На памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны дзейнічае злачынная групоўка, якая карыстаецца «братнімі пачуцьцямі» расейскіх і беларускіх вяскоўцаў.

Схема, паводле якой працуюць махляры, выдатна дзейнічае ва ўмовах цяперашняй ідэалягічнай прапаганды «славянскай еднасьці» і інтэграцыйных памкненьняў Беларусі й Расеі.

На практыцы апэрацыя падману складаецца з двух этапаў. Спачатку ў расейскую ці беларускую вёску прыяжджаюць цыганы ды скупляюць ў сялян хатнюю жывёлу на мяса. Паколькі кошты прапануюцца прыстойныя — куды вышэйшыя за дзяржаўныя, вяскоўцы‑пенсыянэры ахвотна прадаюць сьвініну ды ялавічыну жывой вагой і вельмі радуюцца атрыманым вялікім грашам… А праз колькі дзён пачынаецца другі этап: да тых, хто з кім нядаўна разьлічыліся цыганы‑прадпрымальнікі, прыяжджае імпазантная бляндынка, якая прадстаўляецца супрацоўніцай райвыканкаму ці муніцыпалітэту — у залежнасьці ад дзяржаўна‑тэрытарыяльнай прыналежнасьці вёскі. Яна распавядае бабулькам‑дзядулькам пра тое, што інтэграцыя Беларусі й Расеі ідзе поўнаю хадой, і што ўжо нават пачалася грашовая рэформа — уводзяцца адзіныя «расейска‑беларускія» грошы. Спадарыня прапануе абмяняць «старыя» грошы, якія нібыта «ўжо адмяняюць», на «новыя» — намаляваныя невядомым мастаком і раздрукаваныя на каляровым прынтары.

Пра тое, што сапраўдныя грошы абмяняныя на нічога ня вартыя паперкі, даверлівыя пенсыянэры даведваюцца самым бліжэйшым часам у краме, спрабуючы разьлічыцца за набытыя прадукты. Або за галаву хапаюцца іхныя дзеці, прыяжджаючы з гораду па сялянскія гасьцінцы, — калі шчасьлівыя бацькі замест кілбасаў і сала ўручаюць ім «грошы супольнай будучыні»…

Групоўку махляроў шукае міліцыя адразу шасьці раёнаў: Гарадоцкага, Чашніцкага, Бешанковіцкага і Вушацкага на Віцебшчыне ды Невельскага й Усьвяцкага з памежнай Смаленшчыны. Пошукі цягнуцца ўжо амаль год, але пакуль безвынікова.

Алена Штраль, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0