У Мінску і Гомелі знялі абмежаванні на раздробны продаж алкагольных напояў і піва. Цяпер спіртное можна будзе купіць нават у начны час, калі крама працуе кругласутачна.

Як растлумачылі ў Мінгарвыканкаме, рашэнне аб зняцці абмежаванняў было прынята пасля нарады па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі, якую 20 жніўня гэтага года правёў кіраўнік Беларусі. Аляксандр Лукашенка запатрабаваў ад урада навесці жорсткі парадак у гэтай сферы.

«Актыўная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапануе, практычна ўгробіла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння кошту і разам з кантрафактам — да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць — страты бюджэту. Прыватныя структуры за кошт паваротлівасці і за кошт не ведаю якіх фактараў занялі каля 35% рынка, пры гэтым нядобрасумленна пацясняючы дзяржаўныя структуры, у тым ліку з дапамогай сеткавых структур», — заявіў на нарадзе беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падчас нядаўняй апаратнай нарады на тэму эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне адзначыў, што за год рэалізацыя моцных алкагольных напояў скарацілася адразу на 30%. Пры гэтым, паводле яго слоў, піць менш не сталі.

«У вобласць вялікімі партыямі завозяць левы тавар, у асноўным, з Расіі. Такую гарэлку без дакументаў звычайна рэалізуюць у сельскіх крамах. Галоўная бяда ў тым, што многія адказныя кіраўнікі на месцах нават не заўважаюць гэтай з'явы, па сутнасці, змірыліся са становішчам спраў. Навучыцеся аналізаваць рынак — навучыцеся і гандляваць. Спірт — важная крыніца даходаў. Гэтую нішу нельга ўпускаць», — сказаў кіраўнік Гомельскай вобласці.

Забарона на продаж алкаголю ў Гомелі дзейнічала амаль два гады (з 31 кастрычніка 2013 г.), а ў Мінску — крыху больш за два месяцы (з 15 чэрвень 2015).

Увядзенне абмежавальных мер ГУУС Мінгарвыканкама тлумачыла тым, што рэалізацыя алкаголю ў гандлёвай сетцы горада ў начны час сутак аказвае найбольш негатыўны ўплыў на крымінагенную сітуацыю ў Мінску.

У той жа час дадзеныя УУС Гомельскага аблвыканкама даюць супярэчлівую карціну на гэты конт. Калі за мінулы год у Гомельскай вобласці ў стане алкагольнага ап'янення было здзейснена 2227 злачынстваў, што на 5,5% менш, чым у 2013 годзе, то за шэсць месяцаў гэтага года ў стане алкагольнага ап'янення было здзейснена 1128 злачынстваў, што на 2,9% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

«Я сёння размаўляў з работнікамі спецпрыёмніка. Груба кажучы, былога выцвярэзніка. Два дні як адмянілі забарону, але ў іх не адбылося ніякага значнага наплыву наведнікаў. П'яных было і так шмат. У іх у параўнанні з мінулым годам напаўняльнасць вышэйшая. Можа быць, гэта звязана са спякотай. Людзі перабіралі і гублялі арыентацыю. Прычын можа быць маса», — распавёў супрацоўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама.

На пытанне аб тым, наколькі эфектыўнай была забарона, суразмоўца адказаў, што «людзі п'юць усё роўна».

Варта адзначыць, што ў Мінску падчас дзеяння забароны на продаж алкаголю пасля 22:00 піва і гарэлку можна было спакойна набыць у так званых «бутлегераў» і таксістаў. Праўда, па двайной цане.

Доктар-псіхатэрапеўт Дзмітрый Сайкоў, які ўжо больш за 30 гадоў займаецца лячэннем алкагольнай залежнасці, лічыць зняцце забароны на продаж алкаголю ў вячэрні і начны час часовай мерай і звязвае рашэнне уладаў «з сур'ёзнай эканамічнай сітуацыяй».

«Усе звёны эканамічнага ланцужка цяпер павінны напружыцца, каб неяк разрульваць сітуацыю. Як грамадзянін я гэта разумею, але як спецыяліст не магу радавацца таму, што мы вымушаныя ісці на гэты крок. У цэлым такія часовыя абмежаванні ў плане барацьбы з алкагалізмам асаблівай ролі не граюць, але ў комплексе з іншымі мерапрыемствамі гэта ўносіла сваю лепту», — кажа доктар Сайкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?