На падрыхтоўку Шчучына (Гродзенская вобласць) да Дня беларускага пісьменства выдаткавана прыкладна 80 млрд рублёў (больш за 4,6 млн долараў), паведаміла на прэс-канферэнцыі 31 жніўня ў Мінску міністр інфармацыі Лілія Ананіч. 

Гэтыя грошы былі патрачаныя, у прыватнасці, на добраўпарадкаванне вуліц, аднаўленне Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), рамонт Шчучынскага раённага дома культуры і іншае. 

Міністр адзначыла, што ў 1990-х гадах сістэма кнігагандлю ў Беларусі абвальвалася з-за таго, што «кнігарні перадаваліся ў прыватныя рукі». Цяпер жа, паводле яе слоў, дзяржава ў належнай меры надае ўвагу развіццю айчыннага кнігагандлю. 

Так, 31 жніўня, сказала Ананіч, у Шчучыне, дзе пражывае прыкладна 15 тыс. чалавек, адкрылася кнігарня «Несцерка». Чыноўніца адзначыла, што ў гэтым магазіне прапанаваная літаратура, якая раней «не была даступная ў такім асартыменце ў горадзе з такім насельніцтвам». 

Крыху раней прадпрыемства «Гроднааблсаюздрук» адкрыла ў гэтым горадзе новы буйны павільён з кнігамі і прэсай. 

У папярэдні дзень фестывалю, 5 верасня, пасля капітальнага рамонту адкрыецца Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). У гэты дзень таксама пройдуць міжнародны круглы стол аб літаратурным працэсе і інфармацыйным грамадстве, навукова-практычная канферэнцыя «Шчучынскія чытанні — 2015» і будзе рэалізаваны выставачны праект, прысвечаны 70-годдзю Перамогі над фашызмам і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады. У горадзе будзе працаваць павільён «Кнігі і прэса Беларусі», дзе пройдзе шмат выстаў і прэзентацый. Акрамя таго, адбудуцца спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, будзе дадзены тэатральнае паказ, арганізаваны літаратурны вечар. 

Асноўны дзень фестывалю, 6 верасня, пачнецца пасадкай Саду малітвы каля царквы Святога Архангела Міхаіла, хросным ходам да царквы Багаяўлення і Боскай літургіяй у гэтым храме. Пасля гэтага ўрачыста адкрыецца адноўлены палац князёў Друцкіх-Любецкіх, у якім пазней размесціцца гарадская школа мастацтваў. Затым ад палаца да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі на набярэжнай каля Шчучынскага раённага дома культуры пройдзе ўрачыстае шэсце. 

Свята беларускага пісьменства афіцыйна адкрыецца апоўдні. Цырымонія будзе суправаджацца мастацка-тэатралізаваным дзеяннем «Квітней, Беларусь наша родная!», выступленнем мастацкіх калектываў Гродзеншчыны, а таксама ўручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі. 

У горадзе будуць працаваць выставы, у тым ліку прысвечаныя 70-годдзю Перамогі, 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, сучаснай беларускай кнізе і іншаму. Аўтары — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі прэзентуюць свае новыя кнігі і сустрэнуцца з чытачамі на літаратурным свяце «Бацькаўшчына светлая мая». Будуць працаваць выставы-кірмашы сувенірнай прадукцыі, пройдуць майстар-класы па выцінанцы, сярэднявечных танцах, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?