Apple TV. Фота: Ariel Zambelich, Wired

Apple TV. Фота: Ariel Zambelich, Wired

IT-кампанія Apple можа пачаць здымаць уласныя фільмы і серыялы: прадстаўнікі кампаніі правялі шэраг сустрэч з галівудскімі студыямі, каб высветліць іх зацікаўленасць у супольнай рабоце над кіно і тэлешоў, паведамляе Variety са спасылкай на ўласныя крыніцы. Перамовы праводзіў Эдзі К’ю, адказны за ўсё, звязанае з кантэнтам у Apple.

Падобна, што Apple хоча не толькі паказваць кіно і серыялы праз iTunes і Apple TV, але, як і Netflix, і ствараць свае ўласныя. Хадзілі нават чуткі пра зацікаўленасць Apple у Джэрэмі Кларксане, экс-вядоўцы папулярнага аўташоў «Top Gear».

Кларксан у выніку сышоў да іншай ІТ-кампаніі з тэлесэрвісам — Amazon.

Сцвярджаецца, што Apple збіраецца запусціць праект ужо ў наступным годзе, для чаго вядзе набор персаналу. Да стварэння ўласнага кантэнту кампанію маглі падштурхнуць цяжкасці ў перамовах па фінансавых пытаннях з пастаўшчыкамі кантэнту — стваральнікамі фільмаў і серыялаў.

Маштабы амбіцый Apple і сур’ёзнасць намераў застаюцца пад пытаннем, але на такія чуткі ўжо адрэагаваў рынак: акцыі Netflix, чыім канкурэнтам можа стаць Apple, упалі на 8%. Сама Apple традыцыйна не каментуе чуткі.

Ці атрымаецца ў Apple зняць насамрэч вартыя фільмы і тэлешоў? Прыклад Netflix паказвае, што такое даволі магчыма: кампанія, што пачынала як просты пастаўшчык кантэнту, дала свету папулярныя серыялы «Картачны домік», «Аранжавы гэта новы чорны» і «Сарвігалаву», шэраг камедый, мультфільмаў і дакументальных фільмаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?