Па словах венгерскага прэм'ера, маральным абавязкам лідараў еўрапейскіх краін было б не даваць мігрантам лішніх надзей на тое, што ў Еўропе іх чакае добрае жыццё..
Улады Венгрыі, дзе трэці дзень доўжацца пратэсты нелегальных мігрантаў супраць спроб не пусціць іх у цягнікі ў іншыя краіны Еўрасаюза, пераклалі адказнасць за лёс мігрантаў на Германію і пастараліся апраўдаць свой падыход да вырашэння крызісу і адстаяць права ахоўваць свае дзяржаўныя межы.

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан патлумачыў, што такім чынам абараняе еўрапейскі прынцып свабоды перамяшчэння, які апынуўся пад пагрозай з-за нечуванага наплыву мігрантаў, і сказаў, што шмат у чым цяперашні крызіс з'яўляецца праблемай Германіі, а не астатніх краін Еўрасаюза.
Кіраўніцтва Еўрасаюза тым часам заклікала еўрапейскія краіны прыняць яшчэ больш бежанцаў.
«Гэта праблема не еўрапейская, а нямецкая. Ніхто не хоча заставацца ў Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Эстоніі. Усе хочуць у Германію. Наша праца палягае толькі ў тым, каб іх зарэгістраваць», — сказаў Орбан пасля сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі ў Бруселі.
Па словах Орбана, Венгрыя да 15 верасня выканае ўсе свае абавязацельствы і абароніць свае знешнія межы: «Мы прынялі новы пакет законаў, мы стварылі неабходныя фізічныя загароды».
Орбан заклікаў і іншыя краіны ЕС больш адказна падысці да праблемы мігрантаў. Па словах венгерскага прэм'ера, маральным абавязкам лідараў еўрапейскіх краін было б не даваць мігрантам лішніх надзей на тое, што ў Еўропе іх чакае добрае жыццё.
Каментары