Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў інтэрв'ю «Советской Белоруссіі».

— Як можна абмяжоўваць даступнасць амбулаторнай дапамогі? Ставіць чалавека перад выбарам: плаціць або не плаціць, калі гаворка пра здароўе і тым больш жыццё? У нас жа Канстытуцыя гарантуе бясплатнае аказанне меддапамогі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, — сказаў ён. — А вось пытанне аб адказнасці кожнага за сваё здароўе я б паставіў рубам.

Міністр адзначыў, што заканадаўча пытанне адказнасці вырашанае ў многіх краінах, а ў Беларусі яно хутчэй дэкларатыўнае. Няма выразных механізмаў яго рэалізацыі.

— Мы, на жаль, ідзём на повадзе ў хворага, спрабуем яго ўгаварыць паводзіць сябе абачліва, займацца сабой. Аднак здароўе вельмі дорага каштуе і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Чалавек гэта пачынае разумець, толькі калі захварэе. Але выдаткі на прафілактыку і лячэнне — яны ж несупастаўныя! Звычайны ложка-дзень у сярэднім каштуе бюджэту 350—400 тысяч рублёў, а калі аперацыі высокатэхналагічныя, то лік ужо ідзе на дзясяткі мільёнаў рублёў! — заявіў Жарко.

Таксама міністр расказаў аб высокіх тэхналогіях у медыцынскім абслугоўванні. Гаворка аб электронных рэцэптах і электронных гісторыях хваробы.

— З электроннымі рэцэптамі пытанне будзе развязанае ў 2016 годзе, прычым ва ўсіх рэгіёнах. Да канца гэтага года мы збіраемся апрабаваць тэхналогію іх ужывання ў Мінску. Гэта не значыць, што пацыент будзе хадзіць з флэшкай ад доктара ў аптэку: рэцэпт будзе перадавацца туды па ўнутранай сетцы. А да 2017 года з'явіцца электронная карта і для паліклінік, і для стацыянараў. Да гэтага моманту ўсе медычныя кабінеты будуць абсталяваныя кампутарамі. А папяровы носьбіт застанецца, скажам, у службе хуткай дапамогі. Але закранаючы пытанне аўтаматызацыі медыцыны, я б казаў шырэй, бо гэта велізарны комплексны працэс. Выдаткі ў гэтай сферы Міністэрства аховы здароўя павялічыла ў 2,5 разу, — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0