Уральскі акруговы выязны ваенны суд у Душанбэ прызнаў вінаватымі ў забойстве таджыкскага таксіста дваіх расійскіх вайскоўцаў Ільдара Сахапава і Фёдара Басімава.
Сахапаў правядзе ў зняволенні 13 гадоў, Басімаў, таксама прызнаны вінаватым у крадзяжы грошай забітага, — 17 гадоў.
Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу расійскія вайскоўцы будзе высланыя з Таджыкістана на радзіму для адбыцця пакарання.
Акрамя таго, суд задаволіў пазоў пацярпелага боку аб выплаце кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры мільёна рублёў (14,4 тыс. даляраў). Паводле прысуду Фёдар Басімаў павінен выплаціць 60% ад гэтай сумы, а Ільдар Сахапаў — 40%.
Цела 40-гадовага Рахімджона Тэшабоева са слядамі шматлікіх нажавых раненняў і задушвання было знойдзена ў яго аўтамабілі ў ноч на 19 жніўня 2014 года ў ваколіцах Душанбэ. Па версіі следства, асноўным матывам жорсткага забойства таксіста Тэшабоева стаў грашовы доўг у памеры 103 тысяч рублёў — грошы забітаму быў вінен расійскі кантрактнік Фёдар Басімаў.
Паводле версіі абвінавачвання, вайсковец Басімаў неаднаразова займаў грошы ў знаёмага таджыкскага таксіста пад працэнты.
За апошнія некалькі месяцаў у Таджыкістане адбылося некалькі сур'ёзных інцыдэнтаў, удзельнікамі якіх станавіліся расійскія вайскоўцы, што выклікала шырокі рэзананс і стала падставай для новых дыскусій аб расійскай ваеннай прысутнасці ў рэгіёне.