Пуск макета ракеты «Таймыр». Фота: apn.ru

Пуск макета ракеты «Таймыр». Фота: apn.ru

Сузаснавальнік беларускіх распрацоўшчыкаў гульняў Wargaming Сяргей Буркатоўскі, таксама вядомы як «Serb», уклаў 5 млн расійскіх рублёў (каля 75 тысяч даляраў) у расійскую кампанію «Лін Індастрыял», паведамляе Firrma.ru са спасылкай на фонд «Сколкава» (які выдаткаваў аналагічную суму). Стартавыя інвестыцыі кампаніі раней прадставіў віцэ-прэзідэнт Wargaming Вячаслаў Макараў.

Заснаваная ў 2014 годзе «Лін Індастрыял» стварае сямейства звышлёгкіх касмічных ракет «Таймыр», здольных выводзіць на арбіту спадарожнікі масай ад 10 да 180 кг. Гэта першая і адзіная расійская прыватная кампанія-распрацоўшчык касмічных ракет.

Першая ракета ўжо вырабленая, яна была прадстаўленая на авіясалоне «Макс-2015». Першы касмічны запуск «Таймыра» запланаваны на 2020 год.

Каб выйсці на акупальнасць, кампаніі спатрэбяцца інвестыцыі ў 8,5 млн даляраў. Гэта можа адбыцца праз 2,5 года пасля першага касмічнага запуску.

Ці можа выкарыстоўвацца «Таймыр» у ваенных мэтах, невядома.

Выява з сайта tjournal.ru

Выява з сайта tjournal.ru

«Таймыр» можа выводзіць на арбіту няшмат грузу — у гэтым яе галоўная асаблівасць. З ростам папулярнасці нанаспадарожнікаў кшталту CubeSat попыт на такія запускі мае вырасці. Хаця нанаспадарожнікі запускаюць і на вялікіх ракетах (кшталту Falcon 9), малыя ракеты дазволяць рабіць больш аператыўныя запускі, не чакаючы патрэбнага па параметрах запуску вялікай ракеты.

Стваральнікі ракеты сцвярджаюць, што «Таймыр» — рэкардсмен па лёгкасці сярод сучасных ракет. Але падобна, што далёка не рэкардсмен па цане.

Цана «Таймыра» за кілаграм грузу называецца даволі высокая — да 60 тысяч даляраў. Звышлёгкая расійская ракета «Штыль», створаная на базе балістычнай ракеты падводных лодак, па некаторых звестках можа выводзіць кілаграм нагрузкі за дзясятак тысяч даляраў, а ў перспектыве — за паўтысячы на кілаграм. Два касмічных запускі «Штыля» былі паспяхова праведзеныя ў 1998 (тады на арбіту вывелі спадарожнікі на 3 і 8,5 кг) і 2006 (86 кг) гадах, цяпер іх плануюць прыстасаваць да запускаў з самалётаў. Планы па касмічных запусках «Штыляў» дакладна не акрэсленыя.

Праект SpaceX па стварэнні звышлёгкай ракеты Falcon 1e, што дазваляла бы выводзіць на арбіту грузы за тысячу даляраў на кілаграм, быў прыпынены праз нізкі попыт. Канкурэнт SpaceX, Virgin Galactic плануе правесці тэставы запуск сваёй звышлёгкай ракеты LauncherOne у 2016 годзе, цана за кілаграм грузу складзе не больш за 44 тысячы даляраў і будзе падаць з ростам попыту.

На вялікіх ракетах цана за кілаграм грузу ужо сёння значна ніжэйшая: 5 тысяч на «Саюзе», 4 тысячы на Falcon 9.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?