Атрымалася па‑жаноцку натуральная і пяшчотная музыка, мяккая і спакойная, як Нарач у бязьветраны дзень. Дзе‑нідзе празь дзявочыя рамантычныя перажываньні прабіваюцца хрысьціянскія матывы («Мара»). Сацыяльная тэматыка амаль не закранаецца. Альбом «дасьпелы», хаця словы самай эратычнай песьні Тацяна пазычыла ў Натальлі Кучмель.
У тэкстах — канкрэтнасьць, жыцьцёвасьць, самапаглыбленасьць, «ідэнтычнасьць», сьціплы жаночы эратызм а‑ля Яўгенія Янішчыц. Агульны падтэкст — «Зямля не для каханьня». Таня памякчэла ў лірыцы, хаця часам зьяўляюцца рэзкія вобразы («сьляпыя кіроўцы зьбіваюць сабак»), і голас робіцца па‑прапаведніцку эмацыйным.
Хапаюся за сэрца — у дзьвюх песьнях падыграла віялянчэлістка Юля Глушыцкая, абудзіла настальгію па «Новым Небе».
Самы «дарослы» Танін альбом. Восеньская лірыка для студэнтак гуманітарных спэцыяльнасьцяў і проста дзяўчат/жанчын, якія шмат думаюць.
P.S. Адзінае пытаньне — ці не зарана Таня вырашыла «пасталець»? Бо зрабіць гэтым песьням больш сучасныя арынжыроўкі, трохі «напампаваць» эмацыйна — і быў бы неблагі тынэйджэрскі поп‑праект а‑ля Maksim. А так — «самота асобна ўзятай дзяўчыны ў вялікім горадзе» ці штось у тым жа кірунку — я не паглыбляўся.