Гаворка ў публікацыі радыё «Рацыя» ішла пра перавод беларускамоўных вучняў у класы з рускай мовай навучання. Мы патэлефанавалі у 32-ю і 34-ю школы Гродна і паспрабавалі высветліць, ці так гэта насамрэч.

Намесніца дырэктара па вучэбнай працы 34-й школы паведаміла, што толькі ў чацвёртым і пятым класе вучняў аб'ядноўваюць з рускамоўнымі класамі. «Але толькі па некалькіх прадметах — працоўнае навучанне, фізкультура і беларуская мова».

Па першых прадметах няма магчымасці арганізаваць навучанне на мове, а па самой мове — няма розніцы ў праграме.

Статыстыка беларускамоўных класаў 34-й школы:

  • 1 «Д» клас — 4 вучні
  • 2 «Е» клас — 4 вучні
  • 3 клас — 4 вучні навучаюцца разам з рускамоўным класам, але асноўныя прадметы выкладаюцца ім па-беларуску
  • 5 клас — 3 чалавекі

У 32-й школе нам паведамілі, што ў 1-ы клас з беларускай мовай навучання яны набралі 5 чалавек.

Мы патэлефанавалі і начальніку гарадскога аддзела адукацыі Сяргею Ламека для ўдакладнення інфармацыі. «Так, сапраўды ў 1-м класе 32-й гімназіі вучыцца 5 чалавек, і, наколькі я памятаю, у 2-м класе вучыцца 9 чалавек. У 4-м і 6-м класе вучыцца па адным чалавеку у класе з рускай мовай навучання, але асноўныя прадметы выкладаюцца ім па-беларуску».

Таксама Сяргей Васільевіч дадаў, што, акрамя дзвюх названых школ, у 7-й гімназіі па-беларуску вучыцца 1 чалавек, а ў 10 гімназіі — 3 чалавекі.

Насамрэч, гэта прагрэс, а не рэгрэс. Яшчэ 6 гадоў таму набор у беларускамоўныя класы ў Гродне зусім не ішоў. Цяпер жа расце колькасць бацькоў, якія выбіраюць дзецям беларускую мову навучання.

Нагадаем, што за апошняе дзесяцігоддзе невялічкія асяродкі беларускамоўнага школьніцтва з'явіліся таксама ў Брэсце, Баранавічах, Магілёве. Там яны трымаюцца на энтузіязме бацькоў і дзяцей. У той жа час у Мінску вось ужо дзясятак гадоў паспяхова дзейнічае 8 беларускамоўных гімназій і школ, а ў Барысаве — беларускамоўная гімназія.

Чытайце яшчэ: Беларускамоўныя школы і класы Мінска ды іншых гарадоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?