На Tuzin.fm інтэрнэт-прэм’ера альбома «25 АБ-БА Аркестр», у які ўвайшлі хіты апошніх 25 гадоў у выкананні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава, Юркі Асенніка ды Хрыстафора Сяскевіча ў суправаджэнні дзіцячага хору з Падляшша.
Беластоцкае аб’яднаньне «АБ-БА» існуе 10 гадоў ды мае на мэце дапамогу дзецям і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама падтрымку бацькоў і настаўнікаў. Менавіта сябры «АБ-БА» сабралі летась разам 25 вучняў беластоцкай пачатковай школы №4, музыкаў пад кіраўніцтвам Паўла Азяблы ды беларускіх сьпевакоў, каб у такой манеры павіншаваць фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» з 25-годзьдзем.
«Многія з нас былі арганізатарамі ў першыя гады існавання фестывалю. Цяпер «Басовішча» робіць пакаленне нашых дзяцей, сярод якіх і нашыя ўласныя, — кажа каардынатар праекту Бася Пякарская, —Таму мы палічылі вельмі патрэбным такім чынам аб’яднаць пакаленні».
У альбом «25 АБ-БА АРКЕСТР» увайшлі хіты апошніх 25 гадоў у выкананьні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава і лідараў культавых беларускамоўных камандаў з Падляшша Юркі Асенніка (ZERO-85) ды Хрыстафора Сяскевіча (Kardon) у суправаджэнні дзіцячага хору. Запрашэньні да супрацоўніцтва атрымалі таксама Слава Корань, Сяргей Міхалок, Аляксандр Куллінковіч, Кася Камоцкая ды іншыя, аднак яны з розных прычынаў не змаглі паўдзельнічаць.