Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што канчатковае рашэнне адносна змяненняў у Канстытуцыю будзе залежаць ад сітуацыі на Данбасе і выканання Расіяй Мінскіх пагадненняў.

Пра гэта ён сказаў у сваім відэазвароце ў панядзелак вечарам.

 

«Украіна сёння пацвердзіла сваю рэпутацыю надзейнага партнёра, узмацніла імідж краіны, якая выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы. І выконвае Мінскія пагадненні, у адрозненне ад Расіі», — пракаментаваў Парашэнка галасаванне ў Радзе адносна змяненняў у Канстытуцыю ў частцы дэцэнтралізацыі.

«Калі Масква не адумаецца, будуць працягнутыя персанальныя санкцыі супраць асоб, якія маюць дачыненне да аншлюсу Крыма і акупацыі Данбаса, а ў пачатку наступнага года — і сектаральныя эканамічныя санкцыі», — заявіў ён.

«Сённяшняе галасаванне не канчатковае, але яно дасць велізарнае поле для манеўру ўкраінскай дыпламатыі. А канчатковае рашэнне ў канцы года, калі трэба будзе 300 галасоў, запэўніваю вас, будзе залежаць ад таго, як на працягу гэтых некалькіх месяцаў будзе развівацца сітуацыя на Данбасе, і наколькі Расія будзе выконваць Мінскія пагадненні», — дадаў Парашэнка.

«Праект змяненняў у Канстытуцыю не прадугледжвае асаблівага статусу для Данбаса. Гэта, на маю думку, толькі клішэ, якое для пэўных палітычных сілаў стала перадвыбарнай тэхналогіяй, элементам чорнага піяру супраць зменаў у Канстытуцыю, супраць прэзідэнта», — адзначыў ён.

«Больш за тое, мы прыбіраем з дзеючай Канстытуцыі артыкул 92, які прадугледжвае тэарэтычную магчымасць абвяшчэння спецыяльнага статусу для асобных гарадоў — каб не было нават найменшай юрыдычнай зачэпкі для параду суверэнітэтаў», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Што тычыцца спецыфічнага парадку ажыццяўлення мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, то ён вызначаецца асобным законам, які ўжо двойчы прымаўся Вярхоўнай Радай — папярэдняга і гэтага склікання. І тэрмін яго правамоцнасці — тры гады, з якіх адзін ужо амаль прайшоў», — сказаў прэзідэнт.

«Большая частка артыкулаў гэтага закона пакуль прыпыненая, і яны могуць зарабіць толькі пасля правядзення на гэтых тэрыторыях выбараў у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам і стандартамі АБСЕ. І толькі пасля вываду з украінскай тэрыторыі расійскіх войскаў, пасля вываду зброі, пасля аднаўлення кантролю над усім мяжой з РФ», — дадаў ён.

«Змены ў Канстытуцыю значаць не страту тэрыторыі, а наадварот даюць шанец і перспектыву палітыка-дыпламатычным шляхам вярнуць пад суверэнітэт Украіны акупаваныя тэрыторыі», — сказаў Парашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?