Вызваленне беларускіх зняволеных і магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан — не звязаныя паміж сабой рэчы, заявіў БелаПАН апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроці. 

«Вызваленне беларускіх зняволеных і магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі да папы не звязаныя паміж сабой. Папа асабіста ўдзельнічаў у гэтым працэсе. Мы гэтым ганарымся, бо гэта спрыяла паляпшэнню міжнародных адносін, а таксама ўмацаванню міру і гармоніі ў краіне. Я рады, што беларускае грамадства ацаніла гэтыя дзеянні папы», — адзначыў прадстаўнік Святога трона. 

Наконт магчымага візіту Лукашэнкі да папы рымскага ў верасні 2015 года апостальскі нунцый растлумачыў: «У практыцы Святога прастола не прынятыя аўдыенцыі ў папы палітычных лідараў напярэдадні надыходу ў іх краіне выбараў. У сувязі з гэтым прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не звяртаўся з просьбай аб такой аўдыенцыі найбліжэйшым часам, каб нікога не ставіць у няёмкае становішча». 

У пачатку ліпеня былы міністр замежных спраў Славакіі палітычны аналітык Павел Дземеш паведаміў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра магчымы візіт Лукашэнкі ў Ватыкан. Ён таксама прагназаваў, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць Мікалая Статкевіча. «Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да папы рымскага ў верасні гэтага года ці адразу пасля яе», — заявіў тады экс-дыпламат. 

Пра гатоўнасць Ватыкана прыняць Лукашэнку заяўляў кардынал П'етра Паролін падчас прыезду ў Мінск у сакавіку гэтага года. Паводле яго слоў, магчымасць арганізацыі такога візіту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх дзяржорганаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?