На праспэкце Пераможцаў (б. Машэрава, Паркавая магістраль) неўзабаве пачнецца грандыёзная рэканструкцыя на сучасны лад, — піша «Комсомольская правда» в Белоруссии».
На ўзьбярэжжы Сьвіслачы непадалёк ад павароту на Ждановічы зьбіраюцца пабудаваць Палац шлюбаў.
«Хутчэй за ўсё, гэты палац будзе месьціцца недалёка ад берагу, а па баках ад яго будуцуь прычалы з лодачкамі, на якіх можна будзе пакатацца. Зьявіцца тут і рэстаран на вадзе ў выглядзе старадаўняга карабля, — расказаў «Камсамолцы» архітэктар Вячаслаў Яўсееў».
У палацы таксама збудуюць крамы, кавярні, рэстарацыі, крамы кветак і нават невялічкую гасьцініцу для іншагародніх маладажонаў. Побач разьмесьціцца аквапарк, насупраць яго — яшчэ адна гасьцініца.
Каля вёскі Вясьнянкі паўстане спартовы комплекс. На месцы замчышча зьявіцца Музэй старажытнага гораду. Будынак інтэрнату БДУ саступіць месца грамадзка‑гандлёваму комплексу з офісамі, крамамі й крытымі аўтастаянкамі.
Перабудуюць пад мадэрновы гатэль гасьцініцу «Беларусь», а ля ейнага падножжа зьявіцца Музэй‑форум беларускага народу.
Каля стэлы, непадалёк ад гасьцініцы «Вікторыя», пабудуюць жылы дом, а карпусы заводу халадзільнікаў прыкрыюць гандлёвымі шэрагамі, офісамі й кавярнямі.
Памяняе сваё прызначэньне й выстаўны цэнтар «Белэкспа». На ягоным месцы ў будучыні вырасьце Моладзевы цэнтар. Поруч зьявяцца новыя карпусы Цэнтру тэнісу, а ў паркавай зоне ля Сьвіслачы збудуюць вясьлярную школу.