Вадзім Пракопчык: Чаму я выбіраю левы напарстак, ці Бойкот? Не смешите мои искандеры!

Пару-тройку словаў пра самы дзейсны мірны сцэнар уплыву і перамогі, што cпрацоўваў у розныя часы і ў розных частках сьвету.
Анэкдот для Стася
Уласна, гэта мой адказ на артыкул Стась Карпаў: «Чаму я буду галасаваць за Таню Караткевіч, ці Хвастцы, хвастцы, хвастцы…» Увесь тэкст Стася Карпава — вялікая і бясконцая падмена паняткаў і фактаў, але пачну з анэкдоту, што прачытаны мною ў адрыўным календары, бо менавіта такія чытачы анэкдотаў падабаюцца Стасю, а сёньня ягоны ДН.
Злавіў неяк беларус залатую рыбку. Тая просіць яго адпусьціць, а за ўзнагароду абяцае выканаць тры жаданьні. Беларус падумаў, дый просіць: драўляную нагу, шкляное вока і руку зь вялікім крукам, каб ўся вёска баялася. Залатая рыбка выканала ўсе тры прыказаньні і пытаецца, чаму ты абраў не дабрабыт, славу, уладу, як усе просяць? Беларус зірнуў на яе новым шкляным вокам, і пытае: «А што, можна было?»
А што, можна было выбіраць не з кандыдатаў, адобраных спэцслужбамі?
Падмена першая: вузкі выбар, а лепшыя варыянты прыхаваныя
Стась прапануе нам першую і галоўную падмену — выбіраць меншае зло замест выбару паміж дабром і злом. Ён прапануе нам выбіраць меншую хлусьню замест выбару паміж хлусьнёй і праўдай, — ён прапануе нам выбіраць паміж Караткевіч і Лукашэнкам.
Падмена другая: прэзэнтацыя байкоту як неэфектыўнай формы бязьдзеяньня
Тэкст Стася нагадвае мне шэпт д’ябла на вуха верніку — у цябе нічога ня ўдасца, а калі тут удасца, дык там не спрацуе… Спрацуе! Глянем на вызначэньне, на гісторыю і на факты пра байкот, якія аўтар цудоўна фальсыфікуе або замоўчвае.
Байкот паводле вызначэньня — «ФОРМА палітычнай і эканамічнай БАРАЦЬБЫ (а не бязьдзеяньня, як піша СК), што дапускае поўнае або частковае спыненьне адносін з асобай, арганізацыяй, прадпрыемствам, напрыклад, адмова наймацца на працу, купляць прадукцыю дадзенага прадпрыемства. У міжнародных адносінах, паводле Статуту ААН, — адна з прымусовых мер (без прымяненьня Узброеных сіл) для падтрыманьня МІРУ.
Названы так па прозьвішчы ангельскага кіраўніка Чарлза Байкота, у дачыненьні да якога ў 1880 годзе ірляндзкімі арандатарамі была ўжытая гэтая мера».
Насамрэч, байкот — гэта кандыдат, які дамагаецца і перамагае паўсюль і ва ўсе часы. Няўжо трэба нагадваць, з чаго пачаліся Гандзі і Мандэла? Няўжо мы забыліся, што менавіта з байкоту на куплю тавараў у белых пачалася перамога над апартэідам? А вось некаторыя пункты праграмы, зь якой Гандзі выступіў амаль 100 гадоў таму:
— адмова індыйцаў ад тытулаў і званьняў, атрыманых ад ангельцаў,
— байкот выбараў у заканадаўчыя сходы,
— байкот судоў, урадавых устаноў і ангельскіх навучальных устаноў,
— адмова ад адзеньня еўрапейскага ўзору.

Скажаце, занадта далёка геаграфічна? Калі ласка, Дэкалёг часоў нашай з вамі акупаванай Рэчы Паспалітай XIX ст.:
«не купляй чужога, не судзіся перад чужым, не вучы дзяцей на чужой мове…»
Гэта ўсё байкот. У розных формах, умовах, у розным часе — але гэта не бязьдзеяньне, а актыўная барацьба, пазыцыя, выбар. І галоўнае — бяз гвалту!
Скажаце, што далёка ў часе? Сёньняшняя Расея — хто цяпер скажа «Не смешите мои искандеры» з такім адтокам капіталаў і абвалам у эканоміцы? А адкуль усё? Ніякія стрэльбы і НАТА не патрэбныя, бо ёсьць байкот і санкцыі, як адна з формаў байкоту.
Байкот выніковы. У першым выпадку ПАР пазбавіўся апартэіду, у другім — Індыя стала незалежнай, у трэцім — палякі сфармаваліся як нацыя, у чацьвёртым — Расея развальваецца на нашых з вамі вачох. Якія яшчэ прыклады эфектыўнасьці байкоту трэба прыводзіць?

Падмена трэцяя: хто ня ўдзельнічае ў гульні, той прайграе
Стась пытаецца ў нас з вамі: няўжо вы думаеце, што, ня ўдзельнічаючы ў напарстках, вы пераможаце напарстачнікаў? Як вам пытаньнечка? Не, не пераможам. Яны самі зьнікнуць без гульцоў і гледачоў. Гэтаксама, як зьнік апартэід у ПАР, як сьцішылася Расея без адзінага стрэлу з боку НАТА. Гэтае правіла ў адносінах да шулераў і махляроў — ігнор.
Справа ў тым, што прыстойныя людзі не гуляюць у лахатрон на выхадзе з мэтро. «Што вы скажаце ім, што ня здолелі выбраць напарстак», — бярэ на слабо Стась. Я скажу, што шарык у руцэ шулера і буду давозіць гэта ўсім лохам, пакуль яны не зразумеюць і не перастануць падыходзіць да стала з лахатронам, нават калі там наліваюць.
Рэальны беларускі выбар сёньня
У выбары паміж гвалтам, каб спыніць парушэньні закону, і мірным шляхам — байкотам — я выбіраю апошняе.
Маральны выбар асобы, або Як перамагчы шулера
Адно з самых сумных уражаньняў ад артыкулу — адсутнасьць хоць нейкіх прынцыпаў у развагах аўтара. Ну не разглядаць жа за прынцып магчымасьць «лабызацца». Калі мне трэба тлумачыць маладому чалавеку, чаму подпісы мусяць быць сабраныя «па-часнаку», дык аб чым гаварыць? Інакш мы апазыцыя ўласна чаму? Хлусы ня могуць быць апазыцыяй хлусам, а махляры — махлярам.
«Абыграць шулера» — гэта калі ТЫ абыгрываеш, а не калі шулер нешта робіць з тваімі картамі (подпісамі). Інакш хто гуляе і хто перамагае? Ты статыст, кандыдат…
Чаму менавіта на Таню?
Ды таму, што з прадстаўнікамі «мяккага і арганічнага казацтва» і з ахвярамі Лёзьненскага соку, як і проста зь нямымі Гайдукевічамі усё даўно зразумела. А тут як бы новы лідар са «старой канюшні»… Як жа вы нам абрыдлі. Гэта не нянавісьць. Гэта называецца цудоўным беларускім словам «гідлівасьць». «Я гіджуся», — казала мая бабуля Браніслава з выбуховым «г» і потым тлумачыла чаму.
Мы цяпер проста тлумачым, чаму ГП выклікае гідлівасьць. І ня толькі ГП — уся старая канюшня «аб’яднанай апазыцыі».
Хвастцы
Якая ж карысьць з тэксту? Цяпер я ведаю, дзякуючы Стасю, як завуцца ўсе гэтыя — хвастцы — людзі без ідэй.
Стась, мы не выбіраем паміж хлусьнёй і хлусьнёй. Існуе іншы выбар, і нават такой колькасьцю літар у тваім тэксьце яго не перакрыць. А што, можна было? — як з таго анэкдоту.
Можна і трэба — асабісты няўдзел у лахатроне.
P.S. Чалавек, які сустракае Статкевіча з маршруткі і носіць на руках, пачуўшы ягоны камэнтар наконт Караткевіч, мусіць зрабіць нейкі маральны выбар. Усіх на руках не наносісься… Але пасьля апісанай аўтарам няважнасьці «чэснава» збору подпісаў, у мяне пытаньняў няма — праблема маральнага выбару перад аўтарам не стаіць.
Каментары