Новыя вершы ляўрэата прэміі «Гліняны Вялес» — шчымлівыя і дасканалыя.
- * * *
- Па асфальце дажджом секанула зьнянацку,
І па шыбах пустых, раўнадушшам зашклёных,
І калоціцца чорнае гольле шалёна,
І хістаюцца дрэвы ў паклонах вар’яцкіх.
- Разьбягаюцца ў цемрадзі сполахі страты
І пад ногі, вярнуўшыся, падаюць ніцма,
І пагрозьліва гмахі, муры, камяніцы
Да мяне нахіляюць бэтонныя латы.
- Гэта хіліцца сьвет, у сяродку якога
Зьзяла толькі каханьне… і болей нічога!
- * * *
- Здараецца, зімы далёкай подых
На цёплы май дыхне,
І зелень яркую на сушы і на водах
Аблепіць вогкі сьнег.
- Няхай у сьветлы дзень твой успаміны
Даходзяць пра мяне,
Як гэты сьнег, што выпаў на хвіліну
І хутка праміне.
Туман
- Ад Сухавея бляклых сполахаў,
Які зьвястуе гарачынь,
Накрылася Туману полагам
Ракі натомленая плынь.
- Як лёгка яшчэ дыхаць сеначы!
Туман выходзіць зь берагоў,
На дол абрус бяседны сьцелячы
На прыйсьце продкаў і багоў.
Пацяпленьне
- М. Т.
- Цяплынь. Вясна. Хоць лютага пачатак.
Унучцы Маі можна без пальчатак
Кранаць усё наўкола прагнай ручкай…
Мне ж, дзедабогу, пільнаваць за ўнучкай.
- Кажу, каб штось казаць: «Няма збавеньня —
Глябальнае надходзіць пацяпленьне,
Яно зыначыць агарод і сад,
Замест агрэсту зьвісьне вінаград.
- Што? Вінаград? Дык жа яно — жывое!
Вітае Мая ўсе суздром павоі.
А мне ўсьміхацца, тоячы нуду…
Як хораша, што хутка ўжо сыду.