У Беларусі ўведзена дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспертыза прадукцыі замежнай вытворчасці з выдачай санітарна-гігіенічнага заключэння. Выключэнне складае прадукцыя, якая падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 666 ад 6 жніўня 2015 года, якая сёння ўступае ў сілу.

Дакументам уносяцца дапаўненні ў адзіны пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, зацверджаны пастановай Саўміна нумар 156 ад 17 лютага 2012 года. 

Санітарна-гігіенічная экспертыза прадукцыі замежнай вытворчасці ўводзіцца ў мэтах забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці і прадухілення паступлення на тэрыторыю Беларусі небяспечнай прадукцыі імпартнай вытворчасці.

Пастанова, у прыватнасці, змяшчае пералік дакументаў, што прадстаўляюцца для дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы прадукцыі замежнай вытворчасці. Як растлумачылі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, для гэтых мэт прымаюцца пратаколы лабараторных даследаванняў (выпрабаванняў), выкананыя лабараторыямі, акрэдытаванымі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Беларусі, у тым ліку праведзеных да моманту ўступлення ў сілу пастановы нумар 666 (пры ўмове адпаведнасці аб'ёму даследаванняў і паказчыкаў бяспекі патрабаванням заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці). Пры гэтым тэрмін дзеяння пратакола, што прадстаўляецца для мэт санітарна-гігіенічнай экспертызы, не павінен перавышаць аднаго года з моманту яго афармлення.

Пратаколы даследаванняў (выпрабаванняў) на працягу аднаго года з моманту іх афармлення могуць быць выкарыстаны пры выдачы санітарна-гігіенічных заключэнняў на наступныя партыі ўвозімай гэтым суб'ектам гаспадарання прадукцыі ва ўстанове, што выдала першаснае заключэнне. Пры гэтым неабходнай умовай з'яўляецца адсутнасць змяненняў саставу прадукцыі, што ўплывае на яе гігіенічную бяспеку, а таксама змяненняў гігіенічных патрабаванняў да прадукцыі ў тэхнічных нарматыўных прававых актах.

На кожную наступную партыю ўвозімай гэтым суб'ектам харчовай прадукцыі, дзіцячых цацак, касметычнай прадукцыі дадаткова прадастаўляюцца пратаколы даследаванняў (выпрабаванняў) па скарочанай наменклатуры паказчыкаў (параметраў) гігіенічнай бяспекі з улікам віду і саставу прадукцыі, сферы прымянення, прызначэння.

З моманту атрымання інфармацыі ад кантралюючых органаў або ўстанаўлення ў ходзе дзяржаўнага санітарнага нагляду факта неадпаведнасці прадукцыі патрабаванням заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці для мэт дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы прадстаўляюцца пратаколы выпрабаванняў кожнай увозімай партыі гэтай прадукцыі ў поўным аб'ёме. 

У рамках адміністрацыйнай працэдуры таксама вызначаны пералік упаўнаважаных органаў, устаноўлены тэрміны дзеяння санітарна-гігіенічнага заключэння і памер спаганяемай платы. Гэта адміністрацыйная працэдура будзе аказвацца 36 установамі, што ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Па пытаннях парадку і ўмоў правядзення дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы прадукцыі можна звяртацца ў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?