Можа, памяняем Лукашэнку на Беларускую губерню ў складзе РФ?

Нехаця думаеш, што менавіта гэтую мэту пераследуюць апазіцыянеры, калі знаёмішся з публічнымі выступамі такіх палітыкаў, як Саннікаў, Пазняк і нядаўна вызвалены Мікалай Статкевіч. Ледзь не ўсе заклікаюць Еўропу да санкцый з мэтай «скінуць» Лукашэнку. З агульнага шэрагу вылучаўся хіба што Мілінкевіч, які супраць санкцый. Здаецца, і спадар Някляеў займаў больш узважаную пазіцыю. Магчыма, ёсць і іншыя, каго не ведаю.

Саннікаў і Пазняк збеглі за кардон. Што тычыцца Мікалая Статкевіча, гэта іншы тып асобы. Яго мужнасць выклікае павагу. Ён баец, і можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што не ўцячэ ў выпадку небяспекі, уяўнай ці рэальнай.

І справа не ў наглядзе. Для былога вайскоўца паліцэйскі нагляд не перашкода. А вось што тычыцца яго якасцяў як палітыка, ёсць вялікія сумневы, што ён лепш справіўся б з роляй прэзідэнта, на дадзеным гістарычным адрэзку, чым дзейны Аляксандр Лукашэнка.

Вялікі рускі паэт-дэмакрат Мікалай Някрасаў выказаў простую думку, што светам (як і асобным чалавекам) кіруе голад. Разумее гэта і Статкевіч. Цытата з яго выступу: «… у людзей ёсць яшчэ інстынкт голаду. У 1914 годзе ўсе крычалі: «Ура! Возьмем Басфор і Дарданэлы!», а праз два з паловай гады з-за нясвоечасовага завозу хлеба ў Петраград сваіх учорашніх куміраў разнеслі».

Статкевіч асуджае людзей, якія, насуперак яго закліку да байкоту, хочуць удзельнічаць у выбарах: «У спіс кандыдатаў штучна ўключылі людзей, уся задача якіх у тым, каб пасля выбараў сказаць, што яны былі сумленнымі, звярнуцца да еўрапейскай супольнасці: здымайце санкцыі…»

Вось як характарызуе Статкевіч Лукашэнку: «Мы не верым у гэтыя патрыятычныя прыступы, паколькі памятаем іншага Лукашэнку з сярэдзіны 90-х гадоў, які быў гатовы здаць нас шасцю абласцямі наўзамен пасады галоўнага ў краіне. Ён не змяніўся, і наша задача не дапусціць легітымацыі Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта, каб ён на афіцыйных падставах не мог здаць суверэнітэт Беларусі, калі паспрабуе зрабіць гэта пад ціскам звонку». І, вядома, заклікае беларусаў «ігнараваць гэтыя выбары».

Але Лукашэнка ў 90-х і сённяшні — гэта два розныя чалавекі. Зрэшты, і сам Статкевіч у іншым тэксце прагаворваецца пра сённяшняга Лукашэнку: «…Лукашэнка паказаў сябе як добры дыпламат і выкарыстаў гэтую сітуацыю, каб, па-першае, аслабіць ціск Расіі па лініі інтэграцыйных аб'яднанняў і, па сутнасці, звесці на нішто ўсе гэтыя саюзы, а з другога боку, каб завязаць адносіны з Еўрапейскім Саюзам. На жаль, ва ўнутранай палітыцы і, асабліва ў эканоміцы, ён як быў старшынёй калгаса, так і застаўся…»

Тут, здавалася б у пісьменнага чалавека, відавочныя праблемы з логікай. Мабыць, асабістая крыўда, эмоцыі перабіраюць цераз край і перашкаджаюць рацыянальна мысліць. Што ж датычыць Лукашэнкі як «старшыні калгасу», то ж сам Статкевіч нават старшынёй калгаса не быў? Вайсковец — гэта далёка не старшыня калгаса. Калі б падобную ацэнку даў вядомы эканаміст, то можна і прыслухацца. Дарэчы, расійскую эканоміку пераводзілі ў «рынак» зусім не былыя старшыні калгасаў, а спрэс дактары і акадэмікі ад эканоміі. І што ў выніку?! Яна функцыянуе горш за беларускую і трымаецца выключна на продажы сыравіны: нафты, газу, алмазаў і золата. Ну, так! Пуцін можа пахваліцца, што амаль дагнаў ЗША па колькасці мільярдэраў, затое траціна насельніцтва гібее ў галечы. Па якасці жыцця Расія дзесьці ў апошняй трэці аанаўскага спісу.

Але вось што небяспечна ў меркаваннях Статкевіча і што збліжае яго са спадаром Саннікавым: «Па-першае, чаго б мы чакалі ад Расіі: нармальных, на самай справе брацкіх адносін. Не трымаць на прывязі і кудысьці не пускаць. Мы і самі нікуды не пойдзем і будзем улічваць вашы інтарэсы, калі вы будзеце паважаць нашы інтарэсы. І будзем улічваць вашыя пажаданні …»

Тут спадар Статкевіч змешвае нейкую абстракцыю, «эўфемізм» пад імем Расія з палкоўнікам КДБ Ул. Пуціным. Расія і Пуцін — паняцці зусім незалежныя адно ад аднаго. Па факце Пуцін і ёсць «расія», чаго Статкевіч з Саннікавым даканца не разумеюць. Пра якія «братэрскія» адносіны з Пуціным можа ісці гаворка?! Накшталт тых, як у авечак з ваўком? У Пуціна якраз выразная мэта: усіх вакол «трымаць на прывязі». Хіба досвед Украіны, Грузіі, Малдовы і іншых былых нічому не вучыць? Дык якія ж «пажаданні» Пуціна хочуць улічваць спадары Статкевіч з Саннікавым, хацелася б спытаць? Асабліва замілоўвае фраза «мы і самі нікуды не пойдзем». А як жа быць з лозунгамі «Еўрапейская Беларусь» і з марай аб абароне НАТО? Я памятаю, як у адным з першых інтэрв'ю ў Лондане спадар Саннікаў абвінавачваў Лукашэнку ў махлярстве пры перамовах з Пуціным. Маўляў, не трымае абяцанні, не ўмее дамаўляцца і гэтак далей. Мне падумалася: дык табе чые інтарэсы важнейшыя, Пуціна ці Беларусі ў асобе Лукашэнкі?

Прадказанне Статкевіча, што мільён беларусаў гатовы абараняць краіну пры ўварванні Пуціна, узятае з неба. Нацыянальная свядомасць украінцаў, іх антыпатыя да рускай імперыі традыцыйныя і значна вышэйшыя, чым у беларусаў. І што мы назіраем?! Масавая здрада, як сярод афіцэрства, так і чыноўнікаў, сярод спецслужбаў, міліцыі. І гэта ва ўмовах, калі смяротная небяспека над краінай. 40-мільённая дзяржава не можа толкам правесці ні адну паўнавартасную мабілізацыю. Дэзертырства ў парадку рэчаў. Патрыёты тыпу Яраша з асабістых амбіцый нярэдка ўносяць анархію, дэзарганізуюць працу законнай улады. Затое там «дэмакратыя!» — скажаце вы. А тут яшчэ еўрабюракраты вяжуць рукі Парашэнку з патрабаваннем выканання «еўрапейскіх каштоўнасцяў», у надзвычайных умовах, калі краіна на мяжы развалу з-за падрыўной дзейнасці Пуціна.

Можа быць, Статкевіч хоча падобнага і для Беларусі, дзеля звяржэння Лукашэнкі? Вядомая ісціна: «Радзіма там, дзе добра». Сёння, забыўшыся пра «патрыятызм», ледзь не ўся Афрыка і палова Азіі хоча перасяліцца ў Еўропу. Таму што ў аснове жыцця насельніцтва добрая эканоміка і адсутнасць голаду. Толькі тады і выяўляецца масавы патрыятызм для абароны свайго камфортнага жыцця. Лукашэнка, бясспрэчна, імкнецца захаваць сваю ўладу, але ва ўмовах, каб Беларусь была ні ад каго не залежнай дзяржавай. Калі б гаворка ішла аб асабістым дабрабыце, нішто не перашкодзіла б Лукашэнку «здаць» краіну Пуціну, нягледзячы на любыя пратэсты Еўрасаюза і ЗША. А наўзамен, у якасці «падзякі», Пуцін дазволіў бы яму распараджацца «губерняй» па сваім капрызе, падобна Кадыраву ў Чачні. Дык хто ж тут большы патрыёт беларускай дзяржаўнасці: Лукашэнка ці Статкевіч, які хоча ўлічваць інтарэсы Пуціна?

Уявім, што Лукашэнка памёр. Няцяжка змадэляваць наступныя падзеі. Сама сабой паўстала б «грызня» прэтэндэнтаў на трон. Выкажам здагадку, перамог Мікалай Статкевіч і адразу пачаў ажыццяўляць усе свае абяцанні: поўная свабода ад цэнзуры, свабодны рынак, паход у Еўропу і НАТО — усё, як планавалі ў свой час пасля Майдану ва Украіне.

І тут Пуцін наносіць зруйнавальны ўдар — эканамічная блакада. Бо больш за палову экспарту прыпадае на Расію. Уласныя страты Пуцін лёгка пакрые, так як назапасіў велізарныя запасы золата, на якія ніякія санкцыі не паўплываюць. Далей, плюс масавая інфільтрацыя агентуры ў краіну і стварэнне сваіх «партый». Арганізацыя кіраванага хаосу на вуліцах і ў эканоміцы. Подкуп афіцэрства, чыноўнікаў, спецслужбаў. Мы ж памятаем, як лёгка амерыканцы зрынулі Садама Хусэйна? Проста падкупілі генералітэт, і тыя амаль без бою здалі Ірак і самога Садама. З-за рэзкага эканамічнага спаду — а праблемы эканомікі не вырашаюцца кавалерыйскім наскокам — народ масава выходзіць на вуліцы з пратэстам. Бо поўная свабода, так?! Дамарослыя люмпены б'юць вітрыны, рабуюць крамы і перагортваюць машыны. А да іх дадаецца арганізаваная агентура. І што рабіць Статкевічу ў гэтай сітуацыі? АМАП або войскі, разгон і арышты. А з Крамля грозныя ноты, якія асуджаюць беларускі «фашызм» (песня знаёмая). Да іх дадаюцца пратэсты чыстаплюяў: праваабаронцаў з Еўропы і пуцінскіх, якія існуюць на дзяржаўныя гранты. І таму «прыкормленых». І ў гэтых умовах Пуціну нават войскі не трэба пасылаць. Паабяцае павышэнне заробкаў, пенсій, розных ільгот; рэзка павысіць аклады чыноўнікам — і Беларусь у яго «ў кішэні». Пуцін даўно пазбавіўся б ад Лукашэнкі, але гэта нялёгка. Ад любога дыктатара пазбавіцца значна цяжэй, чым ад «дэмакрата». І вядома, Пуціна б болей задаволіў на чале Беларусі былы савецкі чыноўнік Андрэй Саннікаў.

Прэзідэнт Лукашэнка выгінаецца, як у мурашніку, каб прадухіліць падобнае развіццё сцэнара. Так, прыйшлося ў чымсьці саступіць, але ён далёка не ва ўсім ідзе на паваду ў Крамля. Знешняя палітыка амаль незалежная, нягледзячы на раздражненне Пуціна. Здолеў захаваць незалежную фінансавую сістэму — аснову суверэнітэту, па сутнасці. І калі б апазіцыя не нацкавала Еўропу на розныя санкцыі і байкоты, эканоміка не была б гэтак залежнай ад Пуціна. Абарону правоў чалавека і грамадзянскіх свабод трэба выразна аддзяліць ад эканомікі. Бо толькі эканоміка гарантыя незалежнасці дзяржавы. Калі цяперашняя апазіцыя шчыра лічыць сябе патрыётамі, то ёй варта было б менш інтрыгаваць адзін супраць аднаго ў суперніцтве за прэзідэнцкае крэсла. А галоўнае, агульнымі сіламі дамагчыся адмены ўсіх санкцый з боку Еўропы і ЗША ў дачыненні да Беларусі. І само сабой адмены усякага байкоту ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі. Асабіста для мяне дзіўна, чаму ні аднаго голасу з апазіцыі не пачулася з патрабаваннем увесці забарону на выезд за межы Расіі фашыста Пуціна? Бо менавіта ён з'яўляецца галоўным ворагам не толькі Беларусі і Украіны, але і для ўсёй Еўропы і не толькі.

І ў заключэнне, хацелася б нагадаць факты з сучаснай гісторыі. Розныя бываюць дыктатуры, як і розныя дэмакратыі. Чалавек па сваёй натуры эгаістычны, і гэта нармальна. У большасці выпадкаў чалавек жыве адным днём і не заўсёды гатовы паступіцца «сённяшнім» дзеля больш камфортнага заўтра. Гэтую ўласцівасць чалавечай натуры паспяхова выкарыстоўваюць дэмагогі-папулісты. Бывае, часам народ даводзіцца «падштурхоўваць» для яго ж выгоды. У Егіпце зрынулі дыктатара і прайшлі дэмакратычныя выбары. У выніку народ выбраў лідара братоў-мусульман Мурсі, развязалі рэпрэсіі супраць сваіх жа суграмадзян іншай веры. Генералітэт, выхаваны ў еўрапейскіх традыцыях, зрынуў гэтага Мурсі і ўсталяваў сваю дыктатуру, больш цывілізаваную (з пазіцыі Еўропы), чым ісламская «дэмакратыя». Пасля атрымання незалежнасці, у выніку свабодных, дэмакратычных выбараў у Алжыры народ выбраў ісламскіх радыкалаў, якія развязалі тэрор у краіне. Генералы, якія скончылі ў свой час французскія ваенныя вучылішчы, зрынулі законна абраны ўрад і ўзялі сітуацыю пад кантроль. Масавы гвалт амаль спыніўся, і ў краіне зацараваў адносны парадак.

Пасля атрымання незалежнасці да ўлады ў Тунісе прыйшоў адукаваны араб Хабіб Бургіба. За 30 гадоў кіравання ён пакончыў з сярэднявечнымі «традыцыямі» і ператварыў краіну амаль у еўрапейскую. Падобная гісторыя адбылася ў Сінгапуры на чале з дыктатарам Лі Куан Ю. Ну, пра гэта ўсе ведаюць. Краіна старажытнай культуры Грэцыі ў выніку «бязмежнай» дэмакратыі дайшла, што называецца, «да ручкі», і зараз уся Еўропа спрабуе яе выратаваць ад эканамічнага краху і сацыяльнага хаосу.

Не так важна, хто прыйдзе да ўлады ў Беларусі, але пакуль у Расіі існуе фашысцкі рэжым, які пагражае суверэнітэту краіны — порах трэба трымаць сухім. Грамадства павінна быць кансалідаваным і гатовым на пэўныя абмежаванні для абароны суверэнітэту дзяржавы.

* * *

Міхась Кукабака (беларус, нарадзіўся ў 1936 у Бабруйску) у савецкі час быў дысідэнтам. За свае пратэсты супраць савецкага ладу адседзеў 17 гадоў у турмах і псіхушках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?