Інвестары з ААЭ плануюць забудову на месцы НВЦ «Белэкспа» ў Мінску, паведаміў на прэс-канферэнцыі 7 верасня ў Мінску старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

Паводле яго слоў, прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве новага выставачнага цэнтра ў раёне гіпермаркета Bigzz. «У цяперашнім выглядзе «Белэкспа» ўжо не адказвае патрабаванням сучаснасці, яго існаванне на гэтым месцы ўжо не аб'ектыўнае», — лічыць кіраўнік Мінгарвыканкама. 

Інвестары з ААЭ прапануюць пабудаваць на гэтым месцы гатэль, некалькі бізнес-цэнтраў і рэстаранаў. «Адзін з забудоўшчыкаў — кампанія, якая будавала самы высокі будынак у свеце — «Бурдж-Халіфа». Яны прыязджалі, глядзелі. Яны будуць рэалізоўваць праект на гэтай пляцоўцы, а таксама часткова і ў «Мінск-Міры». Яны ўмеюць будаваць, ведаюць, што гэта такое, у іх шэраг сур'ёзных аб'ектаў па ўсім свеце. Тэрмін пачатку будаўніцтва — 2017 год», — сказаў Шорац. 

Сталічны кіраўнік таксама паведаміў пра некаторыя іншыя праекты. Так, на пытанне аб тым, што будзе пабудавана на месцы знесенага старога будынка музея Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы, Шорац адказаў: «Швейцарскі інвестар, які ўбачыў неперспектыўнасць будаўніцтва там гасцініцы, прапанаваў пабудаваць жыллё. Але мы не маглі на гэтай пайсці, мы ім адмовілі і скасавалі інвестдагавор. На сёння прапанавана некалькі канцэпцый забудовы гэтага месца. Мы лічым, што гэта павінна быць грамадская зона, дзе гараджане змаглі б адпачыць у зоне адпачынку, паглядзець мастацкія галерэі пад адкрытым небам. Гэты раён перанасычаны бізнес-цэнтрамі, ёсць вялікая праблема з паркоўкамі. Там павінна быць проста прыгожае месца адпачынку», — лічыць кіраўнік Мінгарвыканкама.

Наконт далейшага лёсу гасцініцы каля Дзяржцырка Шорац паведаміў:

«Для завяршэння аб'екта патрэбна вельмі вялікая сума сродкаў, якая выражаецца з вялікай колькасцю нулёў у доларавым вылічэнні. Наколькі мне вядома, знайшлася буйная беларуская кампанія, якая гатова выкупіць гэты праект. Я спадзяюся, што нам удасца зрушыць яго з месца. Мы зацікаўленыя, каб гэты праект быў завершаны. Ён вельмі неадназначна ацэньваецца грамадзянамі: хтосьці ўспрымае, хтосьці катэгарычна не ўспрымае. Яго трэба дарабіць і запусціць у працу». 

Чакалася, што гасцініца (першапачаткова паведамлялася, што яна будзе належаць сетцы гатэляў «Кемпінскі») будзе ўведзена ў эксплуатацыю да чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014 года. Першапачатковы тэрмін завяршэння работ — 31 снежня 2013 года — быў перанесены на 1 мая 2014 года ўказам прэзідэнта № 86 ад 21 лютага гэтага года, затым тэрмін быў перанесены да 31 снежня 2015 года. Замоўцам будаўніцтва з'яўляецца СТАА «Эліт Эстэйт» (заснавальнікі — беларускі «Трайпл» і маскоўская фірма «Сіці Эстэйт»). Дзеля гасцініцы быў знесены помнік архітэктуры, першая беларуская электрастанцыя, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?