Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з польскімі спецыялістамі распрацоўвае праект па стварэнні трансгранічнай папуляцыі зубра. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 26 жніўня паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка.

Паводле яе слоў, цяпер Беларусь займае першае месца па колькасці зуброў, якія жывуць у стане натуральнай волі. «Пачынаючы з 10 зуброў у 1940-х гадах, мы прыйшлі да лічбы больш за 1.200, і цяпер спрабуем разам з польскімі калегамі падрыхтаваць праект, які дазволіць стварыць трансгранічныя папуляцыі зубра і ўсё-такі пашырыць арэал пражывання», — сказала яна.

Раней па ініцыятыве Беларусі доўгі час распрацоўвалася канцэпцыя праграмы Саюзнай дзяржавы «Фарміраванне аптымальнага арэала еўрапейскага зубра як гарантыі яго доўгачасовага захавання» («Дарожная карта для зубра»), якая прадугледжвала аднаўленне фрагментаў ранейшага арэала пражывання еўрапейскага зубра на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Аднак, як адзначыла Мінчанка, Мінпрыроды Расіі спыніла працу па гэтым кірунку. 

«Таму мы хутка пераключыліся на польскі бок. Ёсць разуменне, ёсць падтрымка з боку палякаў, ёсць падтрымка Савета Еўропы па гэтым пытанні. Мы вельмі спадзяемся, што ў найбліжэйшыя некалькі гадоў у нас будзе сумесны праект з імі», — сказала яна.

Паводле слоў Мінчанкі, Мінпрыроды Беларусі накіроўвае ў Расію шмат праектаў, якія, аднак, не знаходзяць падтрымкі з боку расійскага ведамства, і супрацоўніцтва паміж краінамі лепш развіваецца на рэгіянальным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?