Глыбокае ніколі не пагодзіцца, што Полацк, як «старэйшы брат», «валявым рашэннем», забраў у Глыбоцкага раёна «Цэнтр Еўропы» ды адзначыў яго ў сябе, і нідзе-небудзь, а ў самым цэнтры горада, побач з гатэлем Дзвіна. А што ёсць у тым глыбоцкім «Цэнтры Еўропы»? Пяць азёраў, з якіх самае вялікае возера Глыбоччыны – Шо (па-шведску «Шо», проста –»Возера», сам Стэфан Эрыксан мне, асабіста, пацвердзіў!), самае глыбокае возера Беларусі – Доўгае, найчысцейшае возера краіны – Белае, а наўпрост, побач – Галубіцкая пушча. І адзін з найвялікшых камянёў Беларусі!

Нашая глыбоцкая БАЖаўская суполка – лёгкая па пад’ём. Варта кінуць нейкі кліч, напрыклад – «Едзем у Себеж!» – як ад ахвотных няма адбою.

І тут, раптам, усе згадалі, што яшчэ не бачылі самы вялікі камень Глыбоччыны, да якога даўно збіраліся даехаць. Ляжыць ён у «Цэнтры Еўропы», на самым ускрайку Галубіцкай пушчы, ля самага празрыстага возера Беларусі – Белага. Само возера – гідралагічны заказнік, эталоннае па чысціні возера. Праз возера некалі праходзіла мяжа Віленскай і Віцебскай губерняў, а з 1921 па 1939 гг — польска-савецкая мяжа, а сёння, па тым самым месцы, — мяжа Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў.­­ Большая частка возера — глыбоцкая, меншая — ушацкая.

Нашым правадніком стаў Віктар Жаваранак, жыхар вёскі Хралы, кіроўца аўтамабіля Псуеўскага лясніцтва, якое з’яўляецца структурай «Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута леса НАН Беларусі» (г.п. Падсвілле). Не ў кожным жа лясгасе ёсць такі кіроўца са здольнасцямі краязнаўцы і экскурсавода!

Віктар, усё жыццё, марыў знайсці месца спачыну Паўла Палчынскага, камандзіра польскай заставы Каменны Воз, які 17 верасня 1939 г на досвітку прыняў няроўны бой з ордамі чырвонаармейцаў, што перайшлі дзяржаўную мяжу. Ён паклаў з кулямёта пад шэсць дзясяткаў парушальнікаў мяжы. І сам загінуў… Усе пасляваенныя дзесяцігоддзі, у гэтым наваколлі, ён быў легендай для людзей сталага веку. Менавіта Віктар і знайшоў парэшткі польскага афіцэра, калі пры ўстройстве пажарабяспечнай паласы ў пушчы, недалёка ад падмуркаў колішняй заставы Каменны Воз, агаліліся чалавечыя косткі. Парэшткі Паўла Палчынскага 17 верасня 2011 г, з удзелам мясцовай улады і прадстаўнікоў польскай амбасады, былі ўрачыста перапахаваныя ў Глыбокім на цвінтары Копцеўка, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, што загінулі за адраджэнне 2-й Рэчы Паспалітай.

– Па дарозе да камяня, я пакажу вам, плантацыі яліны еўрапейскай,– кажа Віктар. – Наша беларуская яліна звычайная, у сувязі са зменай клімату, знікае. Усё далей адыходзіць на Поўнач. Праз колькі дзесяцігоддзяў яе ўжо можа і не быць. У замену наступаюць шырокалісцевыя лясы. Нашу яліну мусіць змяніць яліна еўрапейская.

І, сапраўды, з вокнаў мікрааўтобуса спрэч адкрываліся краявіды, дзе на месцы колішніх высечак хвойных пародаў ужо густой сцяной — у рост чалавека, а то і два, узнімаліся маладыя дубравы. Яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму такога не назіралася. Спілавалі лес, пасадзілі ізноў сосны ці яліны. Цяпер жа ў цені хвояў і ялінаў чакае свайго часу густы падлесак з самасеву дубоў. І гэты час настае, калі спілавалі чарговую дзялянку лесу…

  «Готыка» пасадак яліны еўрапейскай

«Готыка» пасадак яліны еўрапейскай

Прыехалі. Прыгожы яловы бор. Выразныя шэрагі і лініі ялінаў – гэты бор пасаджаны чалавекам. Вялікі банэр паведамляў, што гэта — @Лясны генетычны банк яліны еўрапейскай плошчай 15,5 га. Гады стварэння 1982-1987».

Схема размяшчэння пасадак яліны еўрапейскай розных гадоў

Схема размяшчэння пасадак яліны еўрапейскай розных гадоў

Шаты дрэваў змыкаюцца уверсе. Тунель! І свет – у канцы тунеля. У «тунелях» – ніякай травы, толькі ігліца. Месцамі – зялёны мох.

— Сапраўднае баравіковае месца! — кажу Віктару.

– Так! Усім хапае! Толькі ў гэтым годзе засушыла, ніякіх грыбоў няма.

Святло ў канцы тунеля. Маргарыта – дачка відэажурналіста Леаніда Юрыка.

Святло ў канцы тунеля. Маргарыта – дачка відэажурналіста Леаніда Юрыка.

– А чым радыкальна адрозніваецца нашая абарыгенная яліна ад яліны еўрапейскай? Я не бачу, пакуль ніякай розніцы! Тыя ж іголкі, такі ж ствол… Ну, хіба, сілуэт больш «гатычны»,– кажу Віктару.

– Ну, каб не адрознівалася, то не прыязджалі б сюды экскурсіі цэлымі аўтобусамі. І немцы прыязджалі, і палякі… Адмыслоўцы ў лясной гаспадарцы!

Да самага вялікага камяня Глыбоччыны трэба было яшчэ прайсці метраў 300.

– Ты ж, Віця, не завядзі нас да «бальшавікоў» (то бок ва Ушацкі раён)! – жартую я. – Нам важна, каб гэты камень, рэальна, ляжаў на Глыбоччыне!

– Гарантую, што гэты камень не ляжыць у «бальшавікоў», ён – наш!

Самае месца – для баравікоў! Сёлета засушыла, няма!

Самае месца – для баравікоў! Сёлета засушыла, няма!

Пасадкі, раптам, скончыліся і паўстаў зусім іншы лес. Яліны «нашыя» — нейкія куртатыя, не пухнатыя, уперамешку з арэшнікам, бярозай і рабінай. Пачалі пад нагамі трапляцца шматлікія камяні. Нібыта гэтую частку леса нехта наўмысна забрукаваў. Калі не быць пільным, не глядзець пад ногі, то можна і спатыкнуцца. Цяжка ацаніць памеры гэтых камянёў, бо зверху, над зямлёй, выступаюць яны ўсяго на некалькі сантыметраў…

  Гэта – ужо нашая звычайная беларуская яліна

Гэта – ужо нашая звычайная беларуская яліна

Прыйшлі. Камень, сапраўды, уражвае сваімі памерамі! Вылазіць на паверхню са схіла невялікага пагорка. А колькі яго можа быць схавана ў нетрах зямлі?

Абачліва ўзялі з сабой рулетку. Памерылі: даўжыня – 6,10, папярок – 4,00, увышыню – 2,90. Але гэта – бачныя памеры. Закладзены побач шурф глыбінёй пад 70 см, сведчыць – няма ніякіх прыкметаў, што скончылася вышыня камяня. Хто ведае, мо тая вышыня, насамрэч, большая за шырыню?

Самы вялікі камень Глыбоччыны!

Самы вялікі камень Глыбоччыны!

Камень, некалькі гадоў таму, выдадкова знайшлі леснікі. Чаму яго не ўбачылі раней? Ну, напрыклад, польскія жаўнеры КАПа. Ды ўсё проста! Камень шчыльна пакрыты зялёным мохам, а мохам пакрыта тут і зямля. Здагадайся! Віктар агаліў камень ад моха і яго цяпер могуць паглядзець усе ахвотныя ў тым ліку і экскурсанты, нават замежныя.

Між тым аўтару гэтых радкоў, не давала спакою адно пытанне: «Чым, усё ж, адрозніваецца нашая беларуская абарыгенная яліна – ад яліны еўрапейскай?»

Патэлефанаваў старому знаёмаму Аляксандру Красілевічу, біёлагу па адукацыі, які некалі быў экскурсаводам па «Цэнтру Еўропы».

  Робім замеры

Робім замеры

Калі аўтар гэтай нататкі «памешаны» на замках, палацах, цэрквах і касцёлах, то ён – на біялогіі.

Аляксандр, неяк, апавядаў, як закідваў у возера Белае спінінг і даставаў з глыбіняў мох фанціналіс [(Fontinalis antipyretica) яго часта выкарыстоўваюць у акварыумах)] і паказваў яго школьнікам, якія прыехалі на экскурсію. Жыве тут – па словах Аляксандра – качка гогаль, якая гняздуецца … на дрэвах! А колькі ўжо чырвонакніжных раслінаў! Не пералічыш!

 

– Ну, як не адрозніваецца?– пярэчыць Аляксандр. – Спецыялісты адрозніваюць! Яліна еўрапейская адрозніваецца больш паўднёвым арэалам вырастання, больш пухнатае і прыгажэйшае дрэва. Нашай яліны ўжо няма па лініі Брэст-Гомель. І ў нас, на поўначы Беларусі, яліна гіне! Нядаўна я наведаўся ў лес ля Варапаева (Пастаўскі раён). Жахлівае відовішча! Асабліва ў гэтае спякотнае лета. Стаяць сухія маладыя яліны! А іх ужо точаць жукі!

 

– Ведаю той вялікі валун! Я ж планаваў паставіць яго ў «Цэнтры Еўропы» (ля возера Шо), як памятны знак. Дамовіўся з дарожнікамі, прыгнаў тэхніку: кран, Амкадор, цягач…, хацелі заняцца пагрузкай…

  Ёсць тут яшчэ і іншыя, але меншыя камяні.

Ёсць тут яшчэ і іншыя, але меншыя камяні.

 

– І табе далі тэхніку, якая здольная была не толькі падняць камень, але і транспартаваць яго кіламетры чатыры? І хто даў гарантыю, што бачная частка, і ёсць сапраўдны памер камяня? Ці далі б вы яму рады!?

  Апавядае Віктар Жаваранак (злева).

Апавядае Віктар Жаваранак (злева).

– Мы нават не змаглі паспрабаваць! З Глыбокага патэлефанавалі: «Адбой! Не чапаць!»

А цяпер што? «Цэнтр Еўропы» – у Полацку! А нас жа тады Полацк абвінаваціў, што Глыбокае і калка ў «Цэнтры Еўропы» за восем гадоў не зачасала, то навошта тады Глыбокаму той «Цэнтр Еўропы»? І забралі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?