Вядомыя расійскія грамадскія дзеячы падпісалі дарадчыя лісты для намінацыі старшыні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна на прэмію Андрэя Сахарава, якая штогод прысуджаецца Еўрапейскім парламентам.

Сярод падпісантаў — Алена Бонэр, удава акадэміка Сахарава і старшыня фонду ягонага імя. Рацыя знайшла яе ў Боне.

‑ Алена Георгіеўна, чаму падпісалі зварот у Еўрапарламент?

‑ Таму, што чалавек паважаны.

‑ Як вы лічыце, хто яшчэ з беларускіх апазіцыянераў заслугоўвае міжнароднага прызнання?

‑ Усе заслугоўваюць. Тыя прозвішчы, якія я ведаю… Праўда, ні з кім з беларускіх апазіцыянераў я асабіста не знаёмая… Мне падаецца, усе прыстойныя людзі.

‑ Такія прэміі — гэта толькі фінансавая падтрымка пацярпелых ці ўсё ж такі крок да дэмакратыі ў краіне?

‑ Лічу, што фінасавая падтрымка пацярпелых — гэта толькі ў другую чаргу. У першую — зварот увагі грамадства да той дзейнасці, якая выклікае высокую павагу і захапленне заходніх садружнасцяў.

‑ Ці не дарэмныя ўсе гэтыя ахвяры, калі на працягу столькіх гадоў большасць выбірае дыктатуру?

‑ Па‑першае, змаганне з дыктатурай цягнецца яшчэ не так шмат часу. А, па‑другое, нішто не бывае дарэмным.

‑ Вы дапускаеце, што ў Расіі хутка будуць саджаць у турмы за тое ж, за што саджаюць няўгодных у Беларусі?

‑ Вядома ж! Я ўвогуле не лічу, што ў Беларусі з выкананнем правоў чалавека горш, чымсці ў Расіі. І я заўжды не разумела, чаму Захад успрымае Лукашэнку як крайне негатыўнага лідэра, а расійскага прэзідэнта так не ўспрымаюць. Лукашэнка — персона нон‑грата. А па‑мойму, гэта Пуцін варты такого тытулу… Адзінае тлумачэнне: Захад баіцца моцную дзяржаву. А Беларусь… У яе ні нафты, ні газу. А, між іншым, гэта тая ж Беларусь, якая падчас Вялікай Айчыннай сваім целам Расію прыкрыла.

‑ Аўтарытарны рэжым у Расіі — гэта надоўга?

‑ Надоўга! Вельмі надоўга!

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0