Хто тыя людзі, якія выходзяць на плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай? На гэтае пытанне адказвае вядомы рэжысёр Сяргей Лазніца ў фільме «Падзея», прэм'ера якога адбудзецца на Венецыянскім кінафестывалі, які адкрыўся ўчора, паведамляе Радыё «Свобода».

Стужка сабраная з чорна-белых плёнак, што захоўваліся ў архіве Ленінградскай студыі дакументальных фільмаў. Аператары здымалі горад у дні путчу 1991 года.

Гэта былі тры выдатныя дні безуладдзя. Загады ГКЧП у Ленінградзе не выконваліся, войскі ў горад не ўвайшлі, ніхто нічога не захопліваў і ні ў каго не страляў. Бунт скончыўся перамогай паўстанцаў, азадачаных тым, што ўлада сама ўпала да іх у рукі, і якія не ведалі, як ёю распарадзіцца.

— «Падзея» — гэта фільм пра расейскі Майдан, пра Майдан, пра які Расея забылася ці, дакладней, яе прымусілі забыцца. Можна сказаць, што фільмы «Майдан» і «Падзея» — гэта дылогія, бо дзве рэвалюцыі падобныя? Хоць расейскі Майдан быў вельмі нясмелым, без кактэйляў Молатава, але ўсё-ткі быў, — сказаў Сяргей Лазніца.

Нагадаем, у 2014 годзе рэжысёр здымаў рэвалюцыю ў Кіеве, і ягоны фільм «Майдан» стаў калектыўным партрэтам яе ўдзельнікаў. Раней Сяргей Лазніца прадэманстраваў стужку «У тумане» паводле аповесці Васіля Быкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0