Ці магчыма даць прагноз наконт далейшых зьмяненьняў курсу? На пытаньні Віталя Цыганкова адказвае эканаміст Зьміцер Крук.

Цыганкоў: У нядаўнай Экспэртызе Вадзім Іосуб сказаў, што курс беларускага рубля нашмат болей цяпер залежыць ад расейскага, чым раней. Ці згодныя вы з такой ацэнкай? 

Крук: Так, гэтая залежнасьць ёсьць і яна дастаткова моцная. Памылкай было б казаць, што яна не была раней. Але раней яна штучна стрымлівалася кіраваньнем курсаўтварэньня. Таму мы і назіралі такія скачкі, што былі ў 2011 годзе, ці ў канцы 2014-га. Нашыя ўлады жадалі трымаць курс, але не маглі гэтага рабіць больш за месяц-два, і ў выніку дэвальвавалі рубель. 

Зараз ўлады фактычна прызналі, што курс нашага рубля залежыць ад расейскага, і ня ўмешваючы ў працэс курсаўтварэньня, мы атрымліваем паступовае падзеньне нацыянальнай валюты. 

Цыганкоў: Ці можна спрагназаваць далейшую дынаміку курсу? Здаецца, беларускія ўлады не друкуюць новыя грошы, у людзей не растуць заробкі — усё гэта павінна гуляць на ўмацаваньне рубля. 

Крук: Суадносіны замежных і ўнутраных чыньнікаў, што ўплываюць на курс рубля, я б ацаніў як 80 на 20 на карысьць замежных. З унутраных нэгатыўна ўплывае тая тэндэнцыя, што пачалася ў чэрвені — перавод рублёвых дэпазытаў у валютныя.

Цыганкоў: А гэта адбылося з-за таго, што ўлады пачалі зьніжаць працэнты па дэпазытах?

Крук: Працэнты пачалі зьніжацца, бо ўлады імкнуліся ажывіць эканоміку, падштурхнуць эканамічны рост, з гэтым у нас вялікія праблемы. Але так, я пагаджуся, гэта стала адным з чыньнікаў таго, што насельніцтва пачало пераводзіць рублёвыя дэпазыты ў замежныя валюты. 

Калі б аб’яднаць усе чыньнікі, то можна сказаць, што большасьць унутраных чыньнікаў грае на стабілізацыю рубля. Але замежныя — нашмат больш уплывовыя. Таму прагназаваць курс вельмі цяжка. Што будзе з нафтай, што будзе з Кітаем, з Іранам? — ніхто ня можа сказаць. Але мне падаецца, што дно ў нафтавых цэнах ужо дасягнутае. Сыходзячы з гэтага, чакаць далейшай істотнай дэвальвацыі я ня бачу падставаў. Наадварот, калі цана на нафту падымецца, варта чакаць пэўнага ўмацаваньня беларускага рубля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?