Расійскае інфармацыйна-аналітычнае агенцтва Content Review параўнала цэны на мабільны інтэрнэт у 50 краінах свету з найбольшым ВУП. Нечакана, але самы танны інтэрнэт знайшоўся ў Іране — краіне, што дагэтуль лічыцца ворагам інтэрнэту. На другім месцы Пакістан, на трэцім — Расія (таксама вораг інтэрнэту).

Тры гігабайты мабільнага інтэрнэт-трафіку (прыкладна столькі сёлета ў сярэднім спажывае абанент) каштуюць у іранскага аператара Hamrah-e-Avval прыблізна 10 500 беларускіх рублёў, у расійскага Мегафона — 91,7 тысяч. З беларускіх аператараў самая танная прапанова ў life:) — 46,8 тысяч за 3 Гб.

Беларусь не трапіла ў даследаванне праз малы ВУП. У 50-й па гэтым паказніку краіне, Венесуэле ВУП на 2014 год складаў 205,7 млрд даляраў, у Беларусі на канец 2014 года — 76,14 млрд.

Калі падставіць у рэйтынг прапанову life:), то Беларусь пацясніць Расію і зойме другое за Іранам месца. У іншых аператараў цэны вышэй — пакет на 3 Гб каштуе ў velcom 96,9 тысяч (для некаторых тарыфаў 124,9 тысяч), а ў МТС каштаваў бы каля 69 тысяч (аператар прапануе пакеты на 2 і 4 Гб за 60 і 78 тысяч адпаведна).

У даследаванні Content Review сусветны лідар па ВУП, Злучаныя Штаты, займае толькі 33-е месца з 417,6 тысяч за 3 Гб мабільнага інтэрнэту ў Verizon. Кітайскі China Mobile на 19-м месцы з 290 тысячами за 3 Гб, Японія на 47-м месцы з 726,5 тысяч у NTT DoCoMo, антылідар рэйтынгу — Алжыр з 1,58 млн за 3 Гб у Djezzy.

Даследчыкі разглядалі толькі самастойныя інтэрнэт-пакеты, што далучаюцца да бягучага асноўнага тарыфу без уліку ўключанага ў тарыф трафіку. Гэта можа крыху заблытаць чытача — менавіта столькі абанент не заплоціць (ды і цэны на стацыянарны інтэрнэт вельмі адрозніваюцца ад мабільнага).

Напрыклад, у life:) каб падключыць сабе 3 Гб, трэба плаціць за любы асноўны тарыф (мінімальны, XS, каштуе 28,8 тысяч на месяц). Гэта значыць, мінімум за 3 Гб мабільнага інтэрнэту давядзецца заплаціць 75,6 тысяч.

У velcom ёсць тарыф Smart 3, дзе разам з бясплатнымі хвілінамі і безлімітам на любімыя нумары прапануецца 3 Гб трафіка за 149,9 тысяч, але па акцыі — 74,95). У МТС мінімальны тарыф для 3G-мадэмаў (без тэлефанаванняў) — 61,5 тысяч за 4 Гб. Правайдары хатняга інтэрнэту ў асноўным не прапануюць лімітаваныя па трафіку тарыфы, а тым больш настолькі маленькія. Але, напрыклад, у byfly архіўны тарыф на 3 Гб каштуе 48 тысяч на месяц (самы танны з актуальных — 75,9 тысяч за 10 Гб).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?