У Мінску кватэрнае пытанне стала прычынай братазабойства, паведаміла прэс-афіцэр Ленінскага РУУС сталіцы Таццяна Кавалёва.
Брат і яго 39-гадовая сястра сумесна распівалі спіртныя напоі ў сябе ў чатырохпакаёвай кватэры. Паводле звестак міліцыі, жыллё насіла рэпутацыю прытона, і на алкагольнай глебе канфлікты здараліся тут часта. На гэты раз прычынай сваркі паміж сваякамі стала кватэрнае пытанне.
Як устаноўлена міліцыянтамі, жанчына нанесла мужчыну некалькі ўдараў кухонным нажом у грудную клетку. На момант здзяйснення злачынства ў кватэры таксама знаходзіліся пляменнік і знаёмыя пацярпелага. Пасля таго, што здарылася, яны выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу. Аднак ад нажавых раненняў мужчына памёр, яго ж сястра паспяшалася збегчы.
Менш за суткі аператыўнікам Ленінскага РУУС спатрэбілася, каб затрымаць падазраваную. Яны выявілі кола асоб, у якіх жанчына магла быць. Яе знайшлі ў кватэры знаёмых.
У цяперашні час яе дзеянні кваліфікаваныя следствам па ч.1 арт.139 (забойства) Крымінальнага кодэкса Беларусі. У міліцыі дадалі, што падазраваная і яе прыяцелі злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі. Жанчына раней судзімая за крадзяжы і незаконныя дзеянні з наркотыкамі.