У ноч з 18 на 19 жніўня 1991 г. група вышэйшых дзяржаўных і партыйных функцыянераў абвясціла пра адстаўку Міхаіла Гарбачова з пасады прэзідэнта СССР па стане здароўя, сфармавала т. зв. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП) на чале з віцэ-прэзідэнтам краіны Генадзем Янаевым.

У адозвах «Обращение к советскому народу» і «Постановление №1 Государственного комитет по чрезвычайному положению» ад 19 жніўня 1991 г. ГКЧП прадставіў сваю праграму, прасякнутую матывамі рэстаўрацыі мінулага. Паводле членаў ГКЧП, «перабудова» пацярпела крах, у краіне запанавалі страх, роспач і галеча. Найважнейшай мэтай путчысты абвясцілі «ўратаванне Айчыны». Дзеля гэтай мэты забараняліся ўладныя структуры, не прадугледжаныя Канстытуцыяй СССР, прыпынялася дзейнасць палітычных партый, рухаў, аб’яднанняў, апазіцыйных КПСС, не дазваляўся выхад у свет нелаяльных СМІ. Сілавым структурам прадпісвалася падтрымліваць рэжым надзвычайнага становішча.

Далей ішлі шчодрыя абяцанкі. ГКЧП дэклараваў, што выступае за «истинно демократические процессы, за последовательную политику реформ, ведущую к обновлению нашей Родины, к ее экономическому и социальному процветанию…». На працягу тыдня павінны былі быць распрацаваны і апублікаваны праграмы замарожвання і зніжэння коштаў на шэраг прадуктаў і прамтавараў, падвышаны заработная плата, пенсіі і г. д. Кіраўніцтва ГКЧП не забывалася і на прадпрымальнікаў, якім абяцала адкрыць усе магчымасці для развіцця вытворчасці і сферы паслуг.

Мінск падчас жнівеньскіх падзей.

Мінск падчас жнівеньскіх падзей.

У першы ж дзень путчу па рашэнні ДКНС у Маскву былі ўведзены войскі. Аднак прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын не разгубіўся і ў той жа дзень выступіў супраць путчыстаў, расцаніўшы іх дзеянні як дзяржаўнае злачынства.

Адной з галоўных прычын правалу ГКЧП была слабасць яго арганізатараў. Большасць расіян (прынамсі ў буйных гарадах) не падтрымала ГКЧП, а адназначна стала на бок Барыса Ельцына.

Ён быў выбраны прэзідэнтам Расіі ў чэрвені 1991 г. і яшчэ не паспеў страціць сваю велізарную папулярнасць. Іншы пралік путчыстаў заключаўся ў перабольшванні ўлады маскоўскага кіраўніцтва ў саюзных рэспубліках. Да 1991 г. гэтыя рэспублікі дасягнулі такой ступені суверэнітэту, што мелі рэсурсы, каб аспрэчыць загады з Масквы.

У буйных гарадах СССР, у тым ліку і ў Мінску, прайшлі мітынгі супраць путчыстаў.

З палітычных сілаў у вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органе рэспублікі — Вярхоўным Савеце — першая рашуча выступіла супраць ГКЧП парламенцкая апазіцыя БНФ. Яна адразу прыняла заяву з асуджэннем ГКЧП, расцэньваючы дзеянні арганізатараў гэтага камітэта як спробу дзяржаўнага перавароту.

22 жніўня 1991 г. парламенцкая апазіцыя БНФ агучыла спецыяльную заяву, у якой канстатаваўся крах спробы камуністычна-вайсковага путчу ў СССР. У заяве таксама сцвярджалася, што Мікалай Дземянцей больш не мае маральнага права займаць сваю пасаду. Апазіцыя настойвала на жорсткім пакаранні тых, хто лаяльна паставіўся да путчыстаў.

24 жніўня 1991 г. а 12 гадзіне распачала сваю працу нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання. Ля Дома ўрада, дзе праходзіла сесія, стаялі тысячы людзей.

Інтрыгу пасяджэнню сесіі надала прапанова Зянона Пазняка аб прымацаванні бел-чырвона-белага сцяга разам з Дзяржаўным сцягам БССР. Па словах лідара БНФ, «такое права нам дае наша гісторыя». З 267 зарэгістраваных дэпутатаў у галасаванні ўзялі ўдзел 196 чалавек пры неабходным кворуме ў 173. З іх «за» выказаліся 107 дэпутатаў, «супраць» – 47, устрымаліся — 42. Але 71 дэпутат не ўдзельнічаў у галасаванні. Улічваючы тое, што ўсё ж такі большасць дэпутатаў падтрымалі гэтае пытанне, прадстаўніца апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Авальную залу, што стала моцным выйгрышным псіхалагічным крокам дэпутацкай групы БНФ, тым больш што сцяг на пэўны час быў пастаўлены на відным месцы ў Прэзідыуме.

Выступае дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Яўген Новікаў. Злева з парасонам — Зянон Пазняк; крайні злева — намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка; справа — прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі Уладзімір Заблоцкі (з аркушам у руках) і Сяргей Слабчанка; справа з парасонам у вайсковай форме – будучы кіраўнік БЗВ і палітычны дзеяч Мікалай Статкевіч.

Выступае дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Яўген Новікаў. Злева з парасонам — Зянон Пазняк; крайні злева — намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка; справа — прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі Уладзімір Заблоцкі (з аркушам у руках) і Сяргей Слабчанка; справа з парасонам у вайсковай форме – будучы кіраўнік БЗВ і палітычны дзеяч Мікалай Статкевіч.

Удалай аказалася другая прапанова апазіцыі аб тым, каб даручыць весці сесію не старшыні Вярхоўнага Савета Мікалаю Дземянцею, які скампраметаваў сябе падтрымкай путчыстаў, а ягонаму першаму намесніку — Станіславу Шушкевічу. Гэтая прапанова, сустрэтая апладысментамі, была прынята дэпутацкай большасцю. Фактычна, гэта азначала немінучую адстаўку Дземянцея.

Эфектыўным захадам апазіцыі стала і тое, што па яе патрабаванні было дадзена слова працоўнаму будаўніча-мантажнага ўпраўлення №1 г. Мінска Васілю Феакціставу. Эмацыйнае выступленне Феакцістава, які назваў кіраўніцтва Вярхоўнага Савета «стыдобой», яшчэ больш напаліла сітуацыю.

24 жніўня 1991 г. С.Шушкевіч абвясціў парадак дня: 1) аб бягучым моманце (аб дачыненні «адказных асобаў», арганізацый і дзяржаўных структур да ГКЧП; 2) аб артыкуле 72 Канстытуцыі БССР, якая прадугледжвала наданне законам БССР першачарговую сілу; 3) аб дэпартызацыі і маёмасці КПСС-КПБ; 4) аб перападпарадкаванні МУС і КДБ выключна пад юрысдыкцыю рэспублікі.

Пад націскам апазіцыі БНФ у парадак дня таксама было ўключана пытанне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 г. статусу канстытуцыйнага закона і асабістых дзеяннях старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцея ў дні путчу. Дарэчы, сам Шушкевіч спачатку быў супраць надання Дэкларацыі такога статусу, называў гэта не інакш як «бязглудзіцай». Шушкевіч, як і вядомыя дэпутаты-юрысты Дзмітрый Булахаў і Віктар Ганчар, лічыў, што Дэкларацыя ў якасці канстытуцыйнага закону будзе супярэчыць дзейнай Канстытуцыі БССР 1978 г.

На першы раз пытанне ад наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закону не набрала неабходнай большасці, але літаральна праз паўгадзіны дэпутаты, узрушаныя палымяна-эмацыянальнай прамовай Зянона Пазняка, які заклікаў да ўсебеларускага страйку, уключылі гэта пытанне ў павестку сесіі.

Народны дэпутат, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак (злева) і намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка (справа). Мінск, жнівень 1991 г. 25 жніўня 1991 г. Кавалёнак разам з дэпутатамі Інэсай Драбышэўскай і Аляксандрам Лукашэнкам унёс у Авальную Залу бел-чырвона-белы сцяг.

Народны дэпутат, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак (злева) і намеснік старшыні Сойма БНФ Юрый Хадыка (справа). Мінск, жнівень 1991 г. 25 жніўня 1991 г. Кавалёнак разам з дэпутатамі Інэсай Драбышэўскай і Аляксандрам Лукашэнкам унёс у Авальную Залу бел-чырвона-белы сцяг.

Парадак дня сесіі таксама быў істотна зменены з прычыны выключэння з яго пытання аб Саюзным дагаворы. Яно было адным з самых дыскусійных у Вярхоўным Савеце. 12 чэрвеня 1991 г. парламенцкая большасць зацвердзіла пастанову, згодна з якой асноўныя палажэнні Саюзнага дагавора ўхваляліся. Ад імя Беларускай ССР падпісаць дагавор даручалася, па словах аднаго з дэпутатаў, «нашему батьке» Мікалаю Дземянцею.

Парламенцкая апазіцыя БНФ бачыла ў Саюзным дагаворы небяспеку для Беларусі і заўсёды выступала супраць. За некалькі дзён да путчу, 14 жніўня 1991 г. газета «Звязда» надрукавала заяву апазіцыі БНФ аб Саюзным дагаворы. У заяве падкрэслівалася, што перад беларусамі стаіць выбар — альбо дзяржаўная незалежнасць, свабода і рынак, альбо працяг каланіяльнай экспансіі, поўнае нацыянальнае і сацыяльнае выраджэнне. Заява заклікала «падтрымліваць рух за незалежнасць Бацькаўшчыны і процідзейнічаць падпісанню новага Саюзнага дагавору — чарговага палітыканства крамлёўскай наменклатуры».

Большасць Вярхоўнага Савета была настроена супраць вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі. Прычына была ў тым, што многія дэпутаты, нават тыя, хто не належалі да апазіцыі БНФ, напалохаліся праз ГКЧП, чакалі хвалі рэпрэсіяў, Варфаламееўскай ночы.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, сцвярджаў, што «на заводах были заказаны тысячи наручников, в моем родном городе милиционеры потирали руки: кого они повесят в первую очередь».

Дэпутат Аляксандр Сасноў 24 жніўня 1991 г. пад апладысменты заявіў аб сваім выхадзе з КПСС, «которую невозможно реформировать».

Кіраўнікі рэспублікі спрабавалі апраўдавацца. Мікалай Дземянцей сцвярджаў, што з ягонага боку аніякай падтрымкі ГКЧП ніколі не было. Старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч заявіў, што «правительство занималось повседневной работой». Абвінавачванні ў падтрымцы путчыстаў адверг і камандуючы Беларускай вайсковай акругай Анатоль Кастэнка. Генерал запэўніваў парламентарыяў у тым, што «армия не стала слепым орудием в руках авантюристов» і нават прапанаваў стварыць нацыянальную гвардыю.

25 жніўня 1991 г. адбылася гісторыя з выступленнем партыйнага рэспубліканскага кіраўніка, народнага дэпутата СССР Анатоля Малафеева, аднаго з самых рэакцыйных прадстаўнікоў тагачаснай беларускай партнаменклатуры. Менавіта Малафееў на аб’яднаным Пленуме ЦК і Цэнтральнай кантрольнай камісіі (ЦКК) КПСС 24—25 красавіка 1991 г. першым у СССР паставіў пытанне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў краіне.

25 жніўня 1991 г. група дэпутатаў апазіцыі БНФ на чале з Галінай Сямдзянавай літаральна сцягнула першага сакратара ЦК КПБ з парламенцкай трыбуны і пазбавіла яго слова.

Прадстаўніца парламенцкай апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава і кіраўнік КПБ Анатоль Малафееў у Вярхоўнага Савета БССР на нечарговай 5-й сесіі. Жнівень 1991 г.

Прадстаўніца парламенцкай апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава і кіраўнік КПБ Анатоль Малафееў у Вярхоўнага Савета БССР на нечарговай 5-й сесіі. Жнівень 1991 г.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што такога не было нават на Нюрнбергскім працэсе. Малафееў усё ж выступіў (калі апазіцыя БНФ дэманстратыўна пакінула залу пасяджэнняў). Ён падтрымаў дэпартызацыю, заклікаў КПБ выйсці з КПСС (для падстрахоўкі КПБ была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі БССР 4 чэрвеня 1991 г. пад №100 ), але выказаўся супраць нацыяналізацыі маёмасці КПБ. А. Малафееў сцвярджаў, што маёмасць была створана за кошт членскіх узносаў і даходаў ад выдавецкай дзейнасці, а таму «никаких дурных запахов в ней нет».

Мікалаю Дземянцею не ўдалося ўтрымацца на сваёй пасадзе. Каб захаваць твар, старшыня Вярхоўнага Савета заявіў 25 жніўня 1991 г. аб сваім сыходзе нібыта на пенсію. Большасць дэпутатаў задаволілі ягоную просьбу шляхам электроннага галасавання, тым самым парушыўшы Часовы Рэгламент, паводле якога старшыня парламента абіраўся і адклікаўся выключна шляхам падачы імянных бюлетэняў.

Аднак на гэтым громкія адстаўкі скончыліся. Спроба апазіцыі абвясціць недавер Прэзідыуму Вярхоўнага Савета была няўдалай.

25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў такія рашэнні, якія зрабілі Беларусь, з аднаго боку, сапраўды незалежнай. З іншага боку, ў гэтых рашэннях прысутнічалі пэўная дваістасць, ваганне і нават юрыдычныя хібы.

Рашэнні былі прыняты ў форме пастаноў і законаў. Пастановы называліся «Аб бягучым моманце», «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР», «Аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР, дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў, арганізацыі і ўласнасці Камуністычнай партыі Беларусі» і «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларускай ССР».

Першы аркуш пратаколу паседжання гістарычнай нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г.

Першы аркуш пратаколу паседжання гістарычнай нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г.

Першая пастанова прызнавала неканстытуцыйнасць і антызаконнасць ГКЧП, ягоных дзеянняў і пастановаў. Разам з тым у гэтай пастанове мела месца «мяккая» крытыка Прэзідыума, які «не дал чёткой политической оценки» ГКЧП.

Паводле другой пастановы, ва ўласнасць рэспублікі перадаваліся ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага значэння, якія былі на яе тэрыторыі. Аднак гэта не тычылася тых, «руководство которыми передано согласно законодательству Белорусской ССР соответствующим органам Союза ССР».

Трэцяя пастанова забараняла стварэнне і дзейнасць у органах дзяржаўнай улады і ў дзяржаўных установах, прадпрыемствах і арганізацыях структураў КПБ, а таксама грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты. Адначасова ўся партыйная ўласнасць (да спецыяльнага вырашэння аб далейшым яе статусе), а таксама ўласнасць ЛКСМБ браліся пад ахову, а карыстанне ўрадавай і іншай спецсувяззю грамадскім аб’яднаннямі, якія мелі палітычныя мэты, забаранялася.

Між іншым пытанне аб лёсе партыйнай маёмасці значна зацягнулася. Толькі 10 снежня 1991 г. Вярхоўным Саветам была прынята пастанова, паводле якой уся рухомая і нерухомая маёмасць КПСС-КПБ абвяшчалася дзяржаўнай. На Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі ўскладваўся абавязак цягам трох дзён узяць на ўлік усе грашовыя сродкі, змешчаныя ў банках і іншых установах на Беларусі.

4 кастрычніка 1994 г. дэпутат з апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава зрабіла афіцыйны запыт у Генеральную пракуратуру Беларусі наконт таго, колькі сродкаў было вернута дзяржаве ў адпаведнасці з пастановай ад 10 снежня 1991 г. 7 лістапада 1994 г. намеснік Генеральнага пракурора Іван Сашчэка даў адказ. Аказалася, што на момант інвентарызацыі «направляющая и руководящая сила советского общества», якая на Беларуси налічвала каля 600 000 чальцоў, мела толькі адзін валютны рахунак выдавецтва ЦК з 8999 далярамі ЗША, між іншым як дэпутат Ігар Пырх на нечарговай шостай сесіі Вярхоўнага Савета 1 кастрычніка 1991 г. казаў аб партыйных мільярдах.

Апошні аркуш пратаколу пасяджэння нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г. за подпісам першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.

Апошні аркуш пратаколу пасяджэння нечарговай пятай сесіі 25 жніўня 1991 г. за подпісам першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.

Праект чацвёртай пастановы выклікаў бурныя парламенцкія дэбаты. Апазіцыя БНФ настойвала на адназначнай забароне КПСС-КПБ. Па прапанове Шушкевіча дэпутаты зацвердзілі кампрамісную пастанову, у якой гаворка ішла аб часовым прыпыненні дзейнасці кампартыі. Гэта было юрыдычным нонсэнсам, бо тагачаснае заканадаўства Беларускай ССР прапісвала альбо ліквідацыю якога-небудзь суб’екта, то бок заканчэнне дзейнасці, альбо рэарганізацыю. Згодна з пастановай павінны былі быць апячатаны памяшканні архіваў, сакрэтнага справаводства, тэлефоннай сувязі КПСС-КПБ і ЛКСМБ (у пачатку 1992 г. у рэспубліканскай прэсе выбухнуў скандал, звязаны, з тым, што з архіва ЦК КПБ невядома куды зніклі асабістыя справы «лидеров белорусских большевиков» Анатоля Малафеева, Яфрэма Сакалова і Аляксея Камая).

Трэба адзначыць, што беларускія ўлады даволі паслядоўна выконвалі пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ. Так, калі гарадскі Савет народных дэпутатаў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці прыняў 26 лістапада 1991 г. рашэнне аб рэгістрацыі Баранавіцкай арганізацыі камуністаў, то Генеральны пракурор Беларусі Мікалай Ігнатовіч накіраваў у гарсавет пратэст, дзе гаварылся, што падобная рэгістрацыя — спроба адрадзіць камуністычную партыю.

Дэбаты ад далейшым статусе кампартыі разгарнуліся на нечарговай шостай сесіі Вярхоўнага Савета ў пачатку кастрычіка 1991 г. Па гэтым пытанні ў парламенце кантрасна вызначыліся дзве лініі. Адны — у большасці прадстаўнікі апазіцыі БНФ – лічылі, што трэба назаўсёды забараніць камуністычныя структуры. Галіна Сямдзянава заклікала арганізаваць над кампартыяй трыбунал па тыпе Нюрнбергскага. Яе паплечнік Сяргей Антончык вобразна параўнаў кампартыю з беларускім серыйным забойцам №1 Міхасевічам: як той быў адначасова добрым сем’янінам і забойцам, так і кампартыя: спачатку арганізавала «перабудову», а потым — пераварот. Другія дэпутаты (Анатоль Нятылькін, Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Булахаў і інш.) выступалі супраць забароны кампартыі, настойвалі на тым, каб даць ёй шанец на абнаўленне і структурнае вызначэнне на працягу 1991 г. Аднак ні адна з пастаноў тады не набрала патрэбнай колькасці галасоў. Шушкевіч нават прапанаваў вынесці гэтае пытанне на рэферэндум.

Справа вырашылася тым, што сама гэтая пастанова аб часовым прыпыненні праіснавала адносна нядоўга і была адменена Вярхоўным Саветам 3 лютага 1993 г. па ініцытыве дэпутата-камуніста Міхаіла Качана. Гэта, дарэчы, падтрымаў дэпутат Аляксандр Лукашэнка: «Предложение Качана надо принимать, чтобы исправить свою ошибку, которую мы допустили полтора года назад. А это было тоже не совсем законное решение. Пусть коммунисты на здоровье действуют, пусть агитируют за себя. Народ все расставит на свои места».

Праўда, зацвярджэнне такой пастановы прайшло не так гладка і ўдалося толькі з трэцяй спробы: старшыні Вярхоўнага Савету Шушкевічу парламенцкая большасць літаральна «выкруціла» рукі, і ён некалькі разоў вымушаны быў ставіць гэтае пытанне на галасаванне.

Апазіцыя БНФ, якая выступала рашуча супраць, распаўсюдзіла заяву, дзе гаварылася, што адмена пастановы шлях да дыктатуры.

Праз тыдзень Зянон Пазьняк апублікаваў артыкул «Пакаранне» (Звязда, 1993, 11 лютага), у якім рэзка выказваўся пра бальшавіцкую партыю і асабіста пра яе правадыра Уладзіміра Леніна. Артыкул, у якім змяшчаліся фота хворага Леніна, выклікаў шматлікія (як адмоўныя, так і станоўчыя) водгукі чытачоў.

У адрозненне ад КПБ, беларускі камсамол чакаў больш шчаслівы лёс. 2 кастрычніка 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў рашэнне, паводле якога ў пастанове аб дэпартызацыі ад 25 жніўня 1991 г. ЛКСМБ больш не памінаўся. Тым самым за камсамолам захоўвалася ягоная маёмасць (камсамольскі кіраўнік Крыўдэнка скардзіўся дэпутатам, што ЛКСМБ з маёмасці мае толькі канцылярскія тавары), без якой дзейнасць гэтай арганізацыі губляла ўсялякі сэнс. Заўзятымі абаронцамі камсамолу тады выступілі дэпутаты Аляксандр Лукашэнка і Анатоль Лябедзька.

Разам за пастановамі Вярхоўны Савет 25 жніўня 1991 г. прыняў і шэраг законаў: «Аб некаторых зменах у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР» (саюзна-рэспубліканскія МУС і КДБ адыходзілі пад выключную юрысдыкцыю рэспублікі), «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР» (артыкул 72 замацоўваў прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі, артыкул 73 абвяшчаў тэрыторыю рэспублікі непадзельнай і недатыкальнай; змянялася глава 19 «Пракуратура»: у прыватнасці, уводзілася пасада Генеральнага пракурора, які выбіраўся Вярхоўным Саветам на пяць гадоў).

Канечне, самым важным актам нечарговай пятай сесіі лічыцца закон ад 25 жніўня 1991 г. «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР». Прыняццю такога закона папярэднічалі вострыя дыскусіі. Моцным штуршком да прыняцця закона паслужылі падзеі на Украіне, якая 24 жніўня 1991 г. абвясціла аб сваёй незалежнасці. Кіеў афіцыйна заявіў, што «этот шаг предпринят, исходя из смертельной опасности, нависшей над Украиной в связи с государственным переворотом».

Украінскі чыннік істотна паўплываў на дэпутатаў кансерватыўных поглядаў. Напрыклад, дэпутат Міхаіл Жэбрак, які раней даволі скептычна ставіўся да ідэі незалежнасці, заявіў 25 жніўня 1991 г.: «Я до вчерашнего дня стоял за обновлённый Союз, но события на Украине заставляют меня сделать заявление: надо принимать этот закон или объявлять себя западным краем в составе Российской Федерации. Другого выхода нет, иначе Беларусь не будет существовать, Белоруссии абсолютно не будет».

Парламенцкая апазіцыя БНФ прапанавала даволі радыкальны праект закона, паводле якога дэнансаваўся Саюзны дагавор 30 снежня 1922 г., а ў адносінах да агульнасаюзнай уласнасці выкарыстоўваўся «нулявы» варыянт. Аднак быў прыняты «памяркоўны» праект, прапанаваны Прэзідыумам (Дэкларацыя набывала статус канстытуцыйнага закона, а ў выпадках, калі артыкулы Асноўнага Закона БССР супярэчылі з палажэннямі Дэкларацыі, належала кіравацца апошняй).

У сувязі са спробай дзяржаўнага перавароту рашэннем Вярхоўнага Савета 25 жніўня 1991 г. была створана Часовая камісія па ацэнцы дзеянняў членаў ГКЧП і падтрымаўшых іх грамадска-палітычных аб’яднанняў, органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і грамадзян.

На сем вакантных месцаў (па словах Булахава, камісія не павінна была ператварыцца ў Камітэт народнага кантролю) прэтэндавалі 16 чалавек. Членамі камісіі сталі наступныя дэпутаты: І. Пырх, А. Даўлюд, Л. Звераў, М. Марыніч, М. Васілеўскі, А. Сцепаненка, П. Папоў. Менавіта яны набралі большасць галасоў. Па логіцы ўзначаліць камісію быў павінен А. Даўлюд, які атрымаў найбольшую — 206 — колькасць галасоў. Аднак Даўлюд узяў самаатвод, а старшынёй камісіі стаў прадстаўнік БНФ Ігар Пырх, за якога прагаласавала меншасць — 151 — дэпутатаў, але які меў багаты вопыт працы ў кампетэнтных органах, у прыватнасці, начальнікам аддзела аховы грамадскага парадку ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкома.

Цікава, што Ігар Пырх яшчэ 16 ліпеня 1990 г. разам з дэпутатам Барысам Гюнтарам агучыў у Вярхоўным Савеце наступную палітычную заяву: «КПСС — это не партия, а воинствующий отряд, или, если хотите, орган, послушный воле своих генералов. Курс КПСС насквозь пронизан авантюризмом и потерпел очевидное банкротство. Результатом этого курса были и есть репрессии и геноцид, подавление демократических свобод и воли личности. КПСС стала главным тормозом происходящей в стране перестройки. Наиболее консервативным звеном КПСС, мы считаем, является Компартия Белоруссии, наложившая свои реакционные следы на наш Верховный Совет. В этой части мы заявляем категорический протест существующему насилию и о своём выходе из КПСС. Мы считаем, что продолжение борьбы в рядах партии есть не что иное, как самообман и оправдание своей личной нерешительности».

27 жніўня 1991 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвердзіў спецыяльную пастанову аб часовай камісіі, якая атрымлівала даволі шырокія паўнамоцтвы: мела права «привлекать» да сваёй працы «народных депутатов всех уровней, специалистов, должностных лиц и граждан» (за час існавання камісіі да яе працы былі дадаткова прыцягнуты 25 чалавек), а таксама «незамедлительного доступа к документам любой важности и секретности всех государственных и общественных органов, организаций и учреждений, расположенных на территории республики». Акрамя таго, службовыя асобы павінны былі ўсяляк дапамагаць камісіі, забяспечваць яе чальцоў транспартам.

На шчасце, у фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захавалася багатая спадчына дзейнасці камісіі: пратаколы пасяджэнняў, рознага роду даведкі і тлумачальныя запіскі, акты, рашэнні, перапіска. Як вынікае з архіваў, першае пасяджэнне камісіі адбылося 5 верасня 1991 г., сама камісія канчаткова скончыла працу 17 снежня 1991 г. Усяго адбылося дзесяць пасяджэнняў камісіі.

На першым пасяджэнні 5 верасня 1991 г. была пастаўлена наступная задача камісіі: «Дать политическую оценку той тоталитарной системе, которая поддержала путч, организовать работу на местах, по всем областям создать рабочие группы и привлекать общественные организации и представителей разных партий, депутатов. Изучить позицию руководящих работников, проверить все горисполкомы области, все газеты и УВД. Для более слаженной работы в каждой группе должен присутствовать работник прокуратуры».

З першых дзён сваёй працы камісія сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі, адкрытымі варожымі адносінамі асабліва з боку мясцовых уладаў і праваахоўных органаў. Істотныя паўнамоцтвы камісіі аказаліся толькі на паперы: яе членам вельмі часта проста адмаўлялі ў доступе да неабходнай інфармацыі. Да таго ж шмат хто з прыцягнутых асабліва на месцах выкарыстоўваў камісію да звядзення асабістых рахункаў з начальствам.

Тым не менш, 16 лістапада 1991 г. з’явіўся выніковая справаздача камісіі. Яна складалася з наступных раздзелаў: «Общая оценка обстановки в стране», «О ситуации, сложившейся в Республике Беларусь», «События, предшествующие путчу», «Выводы» і «Предложения».

У якасці адной з галоўных прычынаў магчымасці путчу ў справаздачы выступалі «жёсткое подчинение центру основных элементов государственного устройства, приоритет ведомственных нормативных актов над законодательством» а таксама «отсутствие упреждающих мер со стороны Верховного Совета и правительства».

У справаздачы камісіі ад 16 лістапада 1991 г. практычна ўсё вышэйшае дзяржаўнае, партыйнае і вайсковае кіраўніцтва Беларусі абвінавачвалася ў падтрымцы путчыстаў або ў лаяльных адносінах да іх: «Три августовских дня дня можно считать лакмусовой бумажкой, которая проявила истинную расстановку политических сил в республике, помогла снять маски с руководителей, на словах радеющих за демократию, но хранящих за пазухой увесистый булыжник».

Абвінавачванні, у прыватнасці, тычыліся Прэзідыума і асабіста ягонага члена — намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Васіля Шаладонава, якому прыпісвалі фразу: «Я верю Янаеву».

Па звестках камісіі, намеснік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў падпісаў загад аб узбраенні баявых падраздзяленняў аўтаматычнай зброяй і спецсродкамі. МУС таксама абвінавачвалася ў тым, што ўвесь час збірала аператыўныя зводкі ў дні путчу, «фиксировало каждый случай выступления демократических сил против диктатуры». Напрыклад, у матэрыялах камісіі фігуравала аператыўная сводка МУС БССР аб арганізацыі 19 жніўня 1991 г. ля Аршанскага інструментальнага завода «по инициативе председателя профкома указанного предприятия Разумова Н.Е.» несанкцыянаванага мітынгу супраць ДКНС колькасцю 150 чалавек. У выніку мітынг быў разагнаны, а некаторыя ягоныя ўдзельнікі фігуравалі ў адміністрацыйным пратаколе. Больш таго, гэта інфармацыя была неадкладна перададзена ў МУС СССР.

У распараджэнні камісіі аказалася агульнасаюзная шыфртэлеграма, якая ў дні путчу паступіла ў штаб Беларускай вайсковай акругі: «Не допустить проникновения агитаторов и подстрекателей на территории воинских частей, учреждений и на корабли, максимально использовать все средства и методы работы про разъяснению правильности проводимых ГКЧП мер». Анатоль Кастэнка паставіў на ёй асабістую рэзалюцыю наступнага зместу: «Принять меры, организовать работу с личным составом по разъяснению ситуации (чрезвычайное положение введено в целях преодоления глубокого и всестороннего кризиса, межнациональной и гражданской конфронтации)».

Заява прадстаўнікоў дэпутацкай групы БНФ аб падзеях 19-21 жніўня 1991 г.

Заява прадстаўнікоў дэпутацкай групы БНФ аб падзеях 19-21 жніўня 1991 г.

Падтрымка путчыстаў інкрымінавалася не толькі цэнтральным, але і мясцовым органам улады. Як вынікала са справаздачы, мясцовыя саветы толькі пяці гарадоў Беларусі — Орша, Пінск, Гомель, Наваполацк, Салігорск — катэгарычна асудзілі ГКЧП. Астатнія гарсаветы не выказалі досыць ясна сваю пазіцыю альбо праявілі лаяльнасць да путчыстаў. Напрыклад, камісія настолькі націснула на старшыню Мазырскага гарадскога Савета І. Замулку, што той вымушаны быў звярнуцца за абаронай да С. Шушкевіча.

Асаблівая ўвага ў справаздачы надавалася сродкам масавай інфармацыі. Высновы расследавання былі не на карысць апошніх. У прыватнасці, у справаздачы ішла гаворка пра тое, што «большая часть газет продолжала оставаться под контролем партии и выполняла социальный заказ». Газеты, гаварылася ў справаздачы, альбо стваралі вобраз ворага ў асобе БНФ, альбо («Знамя юности») былі наогул забароненыя. У справаздачы падаваліся факты наконт праверкі 91 газеты, 83 з якіх «поддержали путч, используя приёмы фальсификации».

Так, камісія ўважліва праналізавала артыкул вядомага сёння панславіста і русафіла, былога дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў некалькіх скліканняў Сяргея Касцяна (тады працаваў настаўнікам Мазырскага педагагічнага інстытута) пад назвай «Референдум состоялся. Что дальше?», апублікаванага ў часе путчу ў адным з нумароў «Жыцця Палесся». У артыкуле аўтар патрабаваў ад Гарбачова «решительных мер по укреплению Союза, по привлечении к ответственности лиц, занимающих антисоветской пропагандой». Увагу камісіі прыцягнуў вельмі недвусэноўны намёк Касцяна на вопыт амерыканскага прэзідэнта Лінкальна, які «пошёл на гражданскую войну и удержал Юг в составе США».

Абвінавачванні былі накіраваны супраць Дзяржтэлерадыё БССР і Беларускага тэлеграфнага агенцтва, якія ў тыя драматычныя дні «не передали ни одного альтернативного, отличного от ГКЧП материала, осуществив тем самым информационную блокаду Беларуси». Так, па факце закрыцця 20 жніўня 1991 г. папулярнай праграмы «Радыёфакт» у справаздачы Камісіі гаварылася, што «передача была оформлена ритмичной музыкой и по своему оформлению не соответствовала происходящим в стране событиям». Дзяржтэлерадыё, акрамя таго, з боку камісіі закідаліся «отсутствие чётких гражданских позиций», наяўнасць «приспособленчества и непрофессионализма».

Увогуле, канстатавалася ў справаздачы, «беспринципные журналисты немало сделали для подготовки общественного мнения к необходимости «твёрдой руки», к оправданию любых эксцессов, в том числе и неконституционных».

У справаздачы прапаноўвалася «обеспечить условия для реального суверенитета, децентрализировать до разумных пределов аппарат управления и сократить его численность», а ў новай Канстытуцыі зацвердзіць нормы, «запрещающие формировать непредусмотренные в ней органный государственной власти и управления».

У першапачатковым варыянце справаздачы меркавалася распусціць рэспубліканскую партыйную арганізацыю, «как элемент устранённого, но не демонтированного механизма тоталитарного управления». Праўда, пазней гэтая жорсткая фармулёўка была заменена больш мяккай: «Разработать систему правовых мер по недопущению впредь появления партий непарламентского (тоталитарного) типа и сращивания партийных и государственных структур».

Асобным пунктам у справаздачы стаяла пытанне аб адхіленні са сваіх пасадаў лаяльных путчыстам службовых асобаў: «После провала путча воцарилась обстановка вопиющей несправедливости в отношении тех, кто отказался подчиниться преступным замыслам ГКЧП, осудил их и оказался гонимым, а также в отношении тех, кто поддержал путч, и, занимая ключевые позиции в государственном и общественном управлении, получил право решать судьбы людей».

Пункт №13 «Предложений» справаздачы гласіў: «Считать невозможным пребывание в занимаемых должностях:

— Командующего Белорусским военным округом Костенко А. И.;

— Начальника штаба Белорусского военного округа Козловского П. П.;

— Члена Военного Совета Белорусского военного округа Новикова А. Н.;

— Министра юстиции Республики Беларусь Дашука Л. А.;

— Заместителя министра юстиции Республики Беларусь Ловчего В. М.;

— Первого заместителя министра внутренних дел Ковалёва В. А.;

— Заместителя министра внутренних дел Платонова К. М.;

— Председателя Государственного комитета Республики Беларусь по телевидению и радиовещанию Столярова А. Г.;

— Начальника управления Совета Министров Республики Беларусь по вопросам прав граждан, общественной безопасности и оборонной работы Данилова Г. И.;

— Председателя Гомельского областного Совета народных депутатов Войтенкова Н. Г.;

— Прокурора Гомельской области Гаврильчика В. Г.;

— Председателя Мозырского городского совета народных депутатов Замулко И. Д.;

— Редактора Ивацевичской районной газеты «Кастрычнік» Радюка Г. М.».

Не ўсе члены камісіі былі цалкам згодны з яе справаздачай. Так, Міхаіл Марыніч падпісаў справаздачу з «особым мнением»: «Убрать пункт 13 о снятии с должностей, так как комиссия не смогла в полном объёме исследовать конкретные факты участия должностных лиц в антиконституционных действиях на территории Республики Беларусь. Это может только суд. Предлагая освобождение от занимаемых должностей, Временная комиссия входит в противоречие с Конституцией, создаёт прецедент расправы по субъективным мотивам».

Таксама з агаворкамі дакумент падпісалі Павел Папоў («кроме пункта 13») і Аляксей Сцепаненка («кроме пункта 13, хотя можно было бы рассмотреть вопрос об ответственности А. Костенко и Г. Данилова»).

Ніхто з асоб, пералічаных у п. 13, па выніках справаздачы не быў звольнены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?