Відэагульня World of Warships, марское развіццё тэмы беларускіх «танчыкаў» World of Tanks ад Wargaming і піцерскай Lesta Studio, выйдзе са стадыі бэта-тэсту 17 верасня, паведамляецца на сайце гульні.

З рэлізам пачнуцца рангавыя баі — гульцы будуць падзеленыя на 25 узроўняў, у баях сустрэнуць роўных сабе праціўнікаў. Такія баі будуць разбітыя па сезонах, першы працягнецца 6 тыдняў. Пераможцы сезону атрымаюць узнагароду.

Пра рангавыя баі Wargaming распавядаў тут.

Акрамя таго, можна будзе «пракачваць» як караблі і камандзіраў экіпажаў, так і ўласны акаўнт, а таксама выкарыстоўваць і папаўняць разыходныя матэрыялы: амуніцыю, сігнальныя сцяжкі і камуфляж.

У фінальнай версіі World of Warships будзе даступна 95 караблёў часоў Другой сусветнай вайны флатоў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі і СССР, падзеленых на 4 класы. Агульная плошча 11 мапаў, даступных для баёў, складзе без малага 17 тысяч км².

Гульня бясплатная, але дзейнічае анлайн-магазін бонусаў, што купляюцца за рэальныя грошы, але не мусяць уплываць на баланс у баі. Грошы, укладзеныя ў іншыя праекты Wargaming, могуць выкарыстоўвацца і ў «караблях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?