33-гадовы Алесь Чаркашын ваяваў за незалежнасць Украіны ў Данбасе. У пятніцу ён памёр ад цяжкіх раненняў, атрыманых два з паловай тыдні таму, калі расійскія баевікі спрабавалі прарваць украінскую лінію абароны каля Старагнатаўкі.

Чаркашын ваяваў у складзе групы беларусаў-добраахвотнікаў. Ён меў пазыўны «Тарас», знаходзіўся ва Украіне ад пачатку зімы. Гэтая першая смерць сярод некалькіх дзясяткаў беларусаў, што ваююць за незалежнасць Украіны. 

Быў сябрам «Краю», «Зубра», БХД

Алесь Чаркашын даўно быў у нацыянальным руху. Яшчэ пры канцы 1990-х – пачатку 2000-х ён быў сябрам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пасля з’яўляўся актывістам «Зубра». У 2009 ён прыйшоў у Хрысціянскую дэмакратыю, стаў каардынатарам аргкамітэта партыі па Брэсце.

«У 2011 годзе яны разам з Змітром Шурхаем ладзілі ў Брэсце маўклівыя акцыі, іх затрымлівалі не раз, — кажа сустраршыня хадэкаў Павел Севярынец. — Ён быў прадпрымальнікам, але аддаваў сябе і грамадскім справам. На Плошчы 2010 года абараняў людзей ад збіцця, нават маю матулю».

Вернік

Нават на вайне ён заўсёды меў з сабой кішэнны «Новы Запавет» з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». «Ён фактычна выконваў ролю капелана, настаўляў нас у пытаннях рэлігіі», — кажа добраахвотнік «Док», паплечнік Чаркашына.

Чаркашын быў перакананы, што вернік павінен сумяшчаць веру і палітыку. 

Ва Украіне ён паралельна навучаўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў горадзе Херсон.

Граў на гітары

Нават на вайне Алесь Чаркашын не ўпускаў магчымасць узяць у рукі гітару. Замест медыятара выкарыстоўваў патрон.

У інтэрнэце захаваўся надзвычай пранізлівы спеў «Тараса» на верш Ларысы Геніюш. 

Гуляў у футбол

Ён іграў у камандзе Хрысціянскіх дэмакратаў на штогадовым турніры імя Генадзя Карпенкі. З дапамогай Чаркашына, хрысціянскія дэмакраты нават заваявалі бронзавыя медалі турніра.

Узняў бел-чырвона-белы сцяг у Пясках

У лютым сёлета пасля смерці некалькіх украінскіх пабрацімаў Алесь Чаркашын узняў у Пясках бел-чырвона-белы сцяг як сімвал супольнай свабоды.

Вядома, што рэфрыжэратар з целам Алеся Чаркашына правязуць на беларускую мяжу ў панядзелак. Пакуль незразумела, ці цела адразу аддадуць родным, ці яшчэ павязуць у берасцейсці морг. Дакладна вядома, што ў панядзелак развітанне з Чаркашыным плануецца ў царкве. Хутчэй за ўсё, пахаванне будзе ў аўторак. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0