Бачыў на сайтах паведамленні аб тым, што ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі быў цяжка паранены беларус з пазыўным «Тарас». Не мог уявіць… і не магу дагэтуль.

Мы не былі сябрамі. Хутчэй — «старымі знаёмымі», бо ведалі адзін аднаго з юнацтва. А менавіта, з маіх шаснаццаці гадоў. Алесь быў на год за мяне старэйшы.

Мы пазнаёміліся пры канцы 90-х, у тусоўцы такіх жа падлеткаў, якія захапляліся «цяжкай» музыкай і шукалі сэнс жыцця. У Берасці тая тусоўка звалася «Зялёнкаю».

Збіралася часамі па 100—120 маладзёнаў адначасова. У Алеся тады былі вельмі доўгія патлы, ледзь не па самае «німагу». Гэта ўжо потым, калі былі мы разам з ім удзельнікамі адной з нацыяналістычных арганізацый з вайсковым ухілам і кватаравалі ў Менску напярэдадні чарговага «Маршу Свабоды», ён атрымаў загад пастрыгчыся. Загады не абмяркоўваліся, таму рушылі з ім у цырульню — вядома, шукалі такую, дзе прымалі валасы за грошы. Мы існавалі ў «спартанскіх» умовах, і грошай заўжды бракавала. Аднак прадаць валасы не ўдалося.

Маім першым уражаннем ад Алеся было — звычайны «нефер» з мікрараёна. Я быў сябром «Маладога Фронту», а Алесь цікавіўся ўсім што было, так бы мовіць, «пад забаронаю». І вось, неяк Алесь звярнуўся да мяне менавіта «па гэтай тэме»…

Метады Маладога Фронту нам падаваліся занадта лагоднымі, таму мы пайшлі ў «спартова-патрыятычную арганізацыю». Менавіта там мы сталі з Алесем пабрацімамі. Тады ён узяў сабе псеўду «Смерч».

Далей — шматлікія «вышкалы» (трэніроўкі ў палявых умовах), харч з аднаго казана, вогнішча, песні да адбою. Алесь і вывучаў ўсходнія адзінаборствы, і файна граў на гітары). Жыццё пад адным дахам на канспіратыўных кватэрах, выкананне «дробных абавязкаў беларускага нацыяналіста» ў начных гарадах Беларусі, пазменнае тыражаванне відэакасэт з запісамі незалежнай дакументалістыкі і музыкі… Нават ахова ад правакацый адной з рэдакцый незалежных газет на пачатку 2000-х… Усяго хапала.

Памятаю, неяк закінуў лёс на футбольны «Кубак Свабоды» што праходзіў пад Барысавам, і Алесь адразу ж зрабіўся форвардам нашай каманды.

Аднак, неўзабаве мяне паклікала вучоба. І нашы шляхі разышліся на гады.

Наступная «доўгатэрміновая» сустрэча адбылася… на маладзёвым хрысціянскім летніку. Я і сам там апынуўся нечакана для сябе, і Алеся бачыць там было нечакана, бо ён у маладосці даволі сур’ёзна цікавіўся акультызмам і містыкай. Аднак, як высветлілася, на той час Алесь ўжо з год наведваў адную і тую ж баптысцкую царкву, якую наведвае і мая маці. А праз нейкі час ён запрасіў мяне на сваё воднае хрышчэнне. Я зразумеў: чалавек знайшоў сябе. А магчыма, і нешта нашмат большае ў жыцці.

Пасля снежаньскіх падзей 2010 года я зноў ўцягнуўся ў грамадскую дзейнасць. І зноў сутыкнуўся з Алесем. Ён быў адным з каардынатараў «Маўклівых серадаў» у Берасці. У снежні 2011 года яго расшуквалі за заклік выйсці на цэнтральную Яліну горада і падчас выступу Лукашэнкі скандаваць «Сыходзь!», а под бой курантов — «ШОС».

Пасля гэтага маму Алеся дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Як ён расказваў, пагражалі звольніць з работы. Алеся крайне абурыла гэта — як можна чапаць, мучыць маму?

А апошні год… Раз-пораз ён нешта выкладаў ў сацыяльных сетках, недзе ставіў «падабайкі», рабіў рэпосты. Нячаста, але ўсё ж прысутнічаў ў скайпе. Інтэрнэт стварае ўражанне, што чалавек побач, а ён можа быць так далёка…

Ён быў ідэалістам. Ён быў… А для мяне — ён застаецца. Стаіць перад вачыма як чалавек са сваім лёсам, эмоцыямі, пошукамі. Проста — яшчэ адно сэрца на алтары Свабоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?