На Кастрычніцкай плошчы адбыўся чарговы флэш-моб. У знак салідарнасьці ўдзельнікі акцыі ў 18.00 прыйшлі на месца зьнесенага намётавага гарадку, прыселі, дакрануліся рукамі да зямлі – і прасядзелі так некалькі хвілінаў, а пасьля разышліся. Але ж супрацоўнікам спэцслужбаў таксама трэба праводзіць свае «мерапрыемствы», каб паказаць у наступны раз, хто ў доме гаспадар. Спакойна дамоў дайшлі ня ўсе моббэры. Частка іх правяла некалькі гадзінаў галоўнага праваслаўнага сьвята ў АМАПаўскім ПАЗіку і ў адзьдзяленьнях міліцыі.

Зь сябруком ішлі на плошчу – паглядзець на флэш-моб ды й проста прагуляцца, надвор’е спрыяла. Але прыгоды пачаліся ўжо каля экрану. Пабачыўшы значок «За свабоду», да нас падыходзяць двое ў цывільным з навушнікам а-ля сэк’юрыты кожны. Моўчкі зрываюць значок, на пытаньне «У чым праблема?» адказваюць: «В тебе» і пачынаюць лаяцца словамі, якіе сорамна ўжываць ня толькі на рэлігіёзнае сьвята, але й ва ўсе астатнія дні. «Патриот (выразана цанзурай), пшол на (выразана цанзурай) отсюда». Разумеем, што найлепшым ходам будзе проста ісьці далей па сваіх справах.

Улічваючы абставіны, дамаўляемся зь сябрам у акцыі ня ўдзельнічаць. Пакідаю яго мэтраў за сорак ад месца галоўнага дзеяньня, сам уключаю фотакамэру й раблю некалькі здымкаў. Удзельнікі, зрабіўшы сваю справу, пачынаюць разыходзіцца. Робім тое ж самае. Але дайсьці нават да «піраміды» нам ня далі яшчэ двое «малодчыкаў», таксама ў цывільным. «Пройдёмте - милиция». Пытаюся, навошта. «Для выяснения личности». Прапаноўваю паказаць пашпарт на месцы, дэманструю пасьведчаньне журналіста – нуль рэакцыі. На просьбу пабачыць дакумэнт міліцыянта спадар рэагуе на зьдзіўленьне адэкватна – працягвае й называе прозьвішча (у дакумэнце не было нават імя, толькі фотаздымак, таму прыйшлося зацікавіцца самаму). Адыходзім да бліжэйшага да музэю ВАВ тарца Палаца рэспублікі – там ужо чакае ПАЗік. Загадваюць забірацца ўнутр.

Заходжу першым – атрымліваю ўдар пад дых, мяне хапаюць за валасы й кідаюць у «салон». Спрабую сесьці, але кулак у твар прымушае дыслакавацца на падлозе. Сябруку даюць далоньню ў скроню і загадваюць «прызямліцца» каля мяне. Аглядваюся – сядзяць спэцназаўцы ў цывільным і парачка гэбэшнікаў, бліжэй да задняга сядзення разьмясьціліся яшчэ двое «запакаваных». На тым самым заднім сядзеньні, дзе адпачывалі ад несумненна нялёгкай працы «спэцы», ляжаць «снарады» – бутэлькі зь півам па паўтары літры. Праз некалькі хвілінаў да нас кідаюць «папаўненьне» – шчэ чатырох маладых спадароў. «Зашчытнікі Ацечаства» «праходзяцца» кулакамі й нагамі па ўсіх затрыманых – «для прафілактыкі» – і паліваюць ня проста нецэнзурнымі словамі, а такім адборным матам, што вушкі паступова скручваюцца ў трубку. Самае ласкавае, што давялося ад іх пачуць, гэта «быдла». «Мы из-за таких уродов уже три дня без отдыха… (выразана цанзурай)» – зноў удары. «Свободы им тут мало, щас мы вам покажем свободу…(выразана цанзурай)». «Хлопцы, усе будзе ў парадку» – спрабую хоць як суцешыць іншых затрыманых.

Аўтобус паціху ад’язджае. Зноў шэраг няпрыстойных выразаў і пагрозы. «Ааа, щас мы вас на Окрестина отвезем, там вы попляшете», «Посадим к самым ярым бандюкам, и всех по разным камерам», «О, давайте их в спортзал затянем, всю злость выместим?», «Учитесь, наверное… Все, отучились, гы-гы-гы», «Обещаем вас даже угостить: каждый по яйцу получит. Дубинкой,» – самыя мягкія й ацанзураныя абяцаньні. Пачынаецца «шмон» – выкладваем усе з карманаў, па першым патрабаваньні выключаем мабільнікі. У мяне канфіскуюць флэш-картку з фотакамэры, залазяць у бумажнік і праглядаюць усе візіткі, паперкі з нумарамі тэлефонаў, забіраюць USB-картку. «Прыватызуюць» дакумэнты: пасьведчаньні, пашпарты, студэнцкія білеты, запісваюць усе дадзеныя, празь пінкі даведваюцца месца жыхарства, працы, вучобы. Зноўку абяцаюць «салодкае жыцьце», загадваюць закласьці рукі за галаву й глядзець у пол, за кожную «пагрэшнасьць» зьбіваюць. «Лучше бы в церковь сходили, а тут еще и родителям проблем добавите» – «турбуюцца» пра нас спэцназаўцы.

Пад’язджаем да нейкага будынку, спыняемся. «РОВД Центрального района г. Минска» – знаёмы надпіс. Перад «высадкай» яшчэ раз абшукваюць. Выкідваюць з ПАЗіку, трымаюць за курткі, «каб ня зьбеглі». Заводзяць у адно з памяшканьняў будынку, садзяць на лаўку перад таварышам у форме – пэўна, галоўны. Адзін з «папутчыкаў» у цывільным кладзе ўсе дакумэнты й канфіскаваныя рэчы на стол міліцыянту. Той распачынае ўжо знаёмую працэдуру – выпытвае й запісвае пашпартныя дадзеныя, тыя ж месца вучобы ці працы, у непаўналетніх – імя, прозьвішча й дату нараджэньня аднаго з бацькоў. З калідору чуецца улюлюканьне й выразы кшталту «Щас мы им припаяем распитие спиртных напитков – и в приемник». Міліцыянт тым часам кудысьці тэлефануе, называе лічбу «восем» – колькасьць арыштантаў – і першыя літары прозьвішчаў. Потым кажа мне й шчэ двум спадарам: «Вы – на выход. Свободны.» Пытаюся, ці можна атрымаць назад свае флэш-карткі, прапаноўваю прагледзець усе файлы, таварыш «дае дабро» адразу, без праверкі. Пакуль «вяртаю на Радзіму» свае рэчы, у пакой зыходзіць гэбэшнік – правясьці «разъяснительные работы». Чую: «Учиться надоело или что? Что вы там забыли? Как это, интересно, ваша свобода ограничивается?» Апошняе пытаньне пра сябе заношу ў разрад рытарычных і хуценька сыходжу.

Астатнія пяцёра дзясятак-другі хвілінаў мелі гонар паслухаць лекцыю й таксама былі адпушчаныя. На вуліцы размаўляю з таварышамі па няшчасьцю. Адзін зь іх, як апынулася, быў схоплены падчас зьнішчэньня намётавага гарадку і адсядзеў дзесяць сутак на Акрэсьціна. Пагутарылі. Дачакаліся яшчэ некалькіх, абмеркавалі сытуацыю й, разьвітаўшыся воклічам «Жыве Беларусь!», пайшлі кожны па сваіх справах – правясьці рэштку такога няадназначнага ў гэты год сьвята ня так экзатычна, як давялося.

П. Скабічэўскі, спецыяльна для сайту Хартыі’97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0