фота Кацярыны Барысевіч, kp.by

фота Кацярыны Барысевіч, kp.by

Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу ў дачыненні да былой супрацоўніцы мясцовага аддзялення банка. Следчыя ўгледзелі прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 210 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязей Магілёўскага УУС.

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

На мінулым тыдні finance.tut.by распавёў гісторыю 92-гадовай жанчыны з Ялізава. Сутнасць гучнай справы ў тым, што з рахунку жанчыны ў Беларусбанку знікла сума каля 7,5 тысячы даляраў. Нагадаем, пенсіянерка кажа, што не чапала свае зберажэнні з таго моманту, як адкрыла дэпазіт у 2009 годзе.

Служба жа бяспекі банка паказала ёй выпіску з рахунку, з якой вынікае, што грошы ўсё ж здымаліся і не адзін раз.

Як распавядала старая жанчына журналістам раней, спачатку падазравалі, што грошы здымала супрацоўніца банка Таццяна, якая ў лютым 2015 была звольненая. Аднак, як распавяла finance.tut.by дачка Ганны Міхайлаўны, Ніна, цяпер сваю віну Таццяна адмаўляе.

Аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Асіповіцкага РАУС правяло праверку па факце незаконнага зняцця ў 2012 годзе грашовых сродкаў з укладу пенсіянеркі.

«Па звестках УБЭЗ УУС, у выніку праведзенага разбору ўстаноўлена, што сумы памерам 6800 даляраў ЗША і 700 еўра былі знятыя былой супрацоўніцай банка шляхам афармлення ад імя ўкладчыка фіктыўнага расходнага плацёжнага даручэння і расходных валютных ордараў», — гаворыцца ў паведамленні.

7 верасня 2015 г. у дачыненні да былой супрацоўніцы банка Асіповіцкім Раска заведзена крымінальная справа.

Па словах Ніны, дачкі пацярпелай пенсіянеркі, на мінулым тыдні ў пятніцу да яе маці прыходзілі следчыя для высвятлення абставінаў справы і заявілі, што праблема вырашыцца ў бліжэйшы час.

«У цяперашні час вядзецца следства. Па версіі АБЭЗ Асіповіцкага РАУС, у ходзе далейшых аператыўна-следчых мерапрыемстваў могуць быць устаноўлены дадатковыя эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці былой супрацоўніцы банка», — тлумачаць у аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Магілёўскага УУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?