Вызваленне беларускіх палітвязняў і магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан — абсалютна не звязаныя паміж сабой рэчы, заявіў у Гомелі апостальскі нунцый Клаудыа Гуджэроці.

Клаўдыа Гуджэроці (у цэнтры) і прадстаўнікі дыпкорпуса у цэнтры для уцекачоў у Гомелі, фота БелаПАН

Клаўдыа Гуджэроці (у цэнтры) і прадстаўнікі дыпкорпуса у цэнтры для уцекачоў у Гомелі, фота БелаПАН

«Гэта (вызваленне палітвязняў) было зроблена па непасрэднай просьбе папы. Мы гэтым ганарымся, таму што гэта прынесла ў некаторай ступені мір і гармонію ў дзяржаве. Я рады, што беларускае грамадства ацаніла гэтыя дзеянні папы», — зазначыў пасол Ватыкана.

Ён абверг інфармацыю аб магчымым візіце Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у верасні 2015 года і нагадаў, што папа не сустракаецца з прэзідэнтамі, тэрмін паўнамоцтваў якіх падыходзіць да завяршэння (выбары пройдуць 11 кастрычніка).

У пачатку ліпеня былы міністр замежных спраў Славакіі, палітычны аналітык Павел Дземеш паведаміў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра магчымы візіт Лукашэнкі ў Ватыкан. Ён таксама прагназаваў, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць Мікалая Статкевіча. «Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да папы рымскага ў верасні гэтага года або адразу пасля яе», — заявіў тады экс-дыпламат.

Пра гатоўнасць Ватыкана прыняць Лукашэнку заяўляў кардынал П'етра Паралін падчас прыезду ў Мінск у сакавіку гэтага года. Паводле яго слоў, магчымасць арганізацыі такога візіту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх дзяржорганаў.

Апостальскі нунцый Клаудыа Гуджэроці ў складзе дэлегацыі дыпламатаў 2—3 верасня наведвае Гомель. Візіт арганізавала прадстаўніцтва Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Мэта — азнаёміць дыпламатычную супольнасць Беларусі з сітуацыяй вакол бежанцаў і асоб, якія шукаюць прыстанішча.

Праграма візіту ўключае сустрэчу з кіраўніцтвам аблвыканкама і гарвыканкама, прадстаўнікамі УУС і іншых структур. Дэлегацыя наведала пункт часовага размяшчэння, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі бежанцаў, сустрэлася з сірыйскімі і ўкраінскімі сем'ямі.

Апостальскі нунцый правёў таксама сустрэчу з гомельскімі католікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?