Стаўленне да Беларусі з боку міжнароднай супольнасці напярэдадні выбараў 2015 года, у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі, змянілася, «але нам самім, вядома, трэба нічога не сапсаваць», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 25 жніўня ў эфіры анлайн-вяшчання рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия». 

«Стаўленне змянілася, прынамсі, усё сімпатычна і добразычліва поўнасцю выглядае, — сказала Ярмошына. — Даводзіцца ўвесь час ківаць на суседку, усё гэта звязана і з Расіяй таксама. З Беларуссю, ёсць такое ўражанне, сталі спрабаваць сябраваць. Раней яе адхілялі як маленькую малаўплывовую краіну, якая знаходзіцца ў зоне расійскага ўплыву, І, у прынцыпе: што там гаварыць з гэтай апошняй дыктатурай?» 

Старшыня ЦВК нагадала пра свой візіт у Вену ў 2012 годзе на пасяджэнне ў межах Парламенцкай асамблеі АБСЕ напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі. «Перад маім выступленнем паслы дзесяці краін Еўрапейскага саюза на чале з паслом ЗША пакінулі залу. Гэта быў дэмарш. Праўда, яны пакінулі не толькі таму, што гэта я — Ярмошына, а таму, што на гэтае мерапрыемства кагосьці краіна не выпусціла з прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. І ў гонар майго наведвання нават быў арганізаваны пікет прадстаўнікамі беларускай апазіцыі за мяжой», — сказала Ярмошына. 

Падчас яе апошняга візіту ў Вену на аналагічнае мерапрыемства ў межах АБСЕ крыху больш як месяц таму становішча, паводле слоў Ярмошынай, было зусім іншае. «Прадстаўнікоў апазіцыі, якія там былі, проста папярэджвалі пра неабходнасць толькі канструктыўнай крытыкі. А тры гады таму нікому і ў галаву гэтага не прыходзіла. Я адразу ж магу сказаць, што да Беларусі цікавасць вялікая, і яна пазітыўная. Сустрэч шмат было ў кулуарах, у той час як тры гады таму ад мяне бегалі», — адзначыла кіраўнік ЦВК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?