Беларускі клуб у пяты раз у гісторыі будзе гуляць у групавым этапе футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Пацвердзілася правіла, што ў раўндзе плэй-оф Лігі чэмпіёнаў наш чэмпіён яшчэ не прайграваў апанентам. Пяць перамог у пяці дуэлях.

На гэты раз у ролі няўдачніка выступіў бялградскі «Партызан». Каманда са слаўным мінулым, але з не самай яркай сучаснасцю. Гульня тыднёвай даўніны прынесла мінімальную перамогу БАТЭ — 1:0. Адзіны мяч напрыканцы гульні забіў Міхаіл Гардзяйчук.

Некаторыя футбольныя спецыялісты папярэджвалі, што ў Бялградзе мы можам убачыць абсалютна іншы «Партызан». Больш мэтанакіраваны і канцэнтраваны. Тым больш пры такой падтрымцы родных трыбун.

Ды не, БАТЭ зноў дамінаваў. Асабліва ў першым тайме каманда Аляксандра Ермаковіча цалкам перайгравала суперніка. Не дзіва, што лік на 25-ай хвіліне адкрыў Ігар Стасевіч, пасля таго як выхад адзін на адзін не рэалізаваў Міхаіл Гардзяйчук.

Варта адзначыць, што перад гэтым траўму атрымаў наш форвард Віталь Радзівонаў, яго замяніў Мікалай Сігневіч.

Аднак без нервавання ў другім тайме ўсё ж не абышлося. На 74-ай хвіліне БАТЭ прапусціў даволі дурны гол. Была атака з левага фланга, Петравіч прабіў па варотах, але мяч трапіў у нашага абаронцу Максіма Жаўнерчыка і ўскалыхнуў сетку.

«Партызан» адчуў пах крыві і рынуўся атакаваць. У кампенсаваны час сербы вырвалі перамогу. Пасля памылкі Чэрніка адзначыўся Шапоніч — 1:2. 

БАТЭ вяртаецца з Бялграда з паразай у канкрэтнай гульні, але з перамогай у суме двух матчаў. Наша каманда зноў будзе гуляць у Лізе чэмпіёнаў. Лёсаванне адбудзецца заўтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?