У Гародні ўсе 11 509 подпісаў, сабраныя ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, прызнаныя несапраўднымі.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў падчас праверкі выявілі, што подпісы сфальсіфікаваныя: у падпісных лістах значацца аўтографы нябожчыкаў і людзей, існаванне якіх не пацвярджаюць супрацоўнікі службы па грамадзянству і міграцыі.

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка і яго ініцыятыўная група не сабралі у Гародні ніводнага сапраўднага подпіса, — канстатуе незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Раман Юргель. — Узятыя на праверку подпісы прызнаныя несапраўднымі. Нам, назіральнікам, паказалі адказы абласнога Упраўлення унутраных спраў, у якіх утрымлівалася інфармацыя пра тое, што ў падпісных лістах нумары пашпартоў не супадаюць з прозвішчамі людзей і ўсе подпісы недаставерныя.

Справа аб падробленых подпісах ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі павінна разбірацца на бліжэйшым паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі.

У Гарадзенскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі паведамілі, што усе неабходныя дакуманты, якія пацвярджаюць факт фальсіфікацыі, будуць высланыя ў Менск.

Не выключана, што справай зацікавяцца супрацоўнікі міліцыі і яна будзе мець крымінальнае адценне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?