Грамадства5050

Замест медыятара быў патрон — пяць фактаў пра Алеся Чаркашына, беларуса, які загінуў за Украіну

Учора ад раненняў, атрыманых два з паловай тыдні таму, памёр беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса «Правы сектар» 33-гадовы Алесь Чаркашын. Ён меў пазыўны «Тарас», а ваяваў ва Украіне ад пачатку зімы. Гэтая першая смерць сярод некалькіх дзясяткаў беларусаў, што ваююць за незалежнасць Украіны. «НН» сабрала ў адзін матэрыял усе, што вядома пра Чаркашына.

Быў сябрам «Краю», «Зубра», БХД

Алесь Чаркашын даўно быў у нацыянальным руху. Яшчэ пры канцы 1990-х – пачатку 2000-х ён быў сябрам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пасля з’яўляўся актывістам «Зубра». У 2009 ён прыйшоў у Хрысціянскую дэмакратыю, стаў каардынатарам аргкамітэта партыі па Брэсце.

Прарок з акрываўленымі рукамі

«У 2011 годзе яны разам з Змітром Шурхаем ладзілі ў Брэсце маўклівыя акцыі, іх затрымлівалі не раз, — кажа сустраршыня хадэкаў Павел Севярынец. — Ён быў прадпрымальнікам, але аддаваў сябе і грамадскім справам. На Плошчы 2010 года абараняў людзей ад збіцця, нават маю матулю. 15 снежня 2013 зладзіў найбольш яркую сваю акцыю. Ён выйшаў да Брэсцкага аблвыканкама ў адзенні прарока з «акрываўленымі» рукамі, у ланцугах. Вось як сёння стаіць перад мной такая карціна. Ён заклікаў людзей пакаяцца за грахі, а ўладу папярэджваў за злыя дзеянні супраць людзей».

Вернік

Нават на вайне ён заўсёды меў з сабой кішэнны «Новы Запавет» з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». «Ён фактычна выконваў ролю капелана, настаўляў нас у пытаннях рэлігіі», — кажа добраахвотнік «Док», паплечнік Чаркашына.

Чаркашын быў перакананы, што вернік павінен сумяшчаць веру і палітыку. Вось што ён казаў пра гэта ў інтэрв’ю радыё «Свабода»:

«Для мяне Бог, зносіны з ім, зносіны з братамі і сёстрамі ў царкве — нашмат важнейшыя. Але я жыву ў гэтай краіне, і мне не ўсё роўна, што тут адбываецца. Я люблю сваю краіну, я люблю гэтых людзей. І, канечне ж, мне хочацца жыць у больш вольнай краіне. Таму і як хрысьціянін, і як грамадзянін я актыўны. Больш за гэта, цэрквы павінны пускаць Бога ў дзяржаўны апарат, каб потым не казаць, што гэта брудная справа».

Ва Украіне ён навучаўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў горадзе Херсон.

Граў на гітары

Нават на вайне Алесь Чаркашын не ўпускаў магчымасць узяць у рукі гітару. Замест медыятара выкарыстоўваў патрон.

У інтэрнэце захаваўся надзвычай пранізлівы спеў «Тараса» на верш Ларысы Геніюш. Сёння гэтыя радкі ўспрымаюцца як прарочыя:

Між белых камлёў захісталася смерць.
Яна за аддзелам начамі качуе.
Мо заўтра зноў будуць сасонкі шумець
Над намі, а мы ўжо жыцця не пачуем…

Ніхто ж не баіцца, ніхто не дрыжыць!
Йдзем волі насустрач шляхамі святымі.
Назначана жыць нам, так будзем жа жыць,
гатовы на мукі за шчасце Радзімы. 

Хоць цені пагрозаў снуюцца ў бары, выходзім!
Мігаюць падковамі коні.
Я — з вамі! Ах, мілы, вазьмі — мы ж сябры,
сябры з-пад адное каханай Пагоні.

Гуляў у футбол

Ён іграў у камандзе Хрысціянскіх дэмакратаў на штогадовым турніры імя Генадзя Карпенкі. З дапамогай Чаркашына, хрысціянскія дэмакраты нават заваявалі бронзавыя медалі турніра.

Узняў бел-чырвона-белы сцяг у Пясках

У лютым сёлета пасля смерці некалькіх украінскіх пабрацімаў Алесь Чаркашын узняў у Пясках бел-чырвона-белы сцяг як сімвал супольнай свабоды.

Пахаванне хутчэй за ўсё будзе ў аўторак

Вядома, што рэфрыжэратар з целам Алеся Чаркашына правязуць на беларускую мяжу ў панядзелак. Пакуль незразумела, ці цела адразу аддадуць родным, ці яшчэ павязуць у берасцейсці морг. Дакладна вядома, што ў панядзелак развітанне з Чаркашыным плануецца ў царкве. Хутчэй за ўсё, пахаванне будзе ў аўторак. 

Каментары50

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Спецпрадстаўнік ЗША пракаментаваў атакі ўкраінскіх дронаў па расійсікіх аэрадромах падчас аперацыі СБУ «Павуцінне»9

«Абражаў рэлігію і Бога». Чачэнцы заявілі, што блогера ў Маскве не выкралі, а «прафесійна затрымалі» сілавікі5

Ціна Палынская і яе 22-гадовая дачка знаходзяцца пад вартай1

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту ВКЛ Яна Няпрэцкага3

Як дачка новага прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага стала зоркай і скрала ўвагу ўсёй краіны7

Як змагаецца за жыццё кур'ер, які ехаў на электравеласіпедзе на пешаходным пераходзе на зялёнае, але трапіў пад аўто9

Не баяцца ні бога ні чорта. Як тайныя пакупнікі кашмараць крамы пад Мінскам11

Уласнікі Realt.by пашыраюць бізнэс на Польшчу, ААЭ і Чарнагорыю1

У Расіі адбыўся другі за два дні пажар на заводзе па вытворчасці матораў для вайсковай тэхнікі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць