«Сітуацыя пагаршаецца не па днях, а па гадзінах» — такое меркаванне БелаПАН выказаў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч, каментуючы апошнія падзеі на валютным рынку. 

«Я раней чакаў, што курс долара будзе 17.000 беларускіх рублёў дзесьці да канца года, а вы мне кажаце, што ўжо сёння ён 17.600 рублёў!» — здзівіўся Багданкевіч. 

«Вядома, на нас уплывае сітуацыя ў Расіі, але ўплывае таму, што мы не праводзім самастойнай палітыкі — валютнай, знешняй, эканамічнай. Калі ўжо стварылі незалежную дзяржаву, то трэба праводзіць незалежную палітыку, а для гэтага трэба зрабіць канкурэнтаздольнай прадукцыю, ліквідаваць манапалізм, правесці рэформы», — падкрэсліў ён. 

«У нас дэ-юрэ незалежная дзяржава, незалежны Нацбанк, незалежная валюта. Прычым тут тады сітуацыя ў Расіі?» — указаў Багданкевіч. 

Крызіс, працягнуў ён, па сутнасці абмяжоўваецца толькі Расіяй, Беларуссю і Казахстанам, ён не з'яўляецца сусветным. «Але мы чамусьці не падкрэсліваем, што глабальныя прычыны ў нас не знешнія, а ўнутраныя», — звярнуў увагу экс-кіраўнік Нацбанка. 

Ён адзначыў, што сама па сабе дэвальвацыя беларускага рубля, якая паўзе, прадказальная зыходзячы са становішча эканомікі: падзенне ВУП, экспарту, валютнай выручкі. «Грашовая маса ўплывае, рост якой планавалі за год на 30%, а маем больш за 20% ужо за паўгода. Нацбанк павінен больш энергічна абмяжоўваць рост грашовай масы», — мяркуе Багданкевіч. 

Адна з прычын падзення рубля, паводле яго слоў, крыецца ў сітуацыі, калі прыкладна 40% крэдытаў, якія выдаюцца банкаўскай сістэмай, — ільготныя. «Гэта значыць Нацбанк не рэгулюе грашовую масу прыблізна на палове гэтага грашовага рынку, таму ён не можа несці поўную адказнасць», — адзначыў эксперт. 

На яго думку, Нацбанку неабходна зрабіць максімальна жорсткай крэдытаванне неэфектыўнай эканомікі, абмяжоўваючы тым самым рост грашовай масы. 

Палітыка Нацбанка ў плане таго, што неабходна таргетаваць інфляцыю, а не валютны курс, — абсалютна правільная. «Трэба кантраляваць інфляцыю, а валютны курс сам адрэгулюецца. А тое, што падае кошт нацыянальнай валюты, — гэта адлюстраванне стану эканомікі, гэта падтрымка беларускага экспарту, рынкавая падтрымка, і ў гэтым плане нічога страшнага няма. Трэба найперш вырашаць пытанні з інфляцыяй, плацежным балансам, а валютны курс стабілізуецца», — падкрэсліў былы кіраўнік Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?