На гэты час прывязка цаны паліва на ўнутраным рынку да даляра бессэнсоўная, пра гэта паведаміў журналістам намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталь Паўлаў.

Ён запэўніў, што ў сувязі з падзеннем курсу рубля паліва ў краіне даражэць не будзе.

Паўлаў нагадаў, што ў летась кошт 92-га бензіну прывязалі да даляра. «Але аналіз паказаў, што рашэнне эфектыўна пры кошце барэля нафты каля 80 даляраў.

Тая сітуацыя, якая складваецца на нафтавым і валютным рынках цяпер, не дазваляе выкарыстоўваць гэта рашэнне», — растлумачыў ён.

Нягледзячы на паслабленне беларускага рубля больш за 30% з пачатку года, цана на паліва не мянялася са студзеня.

«Цяпер, вызначаючы цану, мы арыентуемся у тым ліку на сумежныя дзяржавы. У нас цана вышэйшая, як у Расіі, але ніжэй, як у Балтыі і Украіне», — нагадаў прадстаўнік «Белнафтахіма».

Пры гэтым ён запэўніў, што рэалізацыя нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку застаецца рэнтабельнай, нягледзячы на тое што сёлета ўнутранае спажыванне паліва знізілася на 20%.

Як удакладніў намеснік генеральнага дырэктара ВА «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў, падзенне адбылося як праз унутраныя фактары (адсутнасць перавозак і росту прамысловай вытворчасці), так і за кошт увядзення ў дачыненні да Расіі санкцый, па прычыне чаго істотна ўпаў транзіт. З-за дэвальвацыі расійскага рубля цэны на паліва там сталі на 20% ніжэйшымі, што прывяло да пераарыентацыі патокаў.

Яшчэ адным фактарам Каморнікаў назваў рэзкае зніжэнне турпатока на ўкраінскім кірунку.

Усё гэта паўплывала на тое, што, паводле яго слоў, на асобных АЗС продажы ўпалі на 35—50%.

Менш папулярная стала Беларусь і ў суседзяў, на прыгранічных запраўках продажы ўпалі на 25—39%.

Сусветныя цэны на нафту хоць і ўпалі, але за кошт расійскага нафтавага манеўру для Беларусі яна падаражэла.

Сутнасць падатковага манеўру Расіі заключаецца, нагадаем, у рэзкім зніжэнні экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?