Дзьмітрый Мядзьведзеў |
Абраны 2 сакавіка прэзыдэнт РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў у часе тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам атрымаў запрашэньне наведаць зь візытам Беларусь. Запрашэньне было з удзячнасьцю прынятае, паведамілі 5 сакавіка расейскія СМІ з спасылкай на прадстаўніка апарату першага віцэ-прэм’ера РФ.
Тэлефонная размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Лукашэнка павіншаваў Мядзьведзева зь пераканаўчай перамогай на выбарах, а таксама абмеркаваў зь ім актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва й узаемадзеяньня на міжнароднай арэне. Спэктар закранутых тэмаў — ад эканомікі да абароны.
Бакі дамовіліся больш грунтоўна абмеркаваць гэтыя ды іншыя пытаньні ў часе візыту Мядзьведзева ў Беларусь.
Адзначым, што на наступны дзень пасьля абраньня Мядзьведзева прэзыдэнтам, ён заявіў, што свой першы замежны візыт у якасьці кіраўніка дзяржавы зробіць у адну з краінаў СНД. У якую менавіта, не сказаў.