Да 3 сакавіка ў падатковыя органы прадстаўлена звыш 130 тысяч дэкларацый аб сукупным гадавым даходзе за 2007 год

У Беларусі закончыўся тэрмін падачы дэкларацый аб сукупным гадавым даходзе за 2007 год. Па стане на 3 сакавіка ў падатковыя органы прадстаўлена 130.711 дэкларацый, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі — 23.034, фізічнымі асобамі — 107.677. Гэта прыкладна на 100 тысяч менш, чым было пададзена дэкларацый аб сукупным гадавым даходзе на пачатак сакавіка мінулага года.

Як патлумачылі БелаПАН у Міністэрстве па падатках і зборах, гэтае памяншэнне адбылося ў выніку змянення падатковага заканадаўства. Так, калі ў 2006 годзе падатковыя вылікі прадастаўляліся плацельшчыку непасрэдна падатковым органам на падставе прадстаўленай ім дэкларацыі, то з 2007 года падатковыя вылікі прадастаўляюцца плацельшчыку як падатковым органам, так і па месцы асноўнай працы.

Найбольшая колькасць дэкларацый сёлета традыцыйна пададзена ў Мінску (43.001). З рэгіёнаў лідзіруе Віцебская вобласць (14.698), за ёю размясціліся Брэсцкая (14.601), Гомельская (16.548), Мінская (16.466), Магілёўская (13.221) і Гродзенская (12.176) вобласці.

Грамадзяне, якія прадставілі дэкларацыю аб сукупным гадавым даходзе за 2007 год, абавязаны выплаціць падаходны падатак не пазней за 15 мая 2008 года.

У МПЗ таксама звяртаюць увагу, што фізічныя асобы маюць права на залік або вяртанне залішне выплачаных сум падаходнага падатку на працягу трох гадоў пасля заканчэння падатковага перыяду.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0