Сёньня 70 гадоў спаўняецца вядомаму беларускаму археолягу і гісторыку Міхасю Чарняўскаму. Ён нарадзіўся 7 сакавіка 1938 году ў вёсцы Круці Мядзельскага раёну. Быў удзельнікам клюбу вальнадумнай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973—74.

Як навукоўца, Міхась Чарняўскі вывучаў нёманскую археалягічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, дасьледаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясьцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы такіх грунтоўных выданьняў, як “Гісторыя беларускага мастацтва”, “Археалёгія Беларусі” і “Гісторыя Беларусі” ў шасьці тамах.

Кансультаваў энцыкляпэдыю “Археалёгія і нумізматыка Беларусі” і Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі.

Для папулярызацыі беларускай гісторыі Міхась Чарняўскі напісаў некалькі кніг для падлеткаў “З глыбінь тысячагодзьдзяў”, “Страла Расамахі”, “Вогнепаклоньнікі”, “Дзесяць бітваў”.

Летась Міхась Чарняўскі выпусьціў дзьве новыя кнігі «Як пошуг маланкі» і зборнік успамінаў і дакумэнтаў «Ня бойцеся ахвяраў і пакут». Кнігі распавядаюць пра Мядзельска-смаргонскае моладзевае падпольле (1947—1950) і яго кіраўніка Расьціслава Лапіцкага (1928—1950).

«Наша Ніва» пасьля выданьня гэтых кніг брала інтэрвію ў Міхася Чарняўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?