У Будапешце сотні мігрантаў зладзілі акцыю пратэсту побач з чыгуначным вакзалам Келеці, размешчаным ва ўсходняй частцы венгерскай сталіцы. Вакзал быў ачэплены паліцыяй, якая спрабавала не дапусціць мігрантаў да цягнікоў, што ідуць у суседнія з Венгрыяй краіны ЕС.

Раніцай паліцыя выцесніла мігрантаў з тэрыторыі вакзала. Але яны не разышліся, а зладзілі дэманстрацыю побач з вакзалам, скандуючы «Германія!» і трымаючы ў руках чыгуначныя квіткі.

Прадстаўнікі венгерскіх уладаў сцвярджаюць, што ўрад спрабуе аднавіць парадак і дзейнічае ў адпаведнасці з законамі і правіламі ЕС.

Раней венгерскія ўлады, паводле паведамленняў, адмовіліся ад рэгістрацыі мігрантаў у адпаведнасці з правіламі ЕС, згодна з якімі ўцекачы павінны прасіць прытулку ў першай жа краіне ЕС, на тэрыторыю якой яны патрапілі.

Аўстрыйская паліцыя заявіла, што ў панядзелак у Вену прыбылі з Венгрыі 3650 мігрантаў. Большасць з іх накіроўваюцца ў Германію.

Тым часам канцлер Германіі Ангела Меркель заклікала да «больш справядлівага» размеркавання мігрантаў паміж краінамі Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?