Экс-губернатар Днепрапятроўскай вобласці Ігар Каламойскі параўнаў губернатара Адэскай вобласці Міхаіла Саакашвілі з «сабакам, які кусае». Такім чынам ён адказаў на заявы Саакашвілі пра ўплыў алігарха на пасажырскія авіяперавозкі ва Украіне.
«Калі сабака без намордніка кагосьці кусае, трэба караць і сабаку, і, што важна, яе гаспадара. Сабак у такіх выпадках усыпляюць. А ў нашым выпадку можна адправіць накладзеным плацяжом у Грузію, каб ён адказаў за пакусаных там людзей», — заявіў Каламойскі ў эфіры падкантрольнага яму тэлеканала ТСН.
«Што тычыцца гаспадара, мы разумеем, хто ён», — дадаў бізнесмен.
На думку Каламойскага, кіраўнік рэгіёну павінен адказаць за свае словы грашыма. Ён намякнуў, што гатовы «сустракацца з ім у судах, адстойваць свой гонар і годнасць там, атрымліваць матэрыяльную кампенсацыю». «Саакашвілі заяўляў, што ў яго зарплата дзвесце тысяч даляраў — хай з яе плаціць», - дадаў Каламойскі.
Саакашвілі ў інтэрв'ю ўкраінскаму «5 каналу» заявіў, што ўрад Украіны кантралююць алігархі. Паводле яго слоў, прэм'ер-міністр Арсень Яцанюк адмовіўся разгледзець даклад аб кошце авіяпералётаў і дзейнасці кіраўніка Дзяржавіяслужбы Дзяніса Антанюка (ён быў адхілены пасля карупцыйнага скандалу, але ўжо вярнуўся на пасаду), бо прымае рашэнні на карысць алігархаў, напрыклад, Каламойскага і Рыната Ахметава.