Тэмп інфляцыі ў Беларусі цягам мінулых 20 гадоў істотна перавышаў аналагічны паказчык не толькі краін Еўрасаюза, але і практычна ўсіх постсавецкіх краін.

Нават калі выключыць гіперінфляцыйныя 1992-1994 гады, тэмп інфляцыі амаль штогод перавышаў 10%. Адносна спрыяльнымі, паводле гэтага паказчыка, былі толькі 2005, 2006 і 2010 гады, у якія, па дадзеных дзяржаўнага статыстычнага камітэта, індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ) склаў адпаведна 108,0, 106,6 і 109,9. Затое ў 1995 годзе гэты паказчык склаў 344,0, у 2000 – 207,5, у 2011 – 208,7, у 2012 – 121,8.

Праблему інфляцыі ў Беларусі нельга разглядаць ізалявана. Яна іманентная той эканамічнай мадэлі, якая рэалізуецца ў нашай краіне. У пераважна камандных эканоміках грошы маюць крыху іншыя функцыі, адрозна ад эканомік пераважна рынкавых. У першых найважнейшай функцыяй грошай ёсць функцыя размеркавальная. Аналіз эканамічнай гісторыі камандных эканомік паказвае, што ўсім ім уласцівыя сур’ёзныя інфляцыйныя працэсы. Інфляцыя часцей за ўсё з’яўляецца схаванай, таму што дзяржавы спрабуюць ўстанаўліваць фіксаваныя цэны на прадукты спажывецкага і вытворчага прызначэння. Вядомым наступствам схаванай інфляцыі ёсць дэфіцыты на абсалютную большасць тавараў і паслуг. Такая карціна была ў СССР (пасля таго, як усе работнікі пачалі атрымліваць заработную плату ў грашовай форме) і іншых краінах яго сферы ўплыву, а таксама ў сучасных Паўночнай Карэі і Кубе. Пры гэтым у краінах з больш развітым рынкавым сектарам (Чэхія, ГДР, Польшча) дэфіцыты назіраліся ў значна меншай ступені.

У краінах пераважна каманднай эканомікі, дзе існуе мяккае рэгуляванне цэн, мае месца адкрытая інфляцыя з высокім тэмпам (галапуючай ці нават гіперінфляцыяй). Да такіх краін можна аднесці Венесуэлу, В’етнам і Беларусь. У В’етнаме, напрыклад, інфляцыя ў гадавым вылічэнні дасягнула амаль 14%. Характэрна, што адной з самых хадавых купюр у гэтай краіне з’яўляецца 100000 донгаў. У лютым 2013 года была праведзеная дэвальвацыя донга на 8,5%, што адразу справакавала рост цэн. Сітуацыя шмат у чым нагадвае тое, што адбываецца ў Беларусі.

Эканоміка Беларусі пераважна камандная, але ў ёй, як і ў згаданых краінах, прысутнічае значны рынкавы сектар, у якім дзейнічаюць малы і сярэдні бізнэс. Апроч таго, эканоміка Беларусі з’яўляецца адкрытай з высокай доляй экспарту ў валавы ўнутраны прадукт (ВУП), то бок беларускія тавары і паслугі прадаюцца на сусветных і рэгіянальных рынках. Рынкі, як вядома, для свайго нармальнага функцыянавання маюць патрэбу ў грошах з адносна стабільнай пакупной здольнасцю. Беларускі рубель такой уласцівасцю не валодае. У рынкавым сектары Беларусі функцыі меры кошту і часцяком сродку звароту і назапашвання выконваюць даляр ЗША і еўра. Для таго каб гарманізаваць у нейкай ступені рынкавы і камандны сектары, а таксама з мэтай стрымлівання росту цэн, дзяржава з 1995 года неаднаразова звярталася да таргетавання і нават фіксавання абменнага курсу беларускага рубля. Так, з пачатку 1995 па сакавік 1996 г. курс беларускага рубля быў зафіксаваны на значэнні 11500 за даляр ЗША. Пры гэтым захоўвалася вельмі высокая прыбытковасць па дэпазітах у беларускіх рублях (480% гадавых у пачатку 1995 года і 60% гадавых – у сакавіку 1996 года). Перыяд гэты скончыўся, як вядома, схаванай дэвальвацыяй беларускага рубля ў форме пераходу да множнасці курсаў. Падобныя фіксацыі і таргетаванне мелі месца на пачатку 2000-х, у 2007-2009, 2010 - пачатку 2011 гадоў. Падобная палітыка праводзіцца ў Беларусі і з кастрычніка 2011 г. па цяперашні час (жнівень 2015 года). Усе гэтыя перыяды сканчаліся адкрытымі альбо схаванымі дэвальвацыямі праз рэзкі рост у перыяды фіксацыі курса адмоўнага сальда гандлёвага баланса краіны.

Такім чынам, у межах рэалізаванай у Беларусі эканамічнай мадэлі адноснай стабілізацыі пакупной здольнасці беларускага рубля ўдавалася дасягнуць толькі ў кароткатэрміновым перыядзе. У доўгатэрміновым перыядзе назіраецца высокая інфляцыя, што перашкаджае нармальнаму функцыянаванню рынкавага сектара Беларусі. Зніжэнне інфляцыі ў доўгатэрміновым перыядзе магчымае толькі пры сістэмнай трансфармацыі эканомікі Беларусі ў кірунку дамінавання рынкаў і канкурэнтнага асяроддзя. Стабілізацыя нацыянальнай валюты з’яўляецца пры гэтым зыходнай, неабходнай, аднак не дастатковай умовай.

Найлепшым прыкладам паспяховай сістэмнай трансфармацыі з’яўляецца пераход да сацыяльнай рынкавай гаспадаркі, ажыццёўлены ў ФРГ у 1947-1967 гг., найбольш важную ролю ў якой адыграла дзейнасць Л. Эрхарда. Выкарыстоўваючы стабілізуючы эфект грашовай рэформы, быў запушчаны механізм канкурэнтных рынкаў у тых сферах, дзе гэта было магчыма. Роля дзяржавы пры гэтым, па словах Эрхарда, палягала ў падтрыманні канкурэнцыі, дзе гэта было магчыма, пры адначасовым рэгуляванні там, дзе гэта было неабходна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?