Яна сказала, што на пасяджэньні ЦВК, якое заплянаванае на 10 верасьня, будзе рэкамэндаваць калегам зарэгістраваць усіх чатырох у якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта. Пры ўмове, што самі прэтэндэнты пажадаюць працягваць выбарчую кампанію.

Яна патлумачыла, што кандыдаты павінны напісаць заявы пра сваё жаданьне балятавацца і здаць поўны камплект неабходных дакумэнтаў. Пакуль, удакладніла Ярмошына, гэта зрабілі толькі Сяргей Гайдукевіч і Тацяна Караткевіч.

А адмова ад заявы ці няпоўны камплект дакумэнтаў — падстава для адмовы ў рэгістрацыі.

Што тычыцца яшчэ чатырох прэтэндэнтаў — Цярэшчанкі. Лябедзькі, Калякіна і Раманоўскай — будзе прынятая агульная пастанова, што кожны зь іх не набраў неабходныя 100 тысяч сапраўдных подпісаў.

«Я думала, што і Лябедзька з Калякіным зьбяруць па 100 тысяч. І не спадзявалася, што такая гісторыя адбудзецца зь Цярэшчанкам. Мне падавалася, што сёлета будзе сцэнар 2010 году і абставіны складуцца падобным чынам, як тады».

Старшыня ЦВК паведаміла, што досыць высокі працэнт несапраўдных подпісаў быў у Мікалая Улаховіча — дзесьці 13,8%. А 15% ужо даюць права здымаць кандыдата з выбарчай гонкі.

Улаховіч страціў 10 тысяч подпісаў. Па дзьве тысячы адмінусавалі ў Гайдукевіча і Караткевіч. Нават у Лукашэнкі знайшлі 7,5 тысячы несапраўдных подпісаў. Але ў яго подпісаў вельмі шмат.

Трэба сказаць, што ў выпадку, калі Тацяну Караткевіч 10 верасьня зарэгіструюць, то гэта будзе першым выпадкам удзелу кандыдата-жанчыны ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Ярмошына ўдакладніла, што некаторыя блытаюць, калі кажуць, што ў 2001 годзе балятавалася Натальля Машэрава.

Ініцыятыўную групу спадарыні Машэравай тады зарэгістравалі. Але літаральна празь некалькі дзён пасьля гэтага Машэрава падала заяву, у якой паведаміла, што ня будзе зьбіраць подпісы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?