Валютная выручка Беларусі ў студзені—ліпені 2015 года склала менш чым 20 млрд. долараў і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года амаль на чвэрць.

Паводле звестак БелаПАН, валютныя паступленні Беларусі склалі ў студзені—ліпені 19,8 млрд. долараў і скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 5,88 млрд. долараў. 

Скарачэнне валютнай выручкі сёлета абумоўленае зніжэннем экспарту беларускіх тавараў і паслуг, а таксама паступленняў ад унутранага гандлю за валюту. 

Так, экспарт беларускіх тавараў прынёс у студзені—ліпені валютную выручку ў 15,8 млрд. долараў. У параўнанні са студзенем—ліпенем 2014 года выручка Беларусі ад экспарту тавараў знізілася на 4,9 млрд. долараў. 

Паступленні ад экспарту паслуг у студзені—ліпені склалі 3,5 млрд. долараў і скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 641,9 млн. долараў. 

Варта зазначыць, што сёлета рэзка скараціліся валютныя паступленні ад унутранага гандлю за валюту.

У студзені—ліпені яны склалі 16,9 млн. долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым у 20 разоў. 

Скарачэнне паступленняў ад унутранага гандлю за валюту аналітыкі фінансавага рынку тлумачаць палітыкай Нацбанка па дэдаларызацыі эканомікі. Нагадаем, у сакавіку гэтага года рэгулятар забараніў выкарыстанне разлікаў у замежнай валюце за турыстычныя і страхавыя паслугі. Адначасова з гэтым была ўстаноўленая забарона на разлікі ў СКВ за паліва на аўтазаправачных станцыях. 

У той жа час скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ад экспарту тавараў і паслуг эканамісты тлумачаць зніжэннем попыту ў Расіі на тавары беларускай вытворчасці. 

Згодна са звесткамі за студзень—ліпень, валютныя паступленні Беларусі з Расіі склалі 7,4 млрд. долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3 млрд. долараў. Пры гэтым паступленні ад экспарту тавараў з Расіі склалі 5,88 млрд. долараў і знізіліся на 2,5 млрд. долараў. Валютная выручка Беларусі ад экспарту паслуг у Расію склала ў студзені—ліпені 1,35 млрд. долараў і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года амаль на паўмільярда долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?