рана цёплая вясна гэтага года.

Людзей у Затоцы выразна меней, чым у Адэсе, таўкатня на пляжах толькі каля вялікіх гатэляў. Ёсць дзе разбегацца.

Людзей у Затоцы выразна меней, чым у Адэсе, таўкатня на пляжах толькі каля вялікіх гатэляў. Ёсць дзе разбегацца.

Рэстаранчыкаў і вулічнай ежы шмат.

Побач з Затокай знаходзіцца старажытны горад Белгарад-Днястроўскі (заснаваны старадаўнімі грэкамі як Ціра; пад уладай Малдавіі — Чэтаця-Альба; пры турках — Ак-Керман).

Даезд да яго на маршрутцы ці прыгарадным цягніку каштуе капейкі, на таксі — каля 7 даляраў.

Белгарад-Днястроўскі

Заснаваны ён быў як грэчаская калонія. Пасля захопу гунамі заняпаў. Адрадзіўся як крэпасць славянскага племені ціверцаў, што засялялі міжрэчча Дуная, Днястра і Паўднёвага Буга.

Белгарад-Днястроўскі, або Акерман — найбольшая са старых крэпасцей Украіны.

Белгарад-Днястроўскі, або Акерман — найбольшая са старых крэпасцей Украіны.

Вялізная крэпасць была тут разбудаваная малдоўскім гаспадаром Штэфанам Вялікім, які наіўна спадзяваўся выстаяць супраць туркаў. Яе ўдала рэстаўравалі румыны ў часе, калі Бесарабія ўваходзіла ў склад Румыніі (1918—1940).

Цікава палазіць па замкавых мурах і вежах. Нягледзячы на шыльдачкі «забаронена», ніхто за выкананнем забаронаў ва Украіне не сочыць.

Цікава палазіць па замкавых мурах і вежах. Нягледзячы на шыльдачкі «забаронена», ніхто за выкананнем забаронаў ва Украіне не сочыць.

Найлепш знайсці з сабой добрага гіда-энтузіяста, бо веды мясцовых экскурсаводаў абмяжоўваюцца вікіпедыяй.

Пейзаж у стэпе. Адэская вобласць. Беларус адчувае сябе ў стэпе некамфортна — няма дзе схавацца ад сонца. Нават тыя дрэўцы, што ёсць, больш нагадваюць міражы, чым сапраўдныя дрэвы ў іх беларускім разуменні. Іх рэдкія кроны амаль не даюць ценю.

Пейзаж у стэпе. Адэская вобласць. Беларус адчувае сябе ў стэпе некамфортна — няма дзе схавацца ад сонца. Нават тыя дрэўцы, што ёсць, больш нагадваюць міражы, чым сапраўдныя дрэвы ў іх беларускім разуменні. Іх рэдкія кроны амаль не даюць ценю.

Сэлфі ў стэпе. Плюс 35.

Сэлфі ў стэпе. Плюс 35.

Уваход у лёх на колішняй сядзібе нямецкіх каланістаў. Сяло Цэбрыкава Адэскай вобласці.

Уваход у лёх на колішняй сядзібе нямецкіх каланістаў. Сяло Цэбрыкава Адэскай вобласці.

Патрыятызм

Украінская мова чуецца даволі часта нават у Адэсе. Часта сустракаюцца хлопцы ў кашульках з нацыянальнай сімволікай ці надпісамі «Мы жывём на сваёй, Богам данай зямлі». Шмат дзе вывешаны нацыянальныя сцягі. А як сляды дзяржаўнай кампаніі, у жоўта-блакітнае пафарбаваныя коміны, платы і масты.

На вуліцы Канатнай, што непадалёку ад помніка Шаўчэнку, месціцца сядзіба «Самаабароны» ў Адэсе — ваенізаванага фарміравання нацыянальнага характару, якое адыграла галоўную ролю ў зрыве спробы расійскіх спецслужбаў стварыць «Адэскую Народную Рэспубліку» ў 2014-м. На ўваходзе ў будынак Самаабароны стаіць варта, двор шчыльна ахоўваецца, але ўсё адно каля яго адбылося некалькі тэрактаў.

Прарасійскія настроі — у меншасці. Большасць у Адэсе звязвае надзеі з новым губернатарам Міхаілам Саакашвілі. «Хоть бы нам не лег грех на душу, хоть бы наша мафия его не убила», — сказала нам інтэлігентная бабулька ў музеі.

У хаце жыве патрыятычная сям’я, стаўбы побач памалявалі ў нацыянальныя колеры. Сяло Цэбрыкава, Адэская вобласць.

У хаце жыве патрыятычная сям’я, стаўбы побач памалявалі ў нацыянальныя колеры. Сяло Цэбрыкава, Адэская вобласць.

Адэса

Адэса — запамінальны горад з дагледжаным гістарычным цэнтрам. Яна будавалася як вітрына Расійскай імперыі на поўдні, для якой імператары не шкадавалі падатковых ільгот.

Адэса. Опера.

Адэса. Опера.

Адэса настройвае на вясёлы лад. Каля знакамітай Оперы.

Адэса настройвае на вясёлы лад. Каля знакамітай Оперы.

Пасля захопу Буджака Расія найперш выселіла стуль мясцовае татарскае насельніцтва, таму ўсё мясцовае жыхарства прышлае і, па гістарычных мерках, нядаўняе.

Вось удумайцеся: насельнікі Беларусі, у большасці сваёй, жывуць тут ужо як мінімум паўтары тысячы гадоў, пазней у нас ніколі не было такіх міграцый, якія б утваралі новую большасць.

А на поўдні Украіны ўсё інакш.

Ад заснавання Адэса засялілася самым стракатым насельніцтвам: расійскія чыноўнікі, украінскія сяляне, шматлікія яўрэі, малдаване, перасяленцы з Албаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, грэкі, татары. Гэтая сумесь і стварыла каларытную, хамаватую і разбітную адэскую «народнасць».

Горад вылучаецца архітэктурай, портам, пляжамі і рэльефам. У Адэсе цікавыя музеі, багатае культурнае жыццё і шмат каларытных кавярань і рэстаранаў.

Абсалютна закінутая вуліца каля цэнтра Адэсы. Занядбаныя дамы з прытонамі, пры выглядзе якой успамінаеш п’есу «На дне».

Абсалютна закінутая вуліца каля цэнтра Адэсы. Занядбаныя дамы з прытонамі, пры выглядзе якой успамінаеш п’есу «На дне».

Узор новага дома, упісанага ў старыя кварталы.

Узор новага дома, упісанага ў старыя кварталы.

Адэскі археалагічны музей

Найстарэйшы музей Украіны валодае шыкоўнай калецыяй антычнасцей Прычарнамор’я з Ольвіі і Ціры, а таксама экспанатаў трыпольскай культуры.

Перыядычна ў музеі адмыкаюць таксама «Залатую камору» з багатай нумізматычнай калекцыяй, у якой ёсць золата скіфаў і манеты Аляксандра Македонскага.

Трыпольская культура

І Археалагічны музей Адэсы, і Гістарычны музей Кіева маюць выдатныя калекцыі артэфактаў той загадкавай культуры VI—III тысячагоддзяў да нашай эры. Гэта тое, чаго нідзе больш не пабачыш.

І гэта сапраўды загадка. У той час у Еўропе іншай культуры такога ўзроўню не было. Грэкі дасягнулі чагосьці падобнага толькі праз тысячы гадоў. Трыпольцы будавалі вялікія паселішчы, але таямнічым чынам перыядычна і, відаць, рытуальна, спальвалі іх і пераходзілі на новыя месцы.

Яны рабілі керамічныя макеты сваіх будучых дамоў і свяцілішчаў. І ляпілі дзівосныя парныя рытуальныя сасуды – у навуцы іх называюць біноклепадобнымі. 

Земляробы-трыпольцы жылі на тэрыторыі Правабярэжнай Украіны і Румынскай Малдовы, пакуль іх не заваявалі плямёны жывёлаводаў, што жылі ўсходней ад іх, з нашмат менш вытанчанай культурай.

Золата скіфаў

Раскошнае нагруддзе вагой два кілаграмы цяпер зберагаецца ў скарбніцы Кіева-Пячорскай лаўры.

Але нават у некаторых рэгіянальных музеях поўдня Украіны можна бачыць цудоўныя ювелірныя вырабы скіфскага перыяду.

Адзін з унікальных і загадкавых экспанатаў з Залатой каморы Адэскага археалагічнага музея. Скіфскі перыяд.

Адзін з унікальных і загадкавых экспанатаў з Залатой каморы Адэскага археалагічнага музея. Скіфскі перыяд.

Шаўковіца

Шаўковіца расце ва Украіне проста на вуліцах. Яе плады трохі інтэнсіўным колерам і нейтральным смакам нагадваюць ажыны.

Борошно і «Валынцы»

Бедненька жыве ўкраінская глыбінка. Найперш людзі скардзяцца на платную медыцыну. Каб зрабіць аперацыю, плаці! У прадуктовай краме ў цэнтры вёскі Цэбрыкава (90 км ад Адэсы) ёсць усё, што і ў магазінах Белкаапсаюза, але прадаюць таксама мяхамі на 25 кг «борошно» — гэта мука па-ўкраінску. У Беларусі такога не сустрэнеш ужо.

Дапатопныя «Валынцы» вырабу Луцкага аўтазавода яшчэ сустракаюцца на дарогах. У вялікай колькасці ездзяць таксама савецкага часу «Жыгулі», «ЗІЛы» і «КрАЗы». Мы бачылі адзін такі з жоўта-блакітным і чырвона-чорным сцяжкамі над кабінай. Кіроўцу было гадоў пад 70.

Проста каля дарогі насупраць царквы пасвіцца чорная кароткая свіння з парасятамі.

Проста каля дарогі насупраць царквы пасвіцца чорная кароткая свіння з парасятамі.

Асартымент вясковай крамы ў глухой вёсцы Адэскай вобласці.

Асартымент вясковай крамы ў глухой вёсцы Адэскай вобласці.

А вось сядзібы ўкраінскіх патрыётаў, якія мы сустрэлі ў Цэбрыкаве, — заможныя, гаспадарскія. Дагледжаныя дамы, каля якіх узнятыя ўкраінскія сцягі, а слупы памаляваныя ў нацыянальныя колеры.

Адпачынак у Карпатах спадабаўся вельмі

Горная дарога. Панарама. 

Горная дарога. Панарама. 

Адпачынак у гарах, вядома, залежыць ад надвор’я. Нам з пагодай пашчасціла.

Галоўная асалода — хадзіць у горы. Нізкія Карпаты даступныя звычайнаму чалавеку, не альпіністу. Тым не менш, у дождж, а тым больш у навальніцу ў горы не пойдзеш, асабліва з дзецьмі.

Над абрывам на гары. Кеды набытыя на мясцовым рыначку за 14 даляраў.

Над абрывам на гары. Кеды набытыя на мясцовым рыначку за 14 даляраў.

Вялікай і нечаканай асалодай было купанне ў Пруце. Мы і не думалі, што горная рака можа быць такой цёплай.

Аказваецца, у сонечныя дні камяні моцна грэюцца, а ад іх — і хуткая вада. Падлеткаў з бухты проста не выцягнуць. Уявіце: злева — адвесная скала. Ззаду — чыгуначны мост і тунэль, у які ўязджаюць цацачныя мясцовыя цягнічкі. За перакатам Прут удараецца ў скалу і завяртае. Ніжэй за перакат вада вымыла глыбокую бухту.

Вада найчысцейшая, з горных крыніц, дзівосна мяккая, не сушыць скуры. На перакаце між камянямі — прыродны гідрамасаж, магутныя струмені між камянямі зносяць з цябе плаўкі, і немагчыма ўтрымацца ад смеху.

Плаванне ў горным Пруце.

Плаванне ў горным Пруце.

За пару соцень метраў вышэй б’е крыніца мінеральнай вады. Яна смярдзючая, з серавадародам, такую ў жыцці не забудзеш.

Дактары кажуць, што яна добрая для ачышчэння арганізма ад радыенуклідаў.

Змярканне. Цягнік уязджае ў горны тунэль.

Змярканне. Цягнік уязджае ў горны тунэль.

Горны дух

Невысокія маляўнічыя горы даюць ідэальныя магчымасці для пешых паходаў летам і горных лыжаў зімой. Самыя прыгожыя яны ўвесну і ўвосені, калі буйства барваў.

Падвясны мост над Прутам, абвешаны жоўта-блакітнымі стужкамі.

Падвясны мост над Прутам, абвешаны жоўта-блакітнымі стужкамі.

Самая высокая гара Карпат — Гавэрла, 2067 метраў. З усіх турыстычных гарадкоў на Гавэрлу мікрааўтобусамі возяць экскурсіі, разлічаныя на прыезд уранку, пешы паход на вяршыню і вяртанне ўвечары. Каштуе такая паездка каля 120 тысяч рублёў на беларускія грошы (7 даляраў) з чалавека.

Скалы Доўбуша ў Ярэмчы.

Скалы Доўбуша ў Ярэмчы.

Ярэмча

Адзін з самых папулярных курортаў Карпат, у горнай цясніне на рэчцы Прут. Жыве тут каля 8 тысяч чалавек. 

Найлепшы від на горад адкрываецца з гары Макавіцы, да якой вядзе спачатку так званая сцежка Доўбуша, а пасля пешы маршрут. Браць гіда не варта, вы ўсё знойдзеце самі.

Тыповыя для Ярэмчы хаты — з тэрасамі.

Гэта дыктуецца кліматам. Тут частыя дажджы. На тэрасе пад дахам можна і пасушыць нешта. Такое рабілі ў Беларусі ў свірнах.

Таксама запамінаюцца вострыя стажкі і характэрныя азяроды, без якіх тут цяжка высушыць сена.

Чучала мядзведзя на рынку ў Ярэмчы прадаецца за 2000 даляраў.

Чучала мядзведзя на рынку ў Ярэмчы прадаецца за 2000 даляраў.

Прут і Чарамош

Дзве горныя рэчкі ў Карпатах. На Пруце і яго прытоках ёсць некалькі прыгожых вадаспадаў. Трохі павальнейшы Чарамош — ідэальны маршрут для рафтынгу.

Дачы Юшчанкі і Клічко

Месцяцца побач у прыселку Ярэмчы, які называецца Ямна, па дарозе на вадаспад Гук. Там, у горнай катлавіне, нават у летнюю спёку захоўваецца холад. Гэта такі тэмпературны феномен горных «звораў» — вузкіх цяснін.

Вадаспад Гук.

Вадаспад Гук.

«Я піду в далэкі горы»

«Я піду в далэкі горы На высокі полоныны І попрошу вітру зворів, Абы він нэ спав до дныны», — як спяваецца ў гэтай прыгожай песні ўкраінскага кампазітара-самародка 1960-х Уладзіміра Івасюка.

Івасюковы мясціны — гэта Чарнаўцы, Букавіна і Львоў.

Івасюк трагічна загінуў, а гэтую ягоную песню найладней заспявала Квітка Цісык. Паслухайце тут на відэа:

На вакзале на лавачцы тэалагічныя спрэчкі

Чалавек, які стаў бамжом, ён парушае волю Божую ці не?

Ён кажа: не, раз ён бомж, значыць, на тое воля Божая.

Яна пярэчыць: парушае! Бог хоча, каб чалавек пражыў жыццё годна, а чалавек грашыць, калі апускаецца.

Мы чакалі дызеля ў Ярэмчы, а побач з намі — украінцы. Гэта яны вялі між сабой тэалагічныя спрэчкі. Абодва бакі на памяць зачытвалі ў сваю падтрымку радкі з Бібліі.

У духу кальвіністаў выказваўся немясцовы мужчына, і сам бамжаватага выгляду, у затаптаных ззаду сандалях. У тыповым духу грэка-каталікоў — немаладая жанчына, яе падтрымліваў бацька, чысценькі дзядок гадоў васьмідзесяці пяці.

Мужчына-фаталіст сярод спрэчкі раптам працытаваў па-беларуску прымаўку «Чужую бяду рукамі развяду»…

Вельмі цікава нам назіраць за людзьмі на Заходняй Украіне — яны свядомыя. У іх развітае і палітычнае, і нацыянальнае мысленне.

У малюсенькім уніяцкім манастыры Святога Іллі ў Ярэмчы новую царкву ставяць па ўсіх правілах драўлянай карпацкай архітэктуры, без адзінага цвіка, і крыюць дранкай. Заўважце: на крыжы ручнік, вышыты выключна чорнымі ніткамі. У Беларусі такія бытавалі толькі на частцы Палесся.

У малюсенькім уніяцкім манастыры Святога Іллі ў Ярэмчы новую царкву ставяць па ўсіх правілах драўлянай карпацкай архітэктуры, без адзінага цвіка, і крыюць дранкай. Заўважце: на крыжы ручнік, вышыты выключна чорнымі ніткамі. У Беларусі такія бытавалі толькі на частцы Палесся.

Уніяцкі манах у Ярэмчы.

Уніяцкі манах у Ярэмчы.

Свядомыя

Цётачка на рэцэпцыі ў гатэльчыку расказвае, як яна ездзіла аўтобусам назіральніцай на выбары ў Горлаўку. І як яе ўразіў кантраст, што ў Данбасе каля дарог някошана, садочкаў няма. І прыводзіць эпізод з успамінаў мітрапаліта Шаптыцкага, як той, у сваю чаргу, цытаваў Бялінскага наконт украінцаў і расейцаў.

Такая прыгожая вышытая блузачка ў Карпатах каштуе каля 10 даляраў.

Такая прыгожая вышытая блузачка ў Карпатах каштуе каля 10 даляраў.

Трава

У Ярэмчы падворкі і ўзбоччы пакошаныя, як і ў Беларусі.

На рынку прадаюць украінскія торбачкі з лямцу. За майкамі вісяць тыповыя гуцульскія кілімы.  

На рынку прадаюць украінскія торбачкі з лямцу. За майкамі вісяць тыповыя гуцульскія кілімы.

Сардэчнасць і сумленнасць

характарызуюць гуцулаў. У гэтым сэнсе ў Карпатах адчуваеш сябе чалавекам, і сярод сваіх. Пад Адэсай жа сэрвіс нярэдка хамскі.

Капліца з бярозавым крыжом ля сцежкі на гары Макавіцы. 

Капліца з бярозавым крыжом ля сцежкі на гары Макавіцы. 

Прыватна

У вёсцы Мікулічын чызбургеры — з сапраўднымі катлетамі! Іх гатуюць у цябе на вачах. І гэта толькі малы прыклад таго, як разваротліва дзейнічае прыватны бізнэс. Тут жа маленькі бровар жывога піва — гаспадар працаваў у Чэхіі і прывёз адтуль абсталяванне.

У прыватным доме на першым паверсе — прадуктовая крамка. Перад домам — каплічка, упрыгожаная ручнікамі.

У прыватным доме на першым паверсе — прадуктовая крамка. Перад домам — каплічка, упрыгожаная ручнікамі.

У суседнім прыватным доме — пракат ровараў. 

У суседнім прыватным доме — пракат ровараў. 

Букавель

З размахам будуецца гэты горны курорт на мяжы Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцей. Па словах гіда, па агульнай даўжыні пад’ёмнікаў гэта другі ў Еўропе гарналыжны цэнтр.

Букавель заклалі ўсяго гадоў 15 назад, а ўжо цяпер тут дзясяткі трас розных ступеняў складанасці і сотні гатэляў малых і вялікіх.

Яшчэ два дзесяцігоддзі таму вёска Паляніца была самай глухой у гэтай даліне. Тут нават не было калгаса ў савецкі час — амаль не было палёў, толькі паша на паланінах. А цяпер гуцулы прадаюць свае соткі часам па паўмільёна даляраў за надзел. Співаюцца пры гэтым адзінкі, традыцыя трымае.

У вёсцы за грамадскія грошы паставілі царкву ў гуцульскім стылі, школу з басейнам. Але дарога застаецца разбітай.

Каменяры чэшуць карпацкі камень для будоўлі.

Каменяры чэшуць карпацкі камень для будоўлі.

Па-гуцульску

Для мяне была асалода чуць гуцульскі дыялект. Ён захаваўся ідэальна. І фанэтыка, і лексіка. Дзеці на ім гавораць.

Гэта не проста «мова звычкі», гэта яшчэ і «мова прынцыпу». Яны прынцыпова гавораць па-ўкраінску да ўсіх. І таму прыезды ў Карпаты робяцца вялікім нацыяналізуючым момантам для ўсходніх украінцаў. Пры мне кіеўцы і марыупальцы тут пераходзілі на ўкраінскую мову.

Карпацкі ляжнік — коўдра з грубай авечай воўны — каштуе каля 30 даляраў. Сапраўдная аўтэнтыка. 

Карпацкі ляжнік — коўдра з грубай авечай воўны — каштуе каля 30 даляраў. Сапраўдная аўтэнтыка. 

Закарпацце

Аўтамабілі марудна паўзуць па разбітай дарозе на Ябланецкі перавал. А за ім чакае блокпост. Улады Закарпацця спрабуюць спыніць плынь кантрабанды і пашыхтаваць мясцовыя ўзброеныя кланы. На блокпосце транспарт правяраюць і мытнікі, і міліцыя, і вайскоўцы.

На Ябланіцкім перавале, як і скрозь у турыстычных мясцінах Карпат, прадаюць сувеніры. Шырспажыў — майкі, фенечкі, талеркі — тут у 2—3 разы таннейшы, чым на Андрэеўскім узвозе ў Кіеве.

На Ябланіцкім перавале, як і скрозь у турыстычных мясцінах Карпат, прадаюць сувеніры. Шырспажыў — майкі, фенечкі, талеркі — тут у 2—3 разы таннейшы, чым на Андрэеўскім узвозе ў Кіеве.

На перавале стаіць помнік 14 стральцам Карпацкай Украіны. Гэта ў 1938 годзе, калі нацысты расчлянілі Чэхаславаччыну, актывісты спрабавалі стварыць у Закарпацці незалежную рэспубліку, каб яна стала ўкраінскім П’емонтам. Але гэта не ўваходзіла ў планы гітлерцаў, і венгерскія войскі хутка прыдушылі незалежнікаў.

Крыж пастаўлены ўкраінскім генералам за часоў Кучмы.

Крыж пастаўлены ўкраінскім генералам за часоў Кучмы.

Ахвотныя пачытаць пра той гістарычны эпізод могуць пашукаць у інтэрнэце пра кіраўніка паўстання Аўгусціна Валошына.

За перавалам змяняецца выгляд жытла — пачынаюцца хаты, абабітыя дранкай-мазаікай. Закарпацце выразна бяднейшае за курортныя Ярэмчу і Букавель.

У Закарпацце людзі едуць на крыніцы мінеральнай вады. Але ў вёсцы Квасы яны сёлета праз сушу амаль перасохлі. Жарало з жалезістай вадой спынілася, а з вадой тыпу Арзні ледзь бруіцца, і людзі стаяць у чарзе гадзіну. Можна заняць чаргу і тым часам паабедаць у карчме побач. Або без чаргі залезці пад ваду ў суседнім Труфанецкім вадаспадзе.

На гары зеўрае аканіцамі астоў дома адпачынку, які будавалі для савецкага Зорнага гарадка…

Львоў

Нефармальная сталіца Заходняй Украіны, горад, дзе ўкраінская мова абсалютна пануе. Вялікая частка горада была забудавана пры Аўстра-Венгрыі, і аўстрыйскія традыцыі тут вельмі адчувальныя.

Львоў, Опера. Насуперак легендзе, яе архітэктар не сканчаў жыцця самагубствам ад таго, што яна прасядала.

Львоў, Опера. Насуперак легендзе, яе архітэктар не сканчаў жыцця самагубствам ад таго, што яна прасядала.

Аб прыездзе ў Львоў не пашкадуеце.

Львоў — горад з непаўторнай атмасферай.

Львоў — горад з непаўторнай атмасферай.

Беларускамоўныя экскурсаводы Львова

Іх некалькі. Нам горад паказваў Андрэй Кусій. Спадабалася. Беларускую мову ён вывучыў з цікавасці і з прынцыпу: «каб паказаць беларусам, што «бандэраўцы» паважаюць беларусаў і могуць гаварыць па-беларуску лепш, чым яны самі».

Львоўскі экскурсавод Андрэй Кусій вывучыў беларускую мову, «каб паказаць беларусам, што «бандэраўцы» паважаюць беларусаў».

Львоўскі экскурсавод Андрэй Кусій вывучыў беларускую мову, «каб паказаць беларусам, што «бандэраўцы» паважаюць беларусаў».

Вітрына найстарэйшай кнігарні Львова — «Кнігарні Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі», прыватнай кнігарні, закладзенай яшчэ асветніцкімі суполкамі ў аўстрыйскія часы.

Вітрына найстарэйшай кнігарні Львова — «Кнігарні Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі», прыватнай кнігарні, закладзенай яшчэ асветніцкімі суполкамі ў аўстрыйскія часы.

Тэматычныя кавярні Львова

Іх у горадзе пяць дзясяткаў. Іх можна наведваць нават экскурсійна, нічога не замаўляючы. Пачаць можаце ад тэатральнай кавярні, дзе старанна адтвораная рэчка Полтва, аналаг нашай Нямігі, што працякае цяпер пад правым крылом будынку. Ёсць кавярня гадзіннікароў, кавярня газніц (у Львове жылі іх вынаходнікі), кавярня Захер-Мазаха (ён тут вырас)… Пафасу ў гэтых кавярнях няма, яны проста душэўныя. Тут яны частка традыцыі.

Кавярня «Фіксаж», прысвечаная фотаапаратам.

Кавярня «Фіксаж», прысвечаная фотаапаратам.

А гэтая кавярня выставіла старую польскую «Нысу». Надпіс «Зернясховішча» выкананы тыповай украінскай арт-гарнітурай.

А гэтая кавярня выставіла старую польскую «Нысу». Надпіс «Зернясховішча» выкананы тыповай украінскай арт-гарнітурай.

Шматпавярховая кавярня з цмокам.

Шматпавярховая кавярня з цмокам.

Беражыцеся: хочацца пакаштаваць і тое, і гэтае, рызыка для кашалька.

Электрашчыток, якому сто гадоў.

Электрашчыток, якому сто гадоў.

На даху адной з кавярань на коміне камінар — па-ўкраінску «сажотрус». У ягоны капялюш кідаюць манеткі, каб вярнуцца.

На даху адной з кавярань на коміне камінар — па-ўкраінску «сажотрус». У ягоны капялюш кідаюць манеткі, каб вярнуцца.

Спадзяюся, мне ўдалося перадаць дух Украіны-2015. Дадавайце свае ўражанні і карысныя для падарожных факты ў каментах.

P.S. Пасля вяртання пагаварыў са знаёмымі гатэльшчыкамі з Адэсы. Яны шчаслівыя. Кажуць, столькі турыстаў, у тым ліку з Беларусі, у іх яшчэ ніколі не было. «Я гатовы асабіста перакапаць Перакоп», — жартуе ўласнік гатэльчыка ў Затоцы. Без Крыма і Данбаса, выстаяўшы ў неаб'яўленай вайне, Украіна адштурхнулася ад дна і пачынае ўздым.

(Цэны пададзеныя па стане на 10 жніўня, калі 1 даляр = 23 грыўні = 16 000 рублёў.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?